Меню

Крыжовая дарога, перапёлчыны яйкі і асаблівы кошык. Як святкуюць Вялікдзень католікі ў Барысаве

Пасха Борисов
Фото: Алёна Дроздовская

Цэлымі сем’ямі з самай раніцы ідуць сёння ў касцёл. Католікі адзначаюць адно з самых галоўных свят — Вялікдзень. «Святаў свята і ўрачыстасць з урачыстасцей» — так называюць Уваскрэсення Сына Божага Ісуса Хрыста. Завіталі ў касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, каб даведацца, як рыхтаваліся і з якімі думкамі сустракаюць Вялікі дзень святары і жыхары Барысава.

Каталіцкія традыцыі пачала ўшаноўваць пасля сустрэчы з будучым мужам. Яго сям’я належыць да католікаў. З гэтага моманту я стала хадзіць у касцёл. Там мы павянчаліся, хрысцілі сына і дачку. Не буду казаць, што ў касцёле ўсё было новым. Ад бабулі Яніны я ў дзяцінстве часта чула каталіцкія малітвы, некаторыя традыцыі добра ведала. І напэўна, ніводнае іншае свята не шануецца больш, чым Вялікдзень.

Нягледзячы на тое, што сёння мы іншыя: больш адукаваныя, свабодныя. Але ж усё роўна з заміраннем сэрца назіраем за тэлетрансляцыяй з Храма Гасподняга ў Іерусаліме, дзе пасля малітвы Патрыярха сыходзіць з нябёсаў Благадатны агонь, зноў і зноў дзівячыся гэтай з’яве. А раніцай з той жа дзіцячай радасцю разгаўляемся асвечаным чырвоным яйкам. І дорым адно аднаму падарункі.

— Вялікдзень — маё самае любімае свята, — дзеліцца Ганна Небышынец. Дзяўчынка разам з сям’ёй прыйшла ў касцёл на службу. — Асабліва перадвялікодная атмасфера, калі ўсе ў прадчуванні свята, рыхтуюцца.

Разам з Ганнай Небышынец у касцёле яе мама Ала, брат Пеця і самая малодшая сястрычка Даша

Ганна ўжо трэці год ходзіць на заняткі ў касцёл — у хоры ў сястры Таццяны. Прызнаецца, што ёй падабаецца спяваць пад арган. І на свята разам з сяброўкамі будзе выступаць на святой Імшы, чаго чакае з нецярпеннем.

Разам з Ганнай у касцёле яе маці Ала, брат Пеця і самая малодшая сястрычка Даша.

— Звычайна ходзім усёй сям’ёй, але сёлета тата ў камандзіроўцы, а старэйшы сын — на занятках, — кажа шматдзетная матуля Ала, у якой чацвёра дзяцей. — Стараемся кожны год прыйсці ў касцёл, абавязкова на святочную Імшу. Для маленькіх дзяцей гэта важна. А старэйшыя (Іван і Ганна) ужо некалькі гадоў прымаюць удзел у цырымоніі. Вось гэта, лічу, самае галоўнае. А кулічы мы купілі ў краме. Шчыра кажучы, часу на выпечку не хапае. Паспелі толькі яйкі пафарбаваць.

А вось сям’я Харошка прыехала на службу ў Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі з Вілейкі. Да іх далучылася і сваячка з Барысава — Алена Крэс.

Сям’я Харошка прыехала на службу ў Касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі з Вілейкі. Да іх далучылася і сваячка з Барысава Алена Крэс

— 20 гадоў таму мы жылі ў Барысаве. Тут у нас шмат сваякоў, тут жа пахаваныя мае бацькі, а ў гэтым касцёле мяне хрысцілі, — тлумачыць такі доўгі шлях на службу Наталля Харошка. — Прыехалі, прыбралі могілкі і вырашылі абавязкова наведаць службу. У нас, у Вілейцы, таксама ёсць прыгожы старажытны касцёл. Праўда, ён крыху маладзейшы. Барысаўскаму — 200 гадоў, а Вілейскаму — 110. Да Вялікадня заўсёды трапятліва рыхтуемся. Вельмі хвалююся, калі прыхожу ў касцёл — гэта як другі дом. Ксёндз, парафіяне тут заўсёды ветлівыя. Рады, што ў нас ёсць такая магчымасць. Са страхам узгадваем расказы нашых бабуль пра гады, калі наведваць храм забаранялася. А цяпер можам свабодна вадзіць дзяцей у касцёл. Мы шчаслівыя людзі яшчэ і таму, што жывём у такой цудоўнай і мірнай краіне. Дзякуй Богу!

Дзевяцігадовая Анюта Харошка ўважліва слухала, што распавядаў ксёндз, трымаючы ў ручках упрыгожаны кошык, у якім былі куліч і яйка

Дзевяцігадовая Анюта Харошка ўважліва слухала, што распавядаў ксёндз, трымаючы ў ручках упрыгожаны кошык, дзе ляжалі куліч і яйка.

Пасля службы дзяўчынка расказвала, як рыхтуецца да свята.

