Ці танней каштуюць парасоны ў суседніх краях

На двары ўсё цяплей, але ападкаў ад таго не меней. На тое ён і сакавік, што сокам напаўняюцца і дрэвы, і хмызнякі, і іншая падножная зеляніна. Разам з тым, чалавеку той паліў зусім недарэчы. Таму на дапамогу прыходзяць парасоны, якія вынайшлі прынамсі тысячу гадоў да нашай эры для абароны ад… сонца.
Мы пацікавіліся найбольш даступнымі цэнамі на гэтую зручнасць не толькі на айчынным рынку, але і ў суседніх краінах, з якіх і пачалі. Пры гэтым аддавалі перавагу параcонам аднатоннага матавага адцення ў форме кія пры складанні дзеля іх параўнальна большай доўгатрываласці. Сярод іншага, нас заінтрыгавала сама магчымасць бачыць прапанову адпаведнага тавару ў больш як адным чорным колеры.

Латвія
Рушым на поўнач, дзе знаходзім парасон за 17 еўра, або 51 беларускі рубель. Варта адзначыць, што гэткі сябар аматараў шпацыру пад дажджом прадавалі са зніжкай звыш паловы ад цаны, што можна лічыць кароткачасовай прапановай.
Літва
У выніку меншай прапановы адпаведнага тавару на паўночным захадзе ўдалося натрапіць на распродажнае паніжэнне ў цане на больш як 40%, але толькі да 33,55 еўра, або 100,73 рубля. Вось да чаго вядзе меншая канкурэнцыя на рынку краіны, параўнальна большай паводле насельніцтва за папярэдніцу ў спісе.
Польшча
У заходнім кірунку таксама не абышлося без зніжак, хоць і шматкроць меншых. У выніку цана ўпала да 47 злотых або 30 рублёў. Праўда, на самім сайце адразу пад цэтлікам значыўся кошт дастаўкі ў 12 злотых, што ўздымала канчатковую цану да 59 злотых або 37,6 рубля.

Расія
На ўсходніх прасторах цэны на парасон-кій пачыналіся ад 820 расійскіх рублёў або 30,76 беларускіх. Тут ужо абышлося без абавязковага збору за дастаўку.
Украіна
На паўднёвых абшарах мы натрапілі на зніжку звыш 30%, пасля якой цана на адпаведны парасон апусцілася да 248 грывень або 19 беларускіх рублёў. Разам з тым, адразу пад цэтлікам значылася дадатковая плата за дастаўку ў 98 грывень, што даводзіла канчатковую цану да 346 грывень або 45,24 беларускага рубля. Гэта амаль зраўноўвала зніжкавую цану з першапачатковай.
Беларусь
Абарона ад дажджу ў родных краях каштавала ад 35 рублёў. І гэта без аніякай сезоннай палёгкі ў цэнніку.
Асноўным назіраннем, вынесеным з нашага сціслага агляду, варта назваць амаль паўсюдную прапанову вясновых зніжак. Айчынны рынак пры гэтым вылучаецца параўнальна нізкімі цэнамі на парасоны-кіі і без выкарыстання адпаведнай тактыкі распродажу. Таксама ўдалося звярнуць увагу на пашыраную падманлівасць найбольш даступнай прапановы, што можа суправаджацца дадатковай платай за дастаўку. Гэта адразу нівелюе тое паніжэнне цаны, якое задумвалася адпаведным прадаўцом. З прапановай на ўнутраным рынку Беларусі здолелі паспаборнічаць толькі асобныя расійскія інтэрнэт-крамы. Разам з тым, звернем увагу на тое, што большасць прапанаваных парасонаў-кіёў былі імпартнымі, што па зразумелых прычынах дае вартасную перавагу краінам з выхадам да мора.
Подписывайтесь на наши соцсети, чтобы узнать первыми обо всем, что происходит в Беларуси и мире: Telegram | Instagram | ВК | TikTok | OK | Дзен
Рекомендуем



