Generic selectors
Exact matches only
Search in title
Search in content

Калi ў Слуцку было не па-людску i першы пратэст савецкiх хіпі. Аб чым пiсала «Мінская праўда» ў 1970-я гады

Калi ў Слуцку было не па-людску i першы пратэст савецкiх хіпі. Аб чым пiсала «Мінская праўда» ў 1970-я гады

За доўгую гісторыю нашай газеты журналісты не раз асвятлялі вострыя сацыяльныя падзеі, знаходзячыся ў іх эпіцэнтры. Той самы момант, калі не ведаеш загадзя, якім будзе твой працоўны дзень.
Камандзіроўка пад грымоты
«МП» імгненна рэагавала на ўсе з’явы ў грамадстве. Канешне, як і ў кожнай савецкай газеце тых часоў, рэдакцыя павінна была асцярожна сачыць за рэакцыяй вышэйшага камуністычнага кіраўніцтва. І вельмі часта камандзіроўкі на месца падзей ператвараліся ў галаваломкі.
Скупыя сведчанні той эпохі сення можна знайсці ў архіве.
Зараз немагчыма паставіць сябе на месца Алега Масявіцкага, карэспандэнта «Мінскай праўды» ў 1960-я гады. Што было мэтай камандзіроўкі? Пра што думаў сам Алег Федаравіч, накіроўваючыся ў чацвер, 12 кастрычніка 1967 года, у Слуцк? Чаму на пасяджэнні рэдкалегіі, якое папярэднічала паездцы, прысутнічаў таксама і прадстаўнік абкама партыі?
Справа ў тым, што яшчэ ў кастрычніку 1967 года было выяўлена злачынства з боку загадчыка аддзела культуры Слуцкага гарвыканкама Генадзя Гапановіча. Ен моцна збіў чалавека, у таго адкрылася старая язва, і гэта прывяло да трагічнага выніку. Партыйнае кіраўніцтва вобласці сачыла за сітуацыяй, наша газета таксама асвятляла інцыдэнт і асуджала ўчынак Гапановіча. У стэнаграме пасяджэння рэдкалегіі называлася мэта камандзіроўкі карэспандэнта Масявіцкага ў Слуцк: «Даць разгорнуты агляд судовага працэсу, паказаць справядлівасць савецкай сістэмы, дзе нават камуніст, парушыўшы закон, не павінен разлічваць на паблажку». Але ж каб ведалі яны, што на самай справе адбудзецца ў Слуцку…

Іншым разам зборы савецкіх людзей станавіліся сур’ёзным актам пратэсту
Жыхароў горада вельмі хваляваў гэты суд. Хтосьці распаўсюдзіў інфармацыю, што партыйнага чыноўніка адпусцяць без пакарання. Таму каля трох тысяч чалавек падышлі да будынка суда. Калі абвінавачанага Гапановіча канваіры паспрабавалі вывесці і пасадзіць у машыну, каб адвезці ў ізалятар, натоўп успрыняў гэта так, што ніякага суда далей не будзе. Вось што піша карэспандэнт у сваей службовай запісцы ад 13 кастрычніка 1967 г.: «Пасля правакацыйных звестак, што суд апраўдаў Гапановіча, людзі пажадалі ўчыніць самасуд. Выламалі дошкі з агароджы, шпурлялі камяні ў міліцыянераў. Увесь час сігналілі машыны. Разам з таварышам У. Марцыенкам мы накіраваліся ў будынак мясцовай бібліятэкі. Немагчыма было казаць аб фотаздымках, бо натоўп не кантраляваў сябе і, хутчэй за ўсе, у нас бы адабралі фотакамеру».
У рэшце рэшт міліцыя справілася са сваей задачай, каля 70 чалавек былі асуджаны на розныя тэрміны зняволення. Гапановіч атрымаў 8 год турмы. А матэрыял Алега Масявіцкага выйшаў у друк толькі пасля азнаямлення з ім тагачаснага першага сакратара абкама Івана Палякова.
Асцярожна, тут могуць вадзіцца хіпі!
Гэта зараз у Мінску можна сустрэць на вуліцах нефармалаў і прадстаўнікоў творчага бэкграўнду. Кожны можа насіць які заўгодна «прыкід» ці фрызуру, калі гэта не супярэчыць законам грамадства. А ў 60-я—70-я гады мінулага стагоддзя было дзівам убачыць на вуліцы чалавека з доўгімі валасамі, бранзалетам з нітак ці скураных палосак — фенечкай. «Хіпі» — так называлі сябе гэтыя маладыя людзі, знешні выгляд і паводзіны якіх ішлі ў разрэз з меркаваннем тагачаснага грамадства.

