Даведаліся, якіх паляпшэнняў жадаюць пасажыры маршрутак

Рэзананснае дарожна-транспартнае здарэнне ў Смалявіцкім раёне наўрад ці пакінула кагосьці абыякавым. Яно абудзіла непадробленую зацікаўленасць шырокіх колаў пасажыраў у выкананні кіроўцамі маршрутных таксі Правіл дарожнага руху і тэхнікі бяспекі перавозак. Дзеля выяўлення першасных меркаванняў карыстальнікаў транспартных паслуг мы правялі бліц-апытанне на адной з вуліц Мінска, вядомай сваім рухам як гарадскіх, гэтак і прыгарадных маршрутак.
Спачатку пацікавіліся задаволенасцю працай маршрутных таксі. Першай нашай суразмоўцай стала пенсіянерка, што назвалася Ганнай. Яна сціпла заўважыла: «Па тым, як яны ходзяць, то нармальна». З прычыны рэдкага выкарыстання кабета адзначыла адсутнасць прыкметных парушэнняў ПДР і тэхнікі бяспекі. Разам з тым, Ганна падкрэсліла:
— На мой погляд, вельмі цесна. Асабліва зараз у сувязі з эпідэміяй не развярнуцца. Усе дыхаюць адным паветрам. Таму ў гэтым плане маршрутка мяне не задавальняе».
Заўваг да тэхнічнага стану маршрутак жанчына не выказала. Агульнае ж нараканне выклікаў невялікі аб’ём самога транспартнага сродку. Урэшце суразмоўца выказала здагадку, што маршрутнікам не будзе выгадна павялічыць колькасць маршрутаў, бо тады ўпадзе напаўняльнасць кожнай машыны.
На перагружанасць паскардзіўся і сталы мужчына, які назваўся Міхаілам. Разам з тым, пасажыр заявіў, што яны патрэбныя абавязкова І тут жа адмоўна адказаў на пытанне, ці выконваюць кіроўцы правілы бяспекі:
— Не, абсалютна. Парушаюць хуткасны рэжым. Гэта асноўная прычына ДТЗ, і ніхто не прышпільваецца.
Сярод станоўчага суразмоўца адзначыў такія перавагі маршрутак, як камфорт і дагледжаны тэхнічны стан.

У апытанай маладзіцы, якая пажадала застацца неназванай, хоць і пагадзілася на здымак з сяброўкай, склалася даволі ўзважанае меркаванне па агульнай працы маршрутак:
— У цэлым я задаволеная. Зразумела, што бываюць дарожныя коркі. Але я стаўлюся да гэтага з разуменнем, таму аддаю перавагу паездкам маршруткай перад аўтобусам, хоць тое і крыху даражэй.
Дзяўчына прызналася, што мае пасведчанне кіроўцы, і выказала прыхільнасць якраз да хуткасці маршрутак, бо не трапляла ў адпаведныя дарожна-транспартныя здарэнні. Таксама юная кіроўца заўважала магчымасць прышпіліць рамяні бяспекі ў маршрутках, але пры гэтым згадала пэўную нязручнасць, калі едзеш толькі пару прыпынкаў у горадзе. У міжгародніх паездках яна адзначыла большую адказнасць кіроўцаў:
— Мне нават казалі прышпіліцца. І напэўна, гэта правільна!
Што да ўтульнасці інтэр’еру маршрутных таксі, то маладая суразмоўца заўважыла: «Я пераважна езджу па праспектах, таму мяне ўсё задавальняе, бо ёсць магчымасць прысесці, а ў аўтобусах не так».
Наступнай сваё меркаванне выказала кабета, якая назвалася Аленай. Яна адзначыла, што рэдка карыстаецца маршруткамі, таму, мабыць, і задаволеная. Разам з тым, пасажырка паскардзілася, што мала саміх маршрутак:
— Я езджу ў Заслаўе на лецішча каля воінскай часці і маршрутаў не стае.
Найбольш змястоўным апынуўся адказ мужчыны, які праявіў клопат пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі:
— Прапанова: для інвалідаў ІІ групы ўвесці праезд за паўцаны, як было ў некаторых краінах, у тым ліку суседніх.
Што да бяспекі руху ў сувязі з рэзанансным здарэннем, то суразмоўца выказаў меркаванне пра надзейнасць маршрутак: «Хутчэй там быў вынятак з правіла, які пацвердзіў само правіла». Разам з тым ён згадаў:
— Магчымасці прышпіліцца не было, колькі б я не ездзіў! Агулам жа пасажыр выказаў поўную задаволенасць і тэхнічным станам маршрутак, і іх камфортам.
Кабета ў паважных гадах, якая назвалася Ларысай, выказала найбольшую задаволенасць працай маршрутнага таксі. Пры гэтым яна дадала, што не бачыла магчымасці скарыстаць рамяні бяспекі ў такім відзе транспарту як у Беларусі, гэтак і ў іншых краінах. Агульнае ж пажаданне тычылася самой якасці паслуг перавозак:
— Хацелася б, каб усё было новае і камфартабельнае. Але тое, што яны існуюць, гэта вялікая дапамога для мяне.

