Аб чым перамовы кіраўнікоў Беларусі і Расіі ў Нова-Агарове

17 лютага Аляксандр Лукашэнка прыбыў на перамовы з Уладзімірам Пуціным, якія распачаліся ў падмаскоўным Нова-Агарове. У ходзе папярэдняй тэлефоннай размовы 5 лютага кіраўнікі дзяржаў дамовіліся, што галоўнай мэтай сустрэчы меў стаць кантроль за выкананнем урадамі даручэнняў у галіне імпартазамяшчэння з трэціх краін. 16 лютага кіраўнік Беларусі дадаткова назваў пытанні энерганосьбітаў і адзінага рынку сярод пастаўленых перад урадамі галоўных задач. Ён таксама ўдакладніў, што найперш абмеркаванне мела тычыцца фінансавання імпартазамяшчэння.
Напярэдадні перамоў, 14 лютага беларускі пасол у Расіі Дзмітрый Крутой заявіў пра ажыццяўленне Саюзных праграм Беларусі і Расіі на 71%. Пры гэтым пасол згадаў, што працягваецца праца Групы высокага ўзроўню Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы наконт развіцця біржавога гандлю, прызнання электроннага лічбавага подпісу і выраўноўвання тарыфаў на чыгуначныя грузаперавозкі. Сярод іншага, Дзмітрый Крутой прызнаў наяўнасць напрамкаў, якія пакуль адстаюць. Ужо на наступны дзень, 15 лютага віцэ-прэм’еры Беларусі і Расіі Пётр Пархомчык і Дзяніс Мантураў падпісалі Пагадненне «Аб адзінай прамысловай палітыцы». Яно мае дзейнічаць тры гады і прадугледжвае пашырэнне падтрымкі лакалізавання вытворчасці. Надалей Пагадненне будзе падаўжацца аўтаматычна пры адсутнасці пярэчання бакоў.
10 лютага Нацыянальны статыстычны камітэт Беларусі паведаміў, што ў 2022 годзе імпарт скараціўся на 7,6%. Яшчэ раней, 26 студзеня Банк Расіі абнародаваў інфармацыйна-аналітычны каментарый «Плацежны баланс Расійскай Федэрацыі», у якім згадаў спад імпарту на 9,1%. Таму на сённяшні дзень пытанне насычэння ўнутранага рынку таварамі стаіць параўнальна вастрэй для нашых усходніх суседзяў. Адсюль і зацікаўленасць у фінансаванні пашырэння ў Беларусі вытворчасці вузлоў і дэталяў, а таксама закупкі гатовага абсталявання і тэхнікі, у тым ліку ў рамках дзяржаўных закупак.
Ужо цяпер у Мінскай вобласці найпершым кандыдатам на адпаведнае фінансаванне ёсць завод «Рудзенск» у Пухавіцкім раёне. Тут вырабляюць аўтамабільныя фары для расійскіх аўтамабіляў марак «УАЗ», «ПАЗ», «ЛіАЗ», «АўтаВАЗ» і «Урал». Другім беларускім прадпрыемствам, якое варта назваць з гэтай нагоды, ёсць «Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання». Летась яго пастаўкі дазволілі працягнуць, а ў некаторых выпадках і аднавіць працу канвеераў на Волжскім, Горкаўскім і Камскім аўтазаводах. Пытанне стаяла настолькі надзённа, што 21 ліпеня расійскі пасол у Беларусі Барыс Грызлоў асабіста наведаў завод «БАТЭ» разам са старшынёй Мінскага аблвыканкама Аляксандрам Турчыным. Але гэта толькі пара прыкладаў у адной прысталічнай вобласці, якая апынулася на слыху. Анягож! Месяцам раней за той візіт Федэральная служба дзяржаўнай статыстыкі Расіі паведаміла, што ў маі аўтавытворчасць у Расіі абвалілася на 97%.
Памятайма і пра ўласна беларускія зацікаўленасці ў дадзеным, здавалася б, вузкім пытанні замяшчэння заморскага імпарту. На першы погляд адказ ляжыць у дзіўнай для нашай краіны плоскасці, бо сельская гаспадарка і харчовая прамысловасць не толькі забяспечваюць патрэбы айчынных спажыўцоў, але і накіраваныя на экспарт, часам кратна большы за ўнутраны рынак. Разам з тым, адсутнасць выхаду да мора ставіць перад перапрацоўчай галіной адвечнае пытанне пошуку якаснай рыбнай сыравіны. У тым ліку і з гэтай нагоды 16 лютага Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу як на пастаўкі з Далёкага Усходу, гэтак і на разбудову порта ў Мурманску. Дарэчы будзе згадаць, што сярод іншых Паўночны марскі шлях асвойвалі гідрограф Барыс Вількіцкі, які меў беларускае паходжанне, і акадэмік Ота Шміт родам з Беларусі. Таму адпаведныя марскія прасторы для нас зусім не чужыя. Разам з тым, гэта толькі адзін з аспектаў паставак імпартнай сыравіны, зразумелы кожнаму беларускаму спажыўцу. Як бачым, нават адна заяўленая тэматыка галоўнай часткі перамоў можа заняць палову працоўнага дня. Застаецца толькі выказаць здагадку, што пытанні энерганосьбітаў і адзінага рынку будуць істотным аспектам як гэтых, гэтак і наступных перамоў на кожным з узроўняў цягам года. Прынамсі ў красавіку-маі рыхтуецца пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета СД. Урэшце, 14 лютага беларускі пасол Дзмітрый Крутой слушна заўважыў, што кіраўнікі дзяржаў падпісалі асноўныя напрамкі ажыццяўлення палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2021—2023 гады. Таму нова-агароўскую сустрэчу, пэўна, варта разглядаць як адну з шэрагу іншых на найвышэйшым узроўні, што чакаюцца сёлета.
Подписывайтесь на наш Telegram-канал Минская правда|MLYN.by, чтобы не пропустить самые актуальные новости!
Рекомендуем

