Generic selectors
Exact matches only
Search in title
Search in content

Форум маладых паэтаў Міншчыны адбыўся ў Лагойскiм раёне

Форум маладых паэтаў Міншчыны адбыўся ў Лагойскiм раёне
Фото: Минская областная библиотека

У Лагойскім раёне адбыўся заключны этап абласнога форуму маладых паэтаў Міншчыны «Слова Купалы да творчасці кліча». На гэты раз ён быў прысвечаны 140-й гадавіне з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры, расказалi ў Мінскай абласной бібліятэкі імя  А.С.Пушкіна.  

34 аматары паэтычнага слова з 14 раёнаў вобласці змагаліся за прызавыя месцы ў творчым конкурсе. Папярэдні адбор адбыўся на ўзроўні раённых бібліятэк. Затым вершы маладых паэтаў ацанілі члены журы на чале са старшынёй Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандрам Карлюкевічам. Дыплом за І месца атрымала Анастасія Грыбовіч з Мядзельскага раёна. Дыпломамі за ІІ месца ўзнагароджаны Аляксандра Тужыкава з Мінскага раёна і Дар’я Грыбовіч з Мядзельскага раёна. Дыпломамі за ІІІ месца ўзнагароджаны Кацярына Палітаева з Мінскага раёна і Аліна Шакаль з Дзяржынскага раёна.

Форум стартаваў ад Мінскай абласной бібліятэкі імя  А.С.Пушкіна. Удзельнікі, што прайшлі папярэдні адбор, а таксама члены журы і арганізатары мерапрыемства накіраваліся ў падарожжа па Купалаўскіх мясцінах. Па дарозе на Лагойшчыну вучоны сакратар Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы Галіна Варонава расказвала маладым паэтам Міншчыны гісторыю стварэння вядомых твораў класіка беларускай літаратуры.

У весцы Харужанцы Лагойскага раёна ўдзельнікаў форуму гасцінна сустрэлі прадстаўнікі аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі Лагойскага райвыканкама. Затым адбылося ўскладанне кветак да помніка Янку Купалу ў філіяле Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы «Акопы». Падчас інтэрактыўнай экскурсіі па экспазіцыях музея ўдзельнікі форуму даведаліся пра цікавыя факты з жыцця і творчасці песняра, разгадвалі рэбусы, танцавалі і спявалі беларускія прыпевы, якія развучыла з маладымі паэтамі народны майстар Алена Гурэцкая.

Праграма форуму была інфармацыйна насычаная і вельмі разнастайная. У Мастацкай галерэі Сяргея Давідовіча ў Лагойску адбыўся майстар-клас, які з юнымі паэтамі правялі члены журы, адметныя майстры беларускага слова: Леанід Крыванос – пісьменнік, паэт, публіцыст, старшыня Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі; Віктар Шніп – намеснік дырэктара выдавецтва «Мастацкая літаратура», галоўны рэдактар часопіса «Полымя», паэт, празаік, перакладчык, лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай літаратурнай прэміі Рэспублікі Беларусь, член Саюза пісьменнікаў Беларусі;  Ірына Карнаухава – кіраўнік народнага клуба кампазітараў і паэтаў Мінскай вобласці «Жывіца» Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці, пісьменніца, паэт, член Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Усе ўдзельнікі семінару чыталі свае вершы, дзяліліся творчымі ідэямі, атрымлівалі парады ад членаў журы.

Вечар творчага майстэрства прадоўжыўся ў Лагойскім раённым цэнтры культуры. Фінальным акордам форуму «Слова Купалы да творчасці кліча» стала свята паэзіі «Не загаснуць зоркі ў небе».  Адкрыла свята начальнік аддзела культуры галоўнага ўпраўлення культуры Мінаблвыканкама Таццяна Краўчонак. Яна накіравала словы прывітання маладым паэтам Міншчыны і пажадала юным майстрам паэтычнага слова новых творчых вяршынь і поспехаў. Пераможцам і ўдзельнікам літаратурнага конкурсу ўручылі дыпломы і сувеніры. Са сцэны гучалі віншаванні і музычныя падарункі ў выкананні артыстаў раённага цэнтра культуры. А Пухавіцкі народны тэатр прадставіў усім гледачам урыўкі са спектакля па п’есе Янкі Купалы «Раскіданае гняздо».

Арганізатарамі форуму маладых паэтаў Міншчыны ў гэтым годзе сталі галоўнае ўпраўленне культуры Мінскага аблвыканкама, ДУ «Мінская абласная бібліятэка імя А.С. Пушкіна», Лагойскі райвыканкам, «Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы».

Намеснік дырэктара Мінскай абласной бібліятэкі імя А.С. Пушкіна Наталля Белавушка адзначыла: «Сёлетні форум – гэта важны крок да адраджэння шматгадовай традыцыі, якая па аб’ектыўных прычынах спынілася ў 2017 годзе. Гэта вельмі сімвалічна, што мы вяртаемся да нашых паэтычных вытокаў у юбілейны год – 140-годдзе з дня нараджэння вялікага песняра Беларусі. Сёння мы пераканаліся, якія таленавітыя паэты ў хуткім часе гучна заявяць пра сябе ў літаратурнай прасторы, бо слова Купалы жыве і будзе клікаць да творчасці яшчэ не адно пакаленне маладых паэтаў».

Подписывайтесь на наш Telegram-канал Минская правда|MLYN.by, чтобы не пропустить самые актуальные новости!

Рекомендуем