Generic selectors
Exact matches only
Search in title
Search in content

Праект «Бацькаўшчына»: стоўпы гісторыі ў Стоўбцах

Праект «Бацькаўшчына»: стоўпы гісторыі ў Стоўбцах
Фото: Фота Святланы Курэйчык, з адкрытых крыніц і з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава

Райцэнтр можна смела лічыць старажытным горадам: упершыню Стоўбцы ўзгадваюцца пад сваёй сучаснай назвай у 1593 годзе. З таго часу горад перажыў войны, падзелы, некалькі змен улады. Не кожны адбітак мінулага ёсць шанц знайсці на вуліцах горада ў нашы дні, але ж іх можна ўбачыць на паштоўках і фотаздымках.

Уезд у горад 

Гэты драўляны мост называлі «гарбатым». Да нашых дзён ён не захаваўся, але ж стагоддзе таму быў вельмі папулярным месцам сустрэч, асабліва сярод стаўпецкай моладзі. Мост літаральна адчыняў для гасцей горад: мінаючы яго, можна было трапіць да Гандлёвай плошчы, касцёла, сінагогі, царквы. Шлях пралягаў бы праз вуліцу Школьную (сучасную Піянерскую), дзе раней знаходзіліся старажытныя габрэйскія могілкі (да нашых дзён яны не захаваліся). У адрозненне ад вуліц паблізу Нёмана, Школьная пралягала па ўзгорку, таму падчас дажджу яе не падтоплівала. Вада сцякала ўніз, пакідаючы на Школьнай шмат пяску, смецця і рачнога глею.

Гандлёвая плошча 

Жыхары Стоўбцаў яшчэ стагоддзе таму сучасную плошчу Леніна называлі Гандлёвай. Раней яна займала прыблізна 10 тысяч квадратных метраў. Вакол яе сяліліся ў большасці габрэі. Менавіта сюды па Койданаўскім гасцінцы (сучаснай вуліцы Леніна) прыязджалі сотні гандляроў з Койданава і Мінска, тут канцэнтравалася жыццё Стоўбцаў. У дзень кірмашу плошча гулá − заклікі крамнікаў, песні жабракоў… У шынках паблізу сяляне пілі моцныя напоі. Бойкі былі звычайнай з’явай, прычым біліся не толькі пакупнікі, але і гандляры. Зараз плошча Леніна стала адным з асноўных аб’ектаў падрыхтоўкі да «Дажынак-2022»: яе добраўпарадкуюць, абновяць знешні выгляд будынкаў, будзе зроблена рэканструкцыя мясцовага кінатэатра.

Побач з рынкам знаходзіўся мураваны касцёл Святога Казіміра, пабудаваны ў сярэдзіне ХVII стагоддзя. Пасля паўстання 1863 года яго пераасвяцілі ў праваслаўную царкву Святой Марыі Магдалены, але ў 1921-м вярнулі каталікам. Ён амаль не пацярпеў у гады Вялікай Айчыннай вайны і быў зруйнаваны значна пазней, у 1958-м, савецкімі ўладамі. Зараз на месцы храма − стадыён і будынак стаўбцоўскай школы №2.

Царква Святой Ганны 

Незвычайны для беларускага ландшафту знешні выгляд царквы тлумачыцца проста: архітэктар, якога запрасіў для будаўніцтва Адам Чартарыйскі, натхняўся вобразамі Санкт-Пецярбурга. Першыя сем гадоў храм выкарыстоўваўся як каталіцкі, але гісторыя ўнесла свае карэктывы, і будынак адышоў праваслаўным вернікам. Калі Стоўбцы былі пад Польшчай, побач з царквой стаяў помнік Юзафу Пілсудскаму, ад якога да нашых дзён захаваўся толькі пастамент.

З цягам часу знешні выгляд будынка амаль не змяніўся. У адрозненне ад касцёла Святога Казіміра, царква не пацярпела ні ў вайну, ні пазней. Сюды нават звозілі іконы, выратаваныя з іншых храмаў.

Гарадскі суд 

Пры польскіх уладах у гэтым будынку размяшчаўся гарадскі суд. Ён знаходзіўся на мяжы старога горада на Мінскай вуліцы, што вяла да Гандлёвай плошчы. Пераважна суд вырашаў гаспадарчыя спрэчкі. А па святах у асноўнай зале ладзілі мерапрыемствы, на якія збіраўся амаль увесь горад.

Побач з судом стаяў будынак гарадской турмы. У асноўным там знаходзіліся асуджаныя за дробныя парушэнні.

Пасля 1939 года будынак не выкарыстоўваўся для судовых пасяджэнняў. У ваеннае ліхалецце, калі гарэлі драўляныя дамы на суседніх вуліцах, яму пашчасціла ацалець. Сёння гэта адна з частак будынка Стаўбцоўскага райвыканкама, а ў колішняй турме зараз знаходзіцца дзіцячая школа мастацтваў.

Вакзал 

У 1930-я гады Стоўбцы былі першай станцыяй чыгункі Заходняй Еўропы, таму горад называлі «варотамі Захаду». Адсюль цягнікі накіроўваліся ў Парыж, Варшаву і нават у Манчжурыю. Архітэктура будынка вакзала суадносілася з яго гордай назвай.

Раней на тым жа месцы быў драўляны вакзал. У 1924 годзе савецкія дыверсанты зрабілі вылазку ў Стоўбцы, разрабавалі будынак вакзала, забілі польскіх паліцэйскіх і работнікаў чыгункі. Годам пазней было прынята рашэнне зруйнаваць вакзал, які нагадваў пра жудасныя падзеі, і ўзвесці на яго месцы сучасны прасторны будынак з мытняй і памежным кантролем. Праект быў падрыхтаваны інжынерамі Людвігам Грынцэвічам і Хенрыкам Генавым літаральна за тыдзень, а ўзвядзенне заняло рэкордныя 137 дзён. Кошт будаўніцтва склаў прыблізна 450 тысяч польскіх злотых.

Неўзабаве станцыя стала сапраўднай візітнай карткай горада. Яе фатаграфавалі, размяшчалі на паштоўках і ў прэсе − напрыклад, у часопісе LIFE ад 1938 года.

Сцены вакзала бачылі шмат знакамітых асоб: Барыса Пастарнака, Уладзіміра Маякоўскага, Максіма Горкага, Энтані Ідэна і шмат іншых.

Паралельна чыгунцы цягнулася адна з самых доўгіх вуліц горада − Вакзальная, сучасная Сацыялістычная, дзе будавалі жыллё для работнікаў і адміністрацыі вакзала. Гэтыя дамы, як і вакзальны будынак, захаваліся да нашых дзён.

Подписывайтесь на наш Telegram-канал Минская правда|MLYN.by, чтобы не пропустить самые актуальные новости!

Рекомендуем

Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59