Ноткі Ракава: мясцоваму турызму патрабуюцца інфанагоды

Казачныя вандроўкі рэдка здараюцца ў невялікія паселішчы нават са старадаўняй гісторыяй магдэбургскага мястэчка. Магчыма, нашай выправе ў Ракаў яўна паспрыяў узнёслы настрой пасля жаночага свята. Літаральна праз гадзіну язды мы трапілі да жывой крыніцы, вакол якой руплівасць мясцовых жыхароў відаць нават пад рэштай сакавіцкага снежнага покрыва.

Натхненне пачынаецца з мары
Гаворка ідзе пра тую самую гаючую крыніцу з каплічкай на ўездзе ў Ракаў, дзе некалі стаяў старадаўні манастыр. Гэтая мясціна ўсё больш ажывае дзякуючы цікавасці як ракаўцаў, так і падарожнікаў, такіх як мы самі. Крыж мураванай каплічкі ўжо аздоблены традыцыйным беларускім ручніком. Некаторыя падарожнікі нават пакідаюць манеты ў пластыкавым кубку побач з тым крыжам. Клопатамі неабыякавых людзей насупраць крыніцы з’явілася драўляная купель. Злева наводдаль узвялі храм Узвіжання Крыжа з вітражамі, аўтарам якіх быў майстар Васіль Матусевіч. Варта адзначыць, усё будуецца на бетонным падмурку, што сведчыць пра трываласць намеру аднавіць гэтую бажніцу.

Хоць прыбылі мы на гэтае намоленае месца ў самую рань, але адразу сустрэлі тут мясцовага жыхара, які набраў сабе вады з крыніцы і паведаў нам паданне пра ўзнікненне самога манастыра. У даўніну на гэтым месцы пасярод лесу з зямлі прабілася крыніца. Да яе прыйшоў сляпы, пачаў мыць крынічнай вадой свае вочы і стаў відушчым. Месцічы зрабілі выснову: вада ў крыніцы жыватворная. І вырашылі ўзвесці на гэтым месцы манастыр. Пры выездзе са стаянкі мы таксама спынілі ўвагу на памятным валуне з цытатай з рамана Сяргея Пясецкага «Каханак Вялікай Мядзведзіцы»: «Мары для людзей найвялікшая каштоўнасць. З іх нараджаюцца героі». Гэтыя словы можна смела назваць дэвізам нашага далейшага шляху.
Алеяй да музыкі Грушвіцкага
Далей выправіліся да капліцы Святой Ганны злева ад дарогі. Яна дзейнічае пры каталіцкіх могілках, на якіх у асобнай каплічцы 1920-х гадоў пахаваны адразу дзве княжны Друцкія-Любецкія — Крысціна і Марыя з Грабоўскіх. Але нас найперш зацікавіла асоба кампазітара Міхала Грушвіцкага. У 2020 годзе злева ад могілак міністр культуры Беларусі і пасол Польшчы заклалі алею ў яго гонар. Пры ёй таксама абсталявалі дзіцячую пляцоўку. На саміх могілках мясцовая піяністка Алена Русецкая паказала нам помнікі як самому кампазітару, так і яго брату Каралю. На надмагіллі кампазітара праз мох прабіваюцца ноты яго твора…

Пасля 1930-х гадоў музычная спадчына Грушвіцкага лічылася страчанай. Ва ўяўленні шматлікіх аматараў, у тым ліку нас саміх, — страчана і па сёння. Разам з тым складана пераацаніць важкасць яго ўнёску ў музычную культуру Беларусі і суседніх краін.

У 1860-я гады Міхал Грушвіцкі паклаў на музыку паэтычную драму Адама Міцкевіча «Дзяды», праграмны верш Уладзіслава Сыракомлі «Вясковы лірнік» і верш Габрыэлі Пузыны «Званы для глухіх». Гэтыя творы застаюцца пакуль таямніцай гісторыі.
Са спадчыны Грушвіцкага да нас дайшлі 6 мазурак, па 2 паланэзы і полькі, а таксама вальс і песня
Адзінае, па чым можна толькі здагадвацца пра ўзровень культурнага жыцця ў Ракаве, дык гэта па імені, якім адарыла яго Эліза Ажэшка. Паэтэса называла мястэчка «Паўночнымі Афінамі» за творчыя вечарыны на сядзібе Здзяхоўскага, што збіралі музыкантаў і пісьменнікаў. Іх частым госцем бываў і Грушвіцкі.
Міхала Грушвіцкага можна смела назваць ракаўскім Станіславам Манюшкам
Амаль аднагодак
У пошуку адказаў мы накіраваліся ў Ракаўскую школу мастацтваў, дзе і працуе наша спадарожніца Алена. Але направа ад дарогі сваёй велічнасцю нас скарыла барочная камяніца — храм Праабражэння Гасподняга. Анягож! Бажніца служыць цэнтрам Ракаўскага дабрачыння. Першая драўляная царква на гэтым месцы датуецца ажно 1465 годам, хоць, магчыма, існавала і раней, яшчэ ў XIV стагоддзі, калі ўпершыню згадваецца сам Ракаў. Па ўсім відаць, і тут справа не стаіць на месцы, святыня адраджаецца.

