Даведаліся ў дзіцячага пісьменніка, як ствараецца казка

Фото: з архіва суразмоўцы

2 красавіка мы будзем адзначаць Міжнародны дзень дзіцячай кнігі. У свеце яго святкуюць ужо больш за паўстагоддзя. Свята было ўсталявана ў 1967 годзе на Міжнародным савеце дзіцячай кнігі па ініцыятыве нямецкай пісьменніцы Йелы Лепман. Дата 2 красавіка была абрана невыпадкова: менавіта ў гэты дзень  нарадзіўся самы знакаміты ў свеце казачнік — Ганс Хрысціян Андэрсэн. Да Дня  дзіцячай кнігі прымеркавана ўручэнне Андэрсанаўскай прэміі, ладзяцца кніжныя выставы. А ў бібліятэках Беларусі напярэдадні традыцыйна праходзіць тыдзень дзіцячай кнігі. На мерапрыемствы запрашаюць сучасных  аўтараў, якія пішуць менавіта для дзяцей. Сярод  тых, у каго перадсвяточны перыяд быў асабліва насычаным творчымі сустрэчамі,  казачнік з Мінска Дзмітрый Мікалаеў. Прапануем вам шчырую размову з творцай (дарэчы, знешне ён нечым нагадвае Андэрсэна).

— Дзмітрый, раскажыце трошкі пра сябе.

— Я нарадзіўся ў Воршы. Мой дом знаходзіўся, можна сказаць, на самым беразе Дняпра. А не далёка быў лес, таму маё дзяцінства прайшло на прыродзе. Пазней нам давялося пераехаць  у Мінск, дзе  пасля школы я ўладкаваўся працаваць на завод вучнем слесара. А потым я скончыў Пінскі каледж мясной і малочнай прамысловасці. Зараз працую на Гарадскім малочным заводзе №2 нашай сталіцы наладчыкам абсталявання.

— Гэта сапраўды здзіўляе. Як і калі чалавек тэхнічнай прафесіі пачаў займацца літаратурнай творчасцю? І як гэта перарасло ў стварэнне кніг?

 — Пісаць пачаў яшчэ ў дзяцінстве. Шмат разоў дасылаў свае вершы і нарысы ў «Піянерскую праўду».

Нягледзячы на тое, што мяне так ні разу не надрукавалі, я прыкладаў усе намаганні, каб расці над сабой.

Шмат чытаў, бавіў час на прыродзе. Назіраў за тым, як мяняецца надвор’е, як сыходзіць дзень, і аб чым шапочуць зранку хвалі Дняпра… А наогул пісаць больш сур’ёзна я пачаў у 30 гадоў. Лічу, каб стаць сапраўдным пісьменнікам, патрэбна мець жыццёвы вопыт, талент і любоў да таго, што робіш.

— Чаму Вы менавіта казачнік, чаму пішаце менавіта для дзяцей?

— Па-першае, я вельмі люблю дзяцей, і мне падабаецца бачыць іх усмешкі, назіраць за тым, як яны чытаюць. А па-другое, калі я пішу чарговую кнігу, то быццам бы сам вяртаюся ў дзяцінства.  Мне здаецца, што сапраўдная, добрая і цікавая кніга, сагрэецца і натхняецца ўспамінамі з гэтай цёплай і шчырай пары нашага жыцця.

— Якое самае яркая ўражанне менавіта Вашага дзяцінства? Ці паўплывала гэта на Вашу творчасць?

— Баюся, што адзіны, найбольш яскравы,  момант з дзіцячай пары мне вылучыць будзе складана. Амаль кожны дзень у маіх успамінах непаўторны.  Зімой гэта санкі, паходы ў лес. Памятаю, як на вогнішчы ўзімку пяклі з сябрамі бульбу.  Як шукалі воўка (чамусьці вырашылі, што сляды, якія мы ўбачылі на снезе, належаць менавіта яму).

Лета — гэта вёска Стараселле Чашніцкага раёна, дзе нарадзілася мая матуля. Ведаеце, на вёсцы ніколі не бывае сумна!І час тут хоць, здаецца, і бяжыць больш павольны, але ўсё паспяваеш: і адпачыць, і дапамагчы дарослым. Зараз азірнешся назад і разумееш, як на самой справе шпарка бяжыць наша жыццё…  А так хочацца ізноў апынуцца там, дзе зусім маладая маці і ўсё яшчэ наперадзе. На жаль, гэта разумееш, калі становішся ўжо дарослым.