Іншая кабета, хоць і не згадала свайго імя, але пагадзілася на здымак, прыгадала ўласны досвед:
— Яны абганяюць вельмі шпарка. Адсутнічаюць рамяні бяспекі. Па месцах нармальна, як я езджу да маці ў Віцебскую вобласць. Толькі што рызыкуюць, вядома.
З прыемнага яна ўзгадала, што маршруткі ніводнага разу не ламаліся. Найбольшае абурэнне выклікаў прыватны выпадак, калі тэлефанаваў кіроўца, каб падабраць: «Якраз размаўляла з мужам і не магла пераключыцца праз важнасць размовы. Кіроўца мне ператэлефанаваў і нагрубіў так, што не хацелася ехаць».

Урэшце, удалося натрапіць на рослага пасажыра, што пагадзіўся на ананімны здымак і падзяліўся ўласным жыццёвым перажываннем у сувязі з небяспечным абгонам:
— Гады тры таму я ездзіў да сябра на вёску ў Петрышкі пад Заслаўем. Была аднапалосная дарога і маршрутчык ехаў пасярод, бо калдобіны. Гэта было жудасна, бо была поўная маршрутка. Я ехаў стоячы. І нават у міжгародніх маршрутках адсутнічаюць рамяні бяспекі.
Сярод іншага, мужчына прыгадаў пэўную нязручнасць маршрутак, як такіх, пры сядзенні праз свой высокі рост:
— Каленкі не змяшчаюцца. У такім разе адчуваеш любы каменьчык на дарозе. Ёсць пытанні наконт кандыцыявання паветра. Пры мне ў 2019 і 2021 гадах дзяўчынам станавілася млосна ўлетку. Таксама і людзі сталага ўзросту адчувалі сябе непрыемна.
Як бачым, меркаванні наконт бяспекі і ўтульнасці разыходзяцца ў залежнасці ад досведу апытаных. Некаторыя з іх з цягам часу вырашаюцца. На дзіва, найбольш пашыранай заўвагай апынуўся не абгон па сустрэчнай, але адсутнасць рамянёў бяспекі. Разам з тым, пэўная частка пасажыраў не выказвала турботы з гэтай нагоды. З іншага боку, варта адзначыць развітасць унутранага рынку пасажырскіх перавозак, які дагаджае шматлікім апытаным. Назіраецца хутчэй запыт на далейшае павелічэнне прапановы на гэтым рынку, каб забяспечыць лепшыя ўмовы для зручнасці пасажыраў, у якія беспадзельна ўваходзіць і тэхніка бяспекі руху.
Подписывайтесь на наши соцсети, чтобы узнать первыми обо всем, что происходит в Беларуси и мире: Telegram | Instagram | ВК | TikTok | OK | Дзен
Рекомендуем



