Generic selectors
Exact matches only
Search in title
Search in content

«Два дні настрою і радасці» — жыхары і госці Маладзечна пра фестываль беларускай песні і паэзіі

«Два дні настрою і радасці» — жыхары і госці Маладзечна пра фестываль беларускай песні і паэзіі
Фото: автора

Два дні Маладзечна жыве ў рытме фестывалю. Музыка, песні, смех, гучаць практычна ў кожным куточку горада. «Мінская праўда» выйшла на вуліцы райцэнтра каб даведацца, чым жа запомнілася сёлетняе мерапрыемства людзям, якія б яшчэ моманты яны хацелі ўпісаць у яго старонкі?

Наталля Жылевіч, жыхарка Валожына:

— Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі гэта заўсёды чаканая і цікавая падзея. Мяркую, не толькі для мяне. Паглядзіце, колькі навокал народу. Мамы з каляскамі, бабулі ў капялюшыках ад сонца, дзеці, моладзь. І кожны ў гэтым мностве мерапрыемстваў, што доўжацца ад раніцы да вечара, можа знайсці штосьці для сябе. Палюбавалася на работы народных майстроў, зрабіла падарожжа па «Партале часу», з задавальненнем слухаю выступленні калектываў мастацкай самадзейнасці. Што дадаць, не ведаю. Мне здаецца, фестывалю хапае ўсяго.

Ганна, жыхарка Слуцка, удзельніца народнага моладзевага тэатра эстрады:

— На фестывалі працуем, і адначасова адпачываем. Прыгожы горад, добрыя, цікаўныя людзі, змястоўная праграма. Учора, напрыклад, да нас зазірнуў міністр культуры Рэспублікі Беларусь Анатоль Маркевіч, што стала вялікай нечаканасцю. Дарэчы, ён таксама даў высокую ацэнку фестывалю і падзякаваў нас усіх за працу.

Таццяна, госця горада:

— На фестываль трапілі з мужам трэці раз. Жывём у Смаленску, а тут, на маладзечаншчыне, карані яго маці. Практычна ўвесь учарашні, ды і сённяшні дзень, правялі на канцэртных пляцоўках. Любім музыку, песні, якія там гучаць, слухаем мясцовую гаворку. Муж кажа, што беларуская мова вяртае яго ў далёкае дзяцінства.

Людміла Камінская, жыхарка Маладзечна:

— ХХ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі назвала б мерапрыемствам рознапланавым, творчым. Конкурсы, канцэрты, сустрэчы з цікавымі людзьмі, спектаклі, праходзяць у гэтыя дні практычна ва ўсіх культурных установах. Гледачы тут таксама асаблівыя, так бы мовіць, музычна адукаваныя. Як ніяк у горадзе ёсць і свая музычная школа, і Музычны каледж, які выпусціў не адну сотню спецыялістаў.

Учора была на ўрачыстым адкрыцці фестывалю. Спадабалася. Цікава, змястоўна, адчуваецца подых новага.

Іван, пенсіянер, жыхар Маладзечна:

— Да меламанаў сябе не адношу. Проста выйшаў у горад прагуляцца, на людзей паглядзець, сябе паказаць. Меркаваў, што на гадзіну, «завіс», як кажа моладзь, на палову дня. Доўга хадзіў па гораду майстроў, дзівіўся на работы, майстэрства нашых рамеснікаў. За апошнія гады іх колькасць значна вырасла, чаго толькі не ўбачыў: кубкі, карціны, пано. Не ўтрымаўся, купіў вялікую драўляную лыжку. Падару жонцы, будзе мяшаць на дачы варэнне.

Подписывайтесь на наш Telegram-канал Минская правда|MLYN.by, чтобы не пропустить самые актуальные новости!

Рекомендуем