— Калі выйшла Ваша першая кніга і як яна называлася? Чаму прысвячалася?

— Мая першая кніга выйшла ў свет у 2019-м годзе ў выдавецтве «Беларусь» пад назвай «Павучок Проня.» Чаму менавіта Павучок? З маленства мне падабалася назіраць за ўсім жывым, і за павукамі таксама. Мне падабаліся гэтыя істоты, таму, відаць, і мая першая кніга была прысвечана прыгодам Павучка і яго сяброў. А наогул творчасць – гэта нешта надзвычайнае, і мне самому не заўсёды ясна, адкуль прыходзіць тое, што апранаецца ў літары на аркушы паперы…

— Колькі ўжо выданняў у Вашай творчай скарбонцы? І якія з іх найбольш падабаюцца менавіта Вам?

— У мяне ўжо выдадзена 5 кніг. Вось-вось павінна выйсці і шостая, рускамоўная — «Жизнь котенка Василия, или одна сплошная катаВасия». На мой погляд, атрымалася вельмі цікавая кніга з сапраўднымі прыгодамі, якія адбываюцца ў наш час. Час тэлефонаў, сацыяльных сетак… З яе дапамогай маленькія чытачы даведаюцца, дзе знаходзяцца Фарэрскія астравы,  калі марожанае бывае горкім, і як адрозніць сапраўднае сяброўства… Кожная кніга — як маленькае дзіця , таму мне складана вылучыць, якая з іх мне найбольш даспадобы. Скажу толькі, што найбольш яскравай у плане афармлення атрымалася  кніга «Прыгоды цікаўнага ваўчаняці». Выйшла яна на рускай мове пад назвай «Приключения любопытного волчонка».

— Апошнім часам Ваш інстаграм стаў беларускамоўным, і кнігі Вы таксама сталі пісаць у тым ліку і на роднай мове. Чаму?

— Я лічу, што кожны грамадзянін  Беларусі павінен ведаць родную мову. Бо яна наша, родная і самая мілагучная на зямлі. Гэта мова, на якой размаўлялі нашыя продкі. І пакуль жыве наша мова, жывыя і мы…

— Які ён, сучасны казачнік?

— На маю думку, вельмі важна рабіць у жыцці тое, што табе сапраўды падабаецца, што натхняе. Бо тады ты ўкладваеш у сваю працу ўсю душу, і вынік атрымоўваецца яркі і самабытны. Так у любой справе, а ў творчасці асабліва.

Дзіцячы пісьменнік павінен любіць дзяцей, быць з імі на адной хвалі, ведаць, чым яны цікавяцца. І безумоўна, ён павінен несці дабро, вучыць дзяцей  простаму, але самаму галоўнаму : любіць Радзіму, шанаваць бацькоў, сябраваць.

— Як нараджаецца казка?

— Кожны раз па-рознаму. Напрыклад, аднойчы мая дачушка Арына папрасіла мяне напісаць казку пра яе любімую цацку — чырвонага Кракадзільчыка. Так з’явіўся твор «Кракадзільчык Кавунчык і зорны вадаём». Гэтая гісторыя стала часткай кнігі «Прыгоды дзяўчынкі Алены»…

— Ці не перашкаджае казачны свет рэальнаму?

— Казачны свет асаблівы і непаўторны. І ён ніяк не можа перашкаджаць рэальнаму жыццю. Наадварот, ён дапамагае жыць. Дае новыя пачуцці і прымушае рухацца наперад.  Калі бачыш на чарговай творчай сустрэчы радасныя дзіцячыя вочы і чуеш звонкі смех, то хочацца жыць, тварыць. Бо перад тваімі вачыма будучыня — тыя, хто застанецца пасля нас.

— Што Вы можаце сказаць пра сучасных маленькіх чытачоў і што параілі б іх бацькам?

— Сучасныя дзеці не так ужо і адрозніваюцца ад нас саміх у дзяцінстве. Ім таксама падабаюцца прыгоды, неверагодныя падзеі і цікавыя ідэі. Яны трохі разумнейшыя за нас, але гэта і добра, бо час не стаіць на месцы, і трэба рухацца наперад і нам і ім. А бацькам хачу параіць часцей размаўляць са сваімі дзецьмі — пра ўсё на свеце. Гэта не толькі вельмі важна, але і цікава. Чытайце ім кнігі на нач і займайцеся разам спортам.

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59