Злева ад царквы мы заўважылі амаль завершаны будынак нядзельнай школы з хлебапякарняй, узвядзеннем якога апякуецца настаяцель Сергій Лепін. Святар паведаміў, што ў царкве захоўваюць копію-спіс ХІХ стагоддзя з Ракаўскага абраза Божай Маці. Сярод іншага, убачылі ў храме драўляную копію крыжа Еўфрасінні Полацкай, якую выканаў той самы мастак Мікалай Кузьміч, што аднаўляў гэты крыж для Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра ў Полацку.

Суседства касцёла і мастацтва
Пасля развітання з храмам мы даехалі да запаветнай школы мастацтваў. Тут нас таксама чакаў усплёск пачуццяў — справа ад вучэльні паўстаў сапраўдны твор неаготыкі. Не менш грандыёзна гучала яго поўная назва з вуснаў нашай мясцовай спадарожніцы — касцёл Маці Божай Ружанцовай і Святога Дамініка. У 1904-1906 гадах яго фундатарамі былі князь Геранім Друцкі-Любецкі і будучы рэктар Віленскага ўніверсітэта Мар’ян Здзяхоўскі, які меў сядзібу ў Ракаве. Між іншым, бацьку апошняга — Эдмунду — кампазітар Міхал Грушвіцкі прысвяціў «Салонную мазурку». Тут жа служыў святаром паэт Аляксандр Астрамовіч, які пачаў чытаць казані (надмагільныя прамовы) па-беларуску.

У больш сціплым аднапавярховым будынку школы мастацтваў наша спадарожніца Алена з калегай сыгралі ў чатыры рукі «Паланэз» Грушвіцкага. Якая ж гэта была казка! Гэта было найлепшае развітанне з Ракавам, пра якое магчыма толькі марыць. Прызнацца, такога прыёму мы не чакалі. Выходзіць, да нашага часу дайшоў і «Паланэз на шлюбную ўрачыстасць» Грушвіцкага, і яшчэ дзясятак іншых музычных твораў. А справа ў тым, што ў 2011 годзе музыказнаўца Святлана Немагай знайшла творы Грушвіцкага ў замежных архівах і музеях Варшавы і Вільнюса, Кракава і Масквы, а таксама Санкт-Пецярбурга.
Зорка Грушвіцкага яшчэ заззяе
У 2012 годзе ў Ракаўскай школе мастацтваў прайшоў першы фестываль-конкурс імя Грушвіцкага. У наступныя гады ў ім узялі ўдзел юныя музыканты з усіх абласцей Беларусі і суседніх краін. У выніку конкурс перанеслі ў сцены больш прасторнага Ракаўскага цэнтра народнай творчасці, таксама на вул. Чырвонаармейскай. У 2016 годзе выйшла нотнае выданне «Творы для фартэпіяна. Песня «Ты!» Аднак творчасць Грушвіцкага засталася прадметам абмеркавання ў вузкіх прафесійных колах — тыраж выдання ў 99 асобнікаў істотна не дацягваў да запаветных 300 для абавязковай рэгістрацыі ў Нацыянальнай кніжнай палаце Беларусі.




Папулярызацыю творчасці аўтара прыпыніла і каранавірусная пандэмія, сам конкурс імя Грушвіцкага адклалі да найлепшых часоў. І яны нарэшце насталі. Традыцыйна ўрачыстае мерапрыемства праводзяць у красавіку. Але зараз, напэўна, давядзецца пачакаць да наступнага года. Аднаўленне конкурсу на рэспубліканскім узроўні з удзелам замежных гасцей патрабуе сур’ёзнай падрыхтоўкі. Разам з тым створаная перад пандэміяй інфраструктура яўна спрыяе ўздыму музычнага свята і ператварэнню Ракава ў сезонную разынку для турыстаў.

Рекомендуем


