Дзяржаўнае сацыяльнае страхаванне асучаснілі законам і смартфонам
З новага года ўступілі ў сілу змяненні ў Закон «Аб узносах у бюджэт дзяржаўнага пазабюджэтнага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Рэспублікі Беларусь», якія прадугледжваў Закон 2021 года «Аб змяненні законаў па пытаннях падаткаабкладання». Закранутыя папраўкамі пытанні былі настолькі шырокасяжнымі, што па кампетэнтны каментарый мы звярнуліся да першага намесніка начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення ФСАН Таццяны Карачун.
Галоўным новаўвядзеннем стаў падатак на прафесійны даход, які ўлучыў абавязковыя страхавыя ўзносы ў бюджэт ФСАН. Пры гэтым плацельшчыкі ППД мусяць сплачваць узнос толькі на пенсійнае страхаванне. Таццяна Карачун расказала на прыкладах пра выплаты ў фонд.
Так, пры прафесійным даходзе за месяц у 2500 рублёў і стаўцы адпаведнага падатка ў 10% сума ППД складзе 250 рублёў. З яе ў ФСАН пералічаць 60% або 150 рублёў. У індывідуальным асабовым рахунку адлюструюць даход у 517,24 рубля на падставе выплачаных узносаў па формуле 150/29%.
Сярод іншага, варта ўлічваць, што сёлета найменшы стаж для прызначэння працоўнай пенсіі складае 19 гадоў. Але да 2025 года ён павялічыцца шляхам штогадовага дадання шасці месяцаў і складзе 20 гадоў.
Летась атрымальнікамі пенсій у Мінскай вобласці сталі 364 тысячы чалавек
У дапамогу плацельшчыкам 1 лютага ФСАН запусціў аднайменны мабільны дадатак для смартфонаў, які змяшчае дадзеныя страхавога пасведчання, звесткі аб працоўнай дзейнасці, адлічэннях абавязковых узносаў і страхавым стажы. Вышэйпералічаныя звесткі адлюстроўваюцца з 2003 года, калі ўвялі індывідуальны ўлік.
Сярод змяненняў з’явіўся і найбольшы памер узносаў, вылічаных з 60 сярэдніх па краіне заробкаў за леташні снежань. Дагэтуль існавала толькі найменшая сума, што вылічвалася з мінімальнага заробку.
Акрамя таго, страхавыя ўзносы сталі абавязковымі для індывідуальных прадпрымальнікаў, якія знаходзяцца ў працоўных адносінах або з’яўляюцца ўласнікамі маёмасці юрыдычных асоб. Пры гэтым добраахвотны парадак захавалі для ІП, якія адначасова атрымліваюць пенсію, дапамогу па доглядзе за дзіцем да трох гадоў або вучацца на дзённым аддзяленні.
Таццяна Карачун таксама дадала, што бюджэт ФСАН па Мінскай вобласці за 2022 год выканалі з прафіцытам на 67,1 млн рублёў, з якіх 69% прыпала на сродкі прафесійнага пенсійнага страхавання, а рэшта — на сродкі дзяржаўнага сацыяльнага страхавання. Пры гэтым сукупныя паступленні выраслі параўнальна з 2021 годам на 12% да 3,256 млрд рублёў. Доля Мінскай вобласці ў даходах ФСАН у цэлым па краіне склала 15%. Абавязковыя страхавыя ўзносы юрыдычных асоб і працоўных прынеслі 98% даходаў ФСАН. Пагатоў, выдаткі на пенсіі выраслі на 11% або на 250 млн рублёў.
На ўсе віды дапамогі накіравалі 697 млн рублёў або 22% сацыяльных выплатаў ФСАН па вобласці. Пры гэтым дапамогу атрымалі 63000 дзяцей. Забяспечанасць прысталічнай вобласці ўласнымі сродкамі на ўсе віды сацыяльных выплатаў за 2022 год склала 107%. Да 2023-га падышлі з 1,268 млн індывідуальных асабовых рахункаў, да якіх летась дадалася 21 тысяча.
Як бачым, сродкаў у Мінскай вобласці на пенсіі і іншыя выплаты накопліваецца з запасам, нягледзячы на рост колькасці іх атрымальнікаў.
Подписывайтесь на наши соцсети, чтобы узнать первыми обо всем, что происходит в Беларуси и мире: Telegram | Instagram | ВК | | OK | Дзен