Дажынкі-2022 адзначылі Бярэзінцы. Расказваем, як гэта было
16 верасня хоць і быў днём будзённым, але для бярэзінцаў ён аказаўся датай святочнай: працаўнікі сельскай гаспадаркі, а разам з імі і работнікі прамысловасці іншых сфер народнай гаспадаркі адзначалі раённае свята Дажынак. Ладзілася яно ў аграгарадку Брадзец, які да гэтага дня стаў непазнавальна прыгожым і памаладзеўшым. Пра гэта піша «Бярэзінская панарама».
Адметнасцю сёлетніх дажынак стала тое, што адзначаліся яны напярэдадні Дня народнага адзінства. Гэтая акалічнасць не раз узгадвалася на працягу ўсяго мерапрыемства. Таму невыпадкова старт святу дала ўскладанне кветак да помніка загінуўшым у час Вялікай Айчыннай вайны жыхарам Брадца.
Ляглі жывыя кветкі і да падножжа помніка ахвярам вёскі Уцешына, якая была спалена карнікамі падчас акупацыыі Бярэзіншчыны. Так, мы жывыя пакуль памятаем сваю гісторыю і мы моцныя ў сваіх дзеяннях, пакуль мы адзіныя. Менавіта дзякуючы адзінству і згуртаванасці нам удалося многага дасягнуць і шмат чаго зрабіць, у тым ліку і паспяхова правесці сёлетнюю уборачную кампанію. Яе вынікам і яе героям і прысвячалася мерапрыемства.
Яскравым доказам нашага адзінства стала праведзеная напярэдадні свята раённая акцыя «Хлеб адзінства». Падчас яе ўсе прадпрыемствы выпякалі караваі з падзячнасцю хлебаробам з мукі ўраджаю 2022 года. Гэтыя караваі з’ядналіся ў адзін вялікі «Каравай адзінства», які сімвалізуе адзінства нашага народа і нашу здольнасць да вялікіх і маштабных спраў. Менавіта гэтым караваем і сустракалі гасцей Дажынак яго арганізатары. Аказаўся ён такім магутным, што для яго дастаўкі спатрэбіўся вялікі энерганасычаны трактар.
Іх зараз у гаспадарках раёна нямала. А калісьці, калі наш горад быў толькі мястэчкам і належыў графу Патоцкаму, усе сельскагаспадарчыя работы выконваліся ўручную, талакой. Тады ж таксама пасля завяршэння ўборкі ладзілася свята, а графу дэманстравася багаты вырашчаны ўраджай. Сёння вынікі працы мы дэманструем самім сабе, радуемся вялікаму раджаю, бо ведаем, што ён з’яўляецца залогам нашага дабрабыту, заможнага жыцця і стабільнасці краіны. І як не адзначыць за плён і стараннасць лепшых з лепшых, не падзякаваць кожнаму занятаму на жніве за яго ўдзел у агальнадзяржаўнай справе.
А людзей такіх аказалася сёлета нямала. Уручаючы ўзнагароды пераможцам раённага спаборніцтва сярод гаспадарак, камбайнераў, вадзіцеля і маністаў зернесушыльных комплексаў, старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Дзішук адзначыў:
— Няхай год ад года цяжэйшым становіцца колас на Бярэзінскай зямлі, становяцца багацейшымі наш раён і наша краіна. Віншую вас са святам дажынак і надыходзячым Днём народнага адзінства. Гэтае свята, як і жніво, валодае аб’ядноўваючай і стваральнай энергетыкай, падкрэслівае пераемнасць пакаленняў, незыблімасць і самадастатковасць беларускай дзяржавы. Дзякуй вам усім за старанную працу!
Не былі забыты і маладыя перадавікі спаборніцтва. На свяце віталі таксама і маладых спецыялістаў сельскай гаспадаркі. Ад іх імя слова трымала бухгалтар ААТ «Бярэзінскі райаграсэрвіс» Інга Габец.
Акрамя таго шэраг удзельнікаў жніва былі адзначаны і падзякамі раённага выканаўчага, якія ўручыла першы намеснік старшыні райвыканкама — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Карына Аруцюнян. Граматы і падзякі лепшым уручалі таксама старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Марына Каўзуновіч, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Алена Токан, першы сакратар РК БРСМ Кацярына Аўрамчык, а таксама старшыня раённай арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Алена Жолудзева.
Са словамі віншаванняў са святам, а таксама з падарункамі ўзнімаліся на сцэну прыбыўшыя на Дажынкі першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Заводскага раёна Мінска Уладзімір Шыбека, прадстаўнік рэспубліканскага дачэрняга вытворчага гандлёвага ўнітарнага прадпрыемства «Малочны гасцінец» Таццяна Казялкова, а таксама дырэктар сумеснага закрытага акцыянернага таварыства «Колас» Стаўбцоскага раёна Аляксандр Скрыпко, які, дарэчы, аказаўся выхадцам Бярэзінскай вёскі Месціна. У свяце прымаолі ўдзел таксама прадстаўнікі прадпрыемстваў-інвестараў — намеснік генеральнага дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства «Мінскі завод колавых цягачоў» Аляксандр Сілівончык і намеснік генеральнага дырэктара адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі сыраробчы камбінат» Вадзім Петручэнік.
У ходзе свята былі агучаны вынікі некалькіх конкурсаў. Так, у конкурсе на лепшую саламяную скульптуру пераможцамі сталі СУП «Здравушка-агра», СУП «АграМАЗ» і ААТ «Багушэвічы». У гэтым жа конкурсе прыз глядацкіх сімпатый па выніках інтэрнет-галасавання, якое праводзіла газета «Бярэзінская панарама», дастаўся калектыву ААТ «Пагосцкі», па выніках галасавання ў тэлеграм-канале «Беразіно ньюс» — філіялу ТАА «Ома». Быў названы і лепшы спечаны да свята каравай. Яго аўтарамі сталі прадстаўнікі ААТ «Уша», ААТ «Бярэзінскі райаграсэрвіс» і СУП «АграМАЗ». Не забылі арганізатары, а дакладней кампетэнтнае журы, назваць і лепшы падворак, якія на свяце прадстаўлялі ўсе сельгасвытворцы раёна. Тут ганаровыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае — ААТ «Брадзец», другое — СУП «АгрМАЗ», трэцяе — СУП «Здравушка-агра».
Пасля завяршэння ўрачыстай часткі мерапрыемства яго ганаровыя госці азнаёміліся з работай мясцовай амбулаторыі, якая напярэдадні свята таксама набыла новы выгляд. А для іншых удзельнікаў свята на сцэне працягваўся канцэрт майстроў мастацтваў г. Мінска. Актыўнаму адпачынку садзейнічалі таксама работа гандлёвых кропак і дзіцячых атракцыёнаў.
Подписывайтесь на наш Telegram-канал Минская правда|MLYN.by, чтобы не пропустить самые актуальные новости!