Любiце жыццё i Радзіму – Талай

Фото: nesvizh-news.by

У Нясвіжскім раённым цэнтры культуры адбылася сустрэча з матывацыйным спікерам, прадпрымальнікам, грамадскім дзеячам, спартсменам-параалімпійцам, членам Канстытуцыйнай камісіі Аляксеем Талаем, паведамiлi nesvizh-news.by.

Удзельнікі мерапрыемства з першых вуснаў пачулі гісторыю чалавека, які ў 16 гадоў з-за выбуху міны, што прытаілася ў зямлі з ваенных часоў, застаўся без рук і без ног. Час сустрэчы праляцеў, нібы адна хвіліна, і людзі ў зале, сярод якіх было шмат моладзі і падлеткаў, на свае вочы пераканаліся ў тым, што для чалавека, які выбірае жыццё, няма нічога немагчымага, і што самая цяжкая інваліднасць — гэта інваліднасць душы. А яна можа быць і ў самага, на першы погляд, здаровага індывіда.

У дзяцінстве Аляксей займаўся ў спартыўных секцыях і, пасля ўсяго перажытага, вырашыў запоўніць яшчэ адну нішу свайго жыцця менавіта спортам. У параалімпійскім камітэце падтрымалі яго мару. На тэлебачанні, дзе ён часта браў удзел у розных праграмах, Аляксей пазнаёміўся з трэнерам нацыянальнай зборнай па плаванні Генадзем Вішняковым і ўжо праз некалькі месяцаў дасягнуў неверагодных вынікаў: стаў майстрам спорту і ўвайшоў у нацыянальную зборную. Далей заваёўваў срэбра, золата, усталёўваў рэкорды Еўропы і свету, быў удастоены шматлікіх званняў. Параалімпійцу з выдатнымі дасягненнямі выпаў гонар быць факеланосцам і зорным паслом ІІ Еўрапейскіх Гульняў.

Аляксей Канстанцінавіч расказаў прысутным шмат цікавага — як у 2001 годзе ў Швецыі па просьбе служыцеляў адной царквы ўпершыню расказаў вернікам, як змог выжыць пасля такой трагедыі, як змагаўся за кожнае імгненне, як змяніліся яго думкі, як яго заўважыў і запрасіў да сябе ў Амерыку папулярны спікер Роберт Харыс, які займаўся дабрачыннасцю, як ён праехаў каля 30 штатаў як лектар-матыватар, як у яго атрымалася стварыць сям’ю і многае іншае.

Сёння прадпрымальніку Талаю даход прыносяць розныя сферы бізнесу, але асноўнай крыніцай фінансаў застаюцца трэнінгі, карпаратыўныя сустрэчы, прыватныя кансультацыі.

Чалавек-легенда з бязмежнымі магчымасцямі, матывацыйны трэнер, паспяховы бізнесмен і заснавальнік дабрачыннага фонду, бацька чацвярых дзяцей, Аляксей Талай на сваім прыкладзе заклікаў маладое пакаленне ніколі не здавацца, не губляць дарэмна сваё жыццё ў інтэрнэце і — самае галоўнае — з цікавасцю пазнаваць навакольны свет, застаючыся вернымі сваёй радзіме, на карысць якой усім нам трэба і развівацца, і працаваць, таму што ніхто не зробіць нас шчаслівымі, акрамя нас саміх.

— Месца, дзе ты з бацькам пасадзіў сваю бярозку, а з дзедам пазнаваў гаспадарчыя мудрасці, і ёсць самае святое месца на зямлі, — падкрэсліў Аляксей Канстанцінавіч. І з гэтым нельга не згадзіцца.

Дарэчы, сярод удзельнікаў сутрэчы былі і людзі на інвалідных калясках. І, мяркуючы па ўсім, яна стане для іх асабліва незабыўнай.

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59