Generic selectors
Exact matches only
Search in title
Search in content

Абшар законапраекту аб смяротнай кары за здраду дзяржаве перасягнуў чаканні

Абшар законапраекту аб смяротнай кары за здраду дзяржаве перасягнуў чаканні

Палата прадстаўнікоў Беларусі 7 снежня ўхваліла ў 1-м чытанні законапраект «Аб змяненні кодэксаў па пытаннях крымінальнай адказнасці». Савет міністраў Беларусі ўнёс дадзены законапраект у Палату прадстаўнікоў 24 кастрычніка, дзе яго разгледзела камісія па нацыянальнай бяспецы з васьмі дэпутатаў.

У камісіі за законапраект адказвалі адразу два народныя абраннікі з адпаведным досведам папярэдняй працы: Яўген Зайцаў ад Брэсцкай Пагранічнай акругі № 4 раней займаў пасаду начальніка Брэсцкага гарнізона, а намеснік старшыні гэтай камісіі Аляксандр Дубаў ад Сенненскай акругі № 30 папярэдне працаваў намеснікам Генеральнага пракурора Беларусі і мае ганаровае званне «Заслужаны юрыст Беларусі».

Мэтай падрыхтоўкі законапраекту было папярэджанне злачынстваў супраць грамадскай бяспекі, дзяржавы і парадку кіравання. Адпаведныя злачынствы апісваюць 27-я, 32-я і 33-я главы Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. З аднаго боку, у 27-ю главу прапанавалі ўвесці артыкул 289-1 «Прапаганда тэрарызму».

З іншага, у 32-й главе артыкул 360 маюць дапоўніць магчымасцю вызвалення ад адказнасці за падрыхтоўку дыверсіі ў выпадку яе прадухілення. У той самай главе частку 2 артыкула 356 наадварот мяркуюць дапоўніць магчымасцю прымянення смяротнай кары за здраду дзяржаве вайскоўцам або чыноўнікам. Урэшце, у 33-ю главу Крымінальнага кодэкса мелі ўвесці артыкул 375-2 «Парушэнне патрабаванняў па абароне дзяржаўных сакрэтаў».

Сярод іншага, прапанавалі ўнесці папраўкі ў частку 4 артыкула 108 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Беларусі, якія дазволяць павысіць тэрмін затрымання паводле падазрэння ў здрадзе дзяржаве, змове дзеля захопу ўлады, шпіянажы або агентурнай дзейнасці з 3 да 10 сутак. Тэрмін выстаўлення адпаведнага абвінавачання прадугледжваюць павялічыць да 20 дзён з моманту затрымання. Такі захад дэпутаты абгрунтоўвалі тым, што пасля затрымання разам з замацаваннем доказаў праводзяць больш працяглыя аператыўна-следчыя дзеянні. Пагатоў, гэтае змяненне мела ўраўняць тэрміны затрымання і абвінавачання з адпаведна павышанымі тэрмінамі, якія прымяняліся да вядзення спраў наконт дыверсіі і тэрарызму.

З улікам прапанаваных у законапраекце паправак найбольш ад іншых краін Еўропы і суседняй Расіі Беларусь адрозніваецца наяўнасцю ў Крымінальным кодэксе артыкула 59 «Смяротная кара». Яе пашырэнне на два віды дзяржаўных службоўцаў за здраду дзяржаве з’яўляецца яшчэ больш рэдкай прававой нормай.

Папраўкі ў Крымінальны кодэкс даюць магчымасць вызвалення ад адказнасці за падрыхтоўку дыверсіі ў выпадку яе прадухілення.

Ужо некалькі дзесяцігоддзяў такая выключная мера застаецца толькі на паперы і ў тых краінах, дзе існуе заканадаўства аб смяротнай кары за здраду дзяржаве.

Ва ўмовах канфлікту, які пачаўся ў 2014 годзе і набыў яшчэ большы размах сёлета, нашыя суседзі Расія і Украіна ўстрымаліся ад увядзення смяротнай кары хоць бы за якое злачынства. Пры гэтым колькасць здраднікаў з абодвух бакоў ужо ідзе на дзясяткі.

Сярод іншых істотных акалічнасцяў назавем тое, што здрада дзяржаве прадугледжвае наяўнасць другой дзяржавы, на карысць якой тую здраду ўчынілі. Таму хутчэй смяротная кара зменшыць лік асоб, якія ўяўляюць найбольшую цікавасць для абмену на грамадзян Беларусі, а ўзаемная патрэба ў гэтых абменах ёсць. Прынамсі такія абмены рэгулярна мелі месца быць, і іх надзённасць з улікам сёлетняй хвалі эскалацыі наўрад ці спадае. Расійска-ўкраінскія абмены ваеннапалоннымі толькі пацвярджаюць гэтае назіранне.

З іншага боку, законапраект чакае свайго абнародавання, бо даволі цяжка скласці поўнае ўяўленне пра такі шматгранны нарматыўны прававы акт, які закранае адразу два кодэксы.

Таксама ён падлягае далейшаму разгляду ў Савеце Рэспублікі, у тым ліку не менш дыпламаванымі заканадаўцамі і ў Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. Урэшце, варта звярнуць увагу на высновы абавязковай юрыдычнай экспертызы дадзенага законапраекту, якая праводзіцца ў адпаведнасці з Законам «Аб нарматыўных прававых актах». Як пісаў лаўрэат Дзяржаўнай прэміі і заслужаны дзеяч культуры Янка Сіпакоў: «Калі ты раззлаваўся, ты прайграў». Цалкам верагодна, што датычна прыняцця гэтых змен гэта той самы выпадак, калі больш да месца халодная галава і гарачае сэрца, а не наадварот.

Подписывайтесь на наш Telegram-канал Минская правда|MLYN.by, чтобы не пропустить самые актуальные новости!

Рекомендуем

Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59