— Вялікдзень — светлае свята. Мне вельмі падабаецца хадзіць у касцёл на службу. Найбольш хвалююся, калі ўносяць вялікую жоўтую свечку, якая сімвалізуе Уваскросшага Езуса, — як дарослая разважае Ганна.

Жора Хацкевіч прыйшоў са старэйшай сястрычкай Евай. І калі васьмігадовы хлопчык расказваў пра мульцікі аб Пане Езусе, то дзесяцігадовая дзяўчынка разважала больш сур’ёзна:

— Вялікдзень — гэта свята, калі Хрыстос уваскрос. Вельмі радасна. Заканчваецца саракадзённы пост, і ўжо можна есці розныя прысмакі. На Вялікдзень мне падабаецца чуць: «Хрыстос Уваскрос!» і адказваць: «Сапраўды Уваскрос!». Нам у касцёле цікава расказвалі не толькі пра Вялікдзень, а і пра тое, што было перад гэтым, гулялі ў цікавую гульню «Крыжовы шлях». Гэта чатырнаццаць «станцый», якія нагадваюць асноўныя моманты пакутнага шляху Езуса Хрыста.

Дзяўчынка падзялілася, што ў мінулым годзе фарбавалі не толькі вялікія (курыныя) яйкі, а і маленькія — перапёлчыны. Атрымліваюцца вельмі прыгожыя. Шкада, у гэтым годзе не паспелі купіць апошніх.

— Мы ўсёй сям’ёй збіраем кошык у касцёл. Мама доўга выбірала яго, як яна казала «асаблівы». Туды кладзём святочную сурвэтку, а на яе — яечкі, булачкі, соль і іншую ежу, — жвава дзеліцца сямігадовая Ганна Русак.

Дзіяна Русак з дочкамі Ганнай і Тоняй, а таксама сяброўкай Хрысцінай

На службу дзяўчынка збіраецца разам з матуляй і малодшай сястрычкай Тоняй, пакуль тата на працы.

— У касцёл ходзім абавязкова, — кажа матуля дзяўчынкі Дзіяна. — Наша Аня, да таго ж, і на заняткі тут наведвае, шмат сяброў знайшла. Я сама, калі можна так сказаць, вырасла ў касцёле. Каталіцкія традыцыі прывіла бабуля Зузанна Іванаўна. Вялікдзень вельмі важнае свята, і мы рыхтуемся да яго. Як? Лічу, што самае галоўнае — напярэдадні пабыць сам-насам, са сваімі думкамі. Адмовіцца ад шкодных звычак, да прыкладу, сядзення ў тэлефоне. Пагаварыць пра свята з дзецьмі. Ужо на сам Вялікдзень — схадзіць на начную службу, а ў нядзелю — сабрацца сям’ёй і раздзяліць пасвенчаную ежу.

Напярэдадні свята ва ўсіх каталіцкіх храмах Беларусі прайшлі велікодныя службы.

— Яйка з’яўляецца сімвалам новага жыцця, але не варта абмяжоўваць святкаванне толькі асвячэннем ежы, — тлумачыць пробашч парафіі Нараджэння Панны Марыі ў Барысаве айцец Павел. — У традыцыі каталіцкага касцёла падрыхтоўка да Вялікадня пачынаецца за сорак дзён да свята — ідзе Вялікі пост, у храмах праводзяцца набажэнствы. Некаторыя людзі памылкова лічаць, што гэты перыяд працягваецца да Нядзелі Хрыстовага Уваскрасення. Аднак гэта не зусім так. У Вялікі Чацвер, гэта значыць перад Вялікаднем, вечаровай «Імшой Вячэры Пана» пачынаецца Велікодны Трыдуум. Так называецца літургічнае святкаванне трох здарэнняў з жыцця Хрыста: апошняй вячэры з апосталамі, смерці на крыжы і пахавання, а таксама Уваскрасення.

Айцец Павел адзначае, што ў Вялікую Суботу позна ўвечары пачынаецца цэлебрацыя Велікоднай Вігіліі, якую яшчэ называюць галоўнай святой імшой у літургічным годзе:

— Менавіта тады ўпершыню пасля працяглага перапынку ў літургіі гучыць радасны спеў «Аллелюя» («хваліце Бога»). У рамках Велікоднай Вігіліі вернікі з запаленымі свечкамі аднаўляюць хросныя абяцанні і, прыняўшы хрост, да супольнасці далучаюцца новыя члены. Урачыстая Велікодная працэсія можа адбыцца або пасля Імшы Велікоднай Вігіліі, або раніцай перад Імшой Велікоднай Нядзелі. У першым выпадку яна з’яўляецца своеасаблівым пачаткам велікоднага начнога чування, а ў другім — яго заканчэннем.

На Вялікдзень кожны католік абавязаны ўстрымацца ад працы, якую можна перанесці на іншы дзень, і прыняць удзел у святой Імшы.

Лента новостей
Загрузить ещё
Файлы cookie
Информационное агентство "Минская правда" использует на своём сайте анонимные данные, передаваемые с помощью файлов cookie.
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59