765 — столькі хіпі значылася ў Мінску ў 1969 годзе, згодна з данымі МУС

І на старонках нашай газеты неаднаразова з’яўляліся крытычныя артыкулы, дзе «прабіралі» такіх маладых людзей. Яны былі фактычна белымі варонамі ў савецкім грамадстве. Збіраліся каля Чырвонага касцела і ГУМа, гулялі па плошчы Перамогі з курыцай на ланцужку. Хіпі ў сталіцы БССР было няшмат. Але ў 1970 годзе здарылася шумная гісторыя з іх удзелам.
7 красавіка 18-гадовы Вячаслаў Максакаў і ягоны сябра Аляксандр Шаруба прынялі ўдзел у бойцы з хуліганам, які на вуліцы Энгельса выкрыкваў абразы, у тым ліку словы нацысцкага прывітання. Падчас канфлікту той нямецкім штыком параніў Максакава. Рана аказалася несумяшчальнай з жыццем…
Злачынцу забралі ў міліцыю, а ўжо на наступны дзень, у сераду, 8 красавіка, на сценах будынка Цэнтральнага камітэта Кампартыі Беларусі, які знаходзіўся непадалеку, пачалі з’яўляцца каляровыя графіці.
У тыя дні ў сталіцы праходзіў з’езд Саюза беларускіх журналістаў, рэпартаж аб ім быў надрукаваны на старонках «Мінскай праўды». Вядома, ніхто б не дазволіў рабіць матэрыял аб нефармалах, тым больш што справа яшчэ не дайшла да суда. Але падзеі пачалі разгортвацца непрадказальна.
9 красавіка на месцы, дзе адбылася трагедыя, прайшоў стыхійны збор моладзі, у асноўным гэта былі хіпі з ліку сяброў і знаемых Максакава. Каля 500 чалавек гадзіну прастаялі такім натоўпам. Прыехала міліцыя, людзі пачалі разыходзіцца. Паводле ўспамінаў журналіста Леаніда Тоўкача, які ў будучым стане галоўным рэдактарам «МП», маладыя людзі паводзілі сябе даволі спакойна, сутычкі з уладамі былі толькі ў двух выпадках. Кіраўніцтва горада павінна было адрэагаваць на фактычна першае адкрытае выступленне хіпі ў СССР. І шмат хто з удзельнікаў гэтага збору быў адлічаны з вучобы.
Цікава, што за два гады да гэтага, у 1968 годзе, у Мінску праходзіў І фестываль біт-ансамбляў. Гэта была «дапесняроўская» эпоха, Мулявін тады яшчэ не сабраў сваіх «Лявонаў». І наш калега, карэспандэнт «МП» Віктар Чакмароў, які і сам добра граў на гітары, прысвяціў гэтаму невялічкаму фестывалю асобны артыкул.

4 рублі — атрымліваў журналіст «МП» у якасці камандзіровачных у 1973 годзе

Напачатку фанатаў рок-музыкі лічылі за нефармалаў, а пасля з’яўлення некаторых ансамбляў накшталт «Песняроў» іх палюбіла ўся краіна
Змiцер Анацка

Рекомендуем

Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59