Хто стварае беларускую Вікіпедыю
Паводле вынікаў 2022 году Вікіпедыя стала 5-м найбольш наведваным сайтам у свеце. Гэтую наведвальнасць бясплатнай анлайн-энцыклапедыі забяспечылі раздзелы на 329 мовах. Сярод іх былі два моўныя раздзелы па-беларуску. Раздзел класічным правапісам узнік у 2004 годзе, а афіцыйным — у 2007-м.
Папулярнасць Вікіпедыі, як і ўсялякага іншага даведніка, тлумачыцца патрэбай у праверцы звестак, у дадзеным выпадку ў Сеціве. Гэта стала настолькі надзённа, што ў 2018 годзе найбольш папулярныя сацыяльныя сеткі і відэахостынгі, такія як «Фэйсбук» і «Ютуб», увялі праверку навін на фальшывасць праз спасылкі на адпаведныя артыкулы Вікіпедыі.
Стварэннем артыкулаў займаюцца добраахвотнікі. Летась налічвалася 314 тыс. такіх штомесячных рэдактараў, з якіх у абодвух раздзелах Беларускай Вікіпедыі было менш за 300 чалавек. Гэта ўсё адно ўнушальна, бо шматкроць перавышае штат супрацоўнікаў выдавецтва «Беларусь».
Большасць рэдактараў застаецца кароткатэрміновымі і ананімнымі аматарамі выправіць памылкі. Рэгулярныя і зарэгістраваныя вікіпедысты, якія штомесяц ствараюць сотні артыкулаў па-беларуску, пераўтвараюць гэтую дзейнасць у хобі.
Яшчэ меншая частка тых рэгулярных рэдактараў ладзіць сустрэчы, у тым ліку па-за Сецівам, і ўтварае нефармальную суполку паводле зацікаўленасцей. Праходзяць і міжнародныя сустрэчы, ажно да сусветнай Вікіманіі, што сёлета адбудзецца ў Сінгапуры. Але варта разумець, што вікіпедысты не ўтвараюць выдавецтва самі па сабе. Хутчэй яны служаць справе захавання матэрыялаў з бібліятэк пры іх данясенні да шырэйшага кола людзей у Сеціве.
Подписывайтесь на наш Telegram-канал Минская правда|MLYN.by, чтобы не пропустить самые актуальные новости!