Generic selectors
Exact matches only
Search in title
Search in content

Пакуль ёсць Купала – будзе народ. 140-годдзе Песняра адзначаюць у Вязынцы Маладзечанскага раёна

Пакуль ёсць Купала – будзе народ. 140-годдзе Песняра адзначаюць у Вязынцы Маладзечанскага раёна
Фото: фото автора

Рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў «З адною думкаю аб шчасці Беларусі…», прымеркаванае да 140-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Янкі Купалы, праходзіць сёння ў мемарыяльным запаведніку «Вязынка».

Гасцей населены пункт з аднайменнай назвай прымае з самай раніцы. Тыя, хто любіць Купалу і шануе яго памяць, едуць сюды на уласных аўтамабілях, электрычках, веласіпедах. Дэлегацыя з Валожына «прыкаціла» на аўтобусе.

– Сённяшні дзень асаблівы, таму дома не ўседзелі, – расказвае кіраўнік літаратурна-мастацкага аб’яднання «Рунь» Наталля Жылевіч. – Тых, хто любіць беларускую мову, песню і слова, угаворваць асабліва не трэба. Рады, што маем магчымасць пахадзіць сцежкамі творцы, палюбавацца мясцовымі краявідамі, паслухаць добрыя вершы, песні, адчуць дух фальварка, які пяць стагоддзяў запар збірае гасцей з усёй краіны.

Вязынка – калыска паэта, якая дала свайму сыну і доўгі век, і шырокі свет. Тут пачаў круціцца яго жыццёвы калаўрот, тут і сёння лунае яго дух.

Многія госці, пакланіўшыся помніку песняра, не міналі магчымасці зазірнуць у дом, дзе ён нарадзіўся. Каб яшчэ раз пачуць гісторыю сям’і Луцэвічаў, дакрануцца да атмасферы тагачаснага побыту і ўбачыць інтэр’ер «хаты арандатара», які складаюць сапраўдныя рэчы тых часоў: вялізарныя куфары для вопраткі і побытавых рэчаў, калыска, ручнікі і саматканыя дываны, агародныя прылады. А яшчэ стэнды, на якіх можна пачытаць гісторыю самой Вязынкі і разабрацца ў заблытаных і складаных справах з шляхецтвам Луцэвічаў.

– Напярэдадні 140-годдзя паэта ў нас праведзена вялікая работа, – расказвае загадчык філіяла Купалаўскага мемарыяльнага запаведніка Лілія Норка, – заменена страха на будынку музея, а таксама свірна, адрамантаваныя масткі. Грошы на ўсе гэтыя работы нам выдзеліла Міністэрства культуры, а пасля ўжо да справы прычыніліся розныя арганізацыі, дзякуючы якім 140-годзе з дня нараджэння паэта мы адзначаем дастойна.

Філіял «Вязынка» адчыніўся для наведвальнікаў у 1948 годзе. Рэспубліканскія святы паэзіі, песні і народных рамёстваў, праводзяцца тут ад 1972 года. Яны бываюць розныя. Часам адзначаюцца камерна. Часам – як, напрыклад, сёлетняе, з размахам.

Урачыстая частка мерапрыемства, арганізатарамі якога сталі Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, Саюз пісьменнікаў Беларусі, Мінскі аблвыканкамам і Маладзечанскі райвыканкамам, прайшла на свежым паветры. Са сцэны, устаноўленай на тэрыторыі запаведніка, з прывітальным словам да ўдзельнікаў урачыстасці звярнуліся першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Каліна Капуцкая, першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення культуры  Мінскага аблвыканкама Таццяна Хмель і многія іншыя.

– На працягу гэтага года ва ўсіх установах культуры , ва ўсіх установах адукацыі праходзілі, і будуць праходзіць мерапрыемствы, прысвечаныя 140-годдзю Песняра. Два дні таму ўрачыстая імпрэза адбылася і ў скверы Янкі Купалы. Сваё віншаванне яе ўдзельнікам накіраваў кіраўнік нашай дзяржавы Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, які адзначыў: для многіх пакаленняў славуты Пясняр стаў пуцяводнай зоркай, прыкладам бескарыслівага служэння бацькаўшчыне. Паэт, драматург, публіцыст, сваімі творамі ён адкрываў беларусам багацце і прыгажосць роднай мовы, хараство краявідаў, слаўную гісторыю нашай краіны.

Глыбока сімвалічна, што сёлета, у год гістарычнай памяці, мы зноў вяртаемся да Купалаўскага слова, як носьбіта высокай духоўнасці беларускага народа.

Лёс не песціў вялікага паэта. Малы Янка наогул гадаваўся пад тужлівую песню колаў. Беззямелле бацькоў вымушала сям’ю на бясконцае бадзянне ў пошуках кавалка хлеба.

Можа таму і сталі творы паэта своеасаблівай споведдзю, дзённікам поўным вялікай праўды жыцця, дзе майстар слова  аб’ядноўвае ў адзінае цэлае нацыянальны гонар, шматвяковую гісторыю, родная мясціны, дарагую Бацькаўшчыну.

– Якія творы Янкі Купалы вы ведаеце, – цікаўлюся ў дзяўчатак, што гуляюць у прыгожых вянках з палявых кветак па запаведніку.

– Паэму «Курган», – пачынае самая смелая.

Значыць, жывы Купалы! І чым далей аддаляюць нас гады ад Песняра, тым даражэй і велічней становіцца яго вобраз, вершы і песні, што пераходзяць з пакалення ў пакалення. Удзельнікаў і гасцей свята каторы раз у гэтым запэўнілі дзяржаўны ансамбль «Песняры», фальклорная група «Купалінка», этнічная – «Арацэя», а таксама мастацкія калектывы Маладзечанскага раёна.

Подписывайтесь на наш Telegram-канал Минская правда|MLYN.by, чтобы не пропустить самые актуальные новости!

Рекомендуем

Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59