Абед па раскладзе. У Валожыне пачастуюць па-хатняму

Працяглая вандроўка па Валожынскім раёне прыспешвала ў пошуку месца для пачастунку. Таму адразу пасля ўезду ў райцэнтр увагу прыцягнула таблічка «комплексныя абеды». Яшчэ большай зручнасцю стала стаянка адразу за самой кавярняй. Сам аднапавярховы будынак з дошак і металічным дахам спачатку выклікаў сумненні калегі.
Унутры, як у тэатры, мы знайшлі некалькі зручных вешалак, а таксама прыбіральню з вадкім мылам і сушылкай для рук.

Пасля гэтага ўдалося растапіць першасную прахалоднасць нашага стаўлення да страўні, хоць вада ў кране была толькі халоднай. Цэннікі таксама апынуліся прымальнымі, як і меню. Найбольш надзённым для здарожаных у халоднае надвор’е журналістаў быў выбар гарачых супоў. У выніку спыніліся на фасолевым супе.

У цэлым стравы былі сапраўды хатнімі. Пасля спалучэння пюрэ і курынай адбіўной з грыбамі мне пашчасціла спыніцца на салаце з зялёнай агародніны і маянэзам. Урэшце, папрасіў цёплага ўзвару з садавіны. Мая калега распарадзілася сваім выбарам падобным чынам. Толькі ў якасці асноўнай стравы ўзяла гуляш са свініны, а ў якасці пітва — таматны сок. Урэшце, такая самая салата калегі была без маянэзу.

Пакуль чакалі прыгатавання ежы, хапіла часу, каб звярнуць увагу на прамысловы дызайн інтэр’ера.

Вялікую колькасць металу на столі маглі б упадабаць мужчыны, якія і прысутнічалі, мабыць, ад самай 11-й гадзіны, калі пачынае працу кавярня. Але для больш хатняй атмасферы на сценах не ставала драўляных дошак замест пластыка. Музыка са смарт-тэлевізара была прыглушанай і не назаляла. Пры гэтым адсутнічаў агульны доступ да сеціва праз вайфай, такі ўлюбёны сярод падлеткаў у хуткіх страўнях.

Праз хвіліну-другую думкі спыніліся на тым, што стосы сурвэтак стаялі на ўсіх сталах, акрамя абранага намі. Аднак данесці гэтую думку да афіцыянткі мы не паспелі, бо тыя сурвэткі прынеслі разам з супам. Яго падалі менш як праз 10 хвілін, адразу пасля салаты.

Своечасова парадавалі і асноўнымі стравамі. Што да галоўнага, то смак прыгатаванай ежы быў на вышыні. Было нават складана вызначыць, што выклікала найбольшае захапленне: ці то цёплы суп адразу з дарогі, ці кураціна з грыбамі. Калега таксама была ўсцешаная гуляшом і якасцю пюрэ з сапраўднай бульбы.
Адзіную заўвагу выклікала чаканне напою. Тое было выклікана ўзніклай на касе чаргой, якая адцягнула афіцыянтку ад нашага заказу. Адразу пасля напаміну яна адарвалася ад іншых абавязкаў і падала таматны сок маёй калезе. Аднак і тут яе чакала расчараванне, бо той апынуўся не дастаткова густым. Мой жа ўзвар з садавіны, прыгатаваны на месцы, можна было параўнаць паводле дарэчнасці толькі з супам. Перад выхадам на прахалодную вуліцу складана прыдумаць лепшы пачастунак. Што да канчатковага рахунка, то той падаўся нам цалкам прымальным: 13,30 і 10,30 рублёў за абед для мяне і маёй калегі адпаведна.
Вынікі агляду паводле 10-бальнай шкалы:
* цэны — 9 балаў;
* інтэр’ер і ахайнасць — 7 балаў;
* смак — 9 балаў.
Подписывайтесь на наши соцсети, чтобы узнать первыми обо всем, что происходит в Беларуси и мире: Telegram | Instagram | ВК | | OK | Дзен
Рекомендуем





