Казачны кавалачак зямлі. Зазірнулі на хутар, дзе жыве толькі адна сям’я
Калі выпраўляешся ў паселішча, што знаходзіцца недзе за бяскрайнім лясным масівам, уяўляеш сабе: ну, мабыць, там дзве-тры старыя хаткі стануць няўмела запрашаць да сябе ў госці — а ты дзікавата на іх паглядаеш і шукаеш прычыны, каб не зайсці туды. Але ж вось за лесам ужо відаць вольную прастору, засталося толькі звярнуць…
І раптам трапляеш у сапраўдную казку, а дакладней — на хутар Пятрова, што ў Стаўбцоўскім раёне. Ведаеце, колькі тут пражывае чалавек? Усяго толькі мужык з жонкаю. А як ім не страшна жыць так далёка ад людзей — мы вам раскажам.
За перыяд з 2018 года 32 дамы знесены ў Літвенскім сельсавеце, дзе знаходзіцца хутар
Самы шчаслівы час — дзяцінства ў вёсачцы
А тут ужо сустракае Марыя Ярашынская з сынам. Муж Віктар зараз на рабоце, а другі сын — у Мінску. Затое можна пагладзіць двух катоў пароды мэйн-кун і сабаку Лайку, яна сама заскоча вам на рукі (не тое каб атрымлівалася, але намаганні сур’ёзныя).
Марыя Бярнардаўна сама не адсюль, а з вёсачкі Круткі Пастаўскага раёна Віцебскай вобласці. Пастаянных жыхароў у ёй няма — толькі гарадскія прыязджаюць на лецішча. Здарылася тое ж самае, што і з большасцю пакінутых вёсак: моладзь імкнулася ў горад, а старыя з цягам часу паўміралі. Марыя Бярнардаўна і сёння наведвае родную вёску хаця б раз на год, каб схадзіць да бацькоў на могілкі ды сустрэцца з сястрой, якая і сёння жыве ў Пастаўскім раёне.
— Дзяцінства як і ў большасці людзей было. Нарадзілася я ў 1962 годзе, памятаю сямідзясятыя. Вось у 1970-м пайшла ў пачатковую школу — яшчэ ў нашай вёсцы яна была. А потым ужо ў васьмігадовую — за сем кіламетраў ад нас. Летам хадзілі пешшу, зімой на конях бацькі па чарзе падвозілі. Потым у дзявятым-дзясятым класе жыла ў інтэрнаце ў пасёлку Варапаева, скончыла там сярэднюю школу. Ну, і паступіла вучыцца ў Маладзечна, адтуль — па размеркаванню ў Мінск, дзе і пазнаёмілася са сваім мужам. А дзяцінства што? Дапамагалі бацькам, гулялі… Самы шчаслівы час быў! — прыгадвае Марыя Ярашынская.
У тэхнічным вучылішчы набыла інжынерную спецыяльнасць, працаваць яе адправілі на завод «Інтэграл» мантажнікам радыёапаратуры. Там Марыя Бярнардаўна ўпершыню сустрэлася з будучым мужам і праз некаторы час пераехала на яго малую радзіму. Не супраць яна яшчэ раз ажывіць гэтыя ўспаміны:
— Мы пазнаёміліся ў 1980 годзе, доўга сустракаліся. Проста я вучылася з яго сястрой стрыечнай у адным вучылішчы. Ну, і так вось атрымалася. Спачатку бавілі час разам, а замуж выйшла толькі праз тры гады. Таты і мамы тады ўжо не было ў жывых. А праз год пасля ўсіх трагедый мы з Віктарам пажаніліся. І не шкадую, што пераехала, прывыкла ўжо на хутары жыць.
Як прызнаецца наша гераіня, на хутар пераязджалі ўлегцы — у Мінску яны жылі на здымнай кватэры з маленькім сынам, на хутары заставаліся толькі адны бацькі мужа.
— Маці Віктара была хворая. Ну, яна папрасіла сына, каб пераехаў. А мне не было як адмаўляцца, бо маіх бацькоў не было ўжо і ў Мінску нічога не трымала, — разважае Марыя Бярнардаўна. — Так мы і пераехалі сюды. Сыну быў месяц на той час. Тут другі нарадзіўся праз тры гады.
На хутарку дыхаецца лягчэй
Вядома, некалі жылі на гэтым хутары іншыя людзі, розныя сем’і, але ўжо даўно ператварыўся ён, можна сказаць, у дынастыйны. Так жыхары бліжэйшых населеных пунктаў і завуць яго: хутар Пятрова-Ярашынскіх. Калісьці свёкар Марыі Бярнардаўны купіў старэнькую хатку, а пазней, у 1960-м, пабудаваў новую на гэтым месцы, у якой зараз наша гераіня з мужам і жыве. У бацькоў Віктара было пяцёра дзяцей — вось ім дасталася іншая новабудоўля. Яны любяць прыязджаць сюды на лета, астатні час жывуць у горадзе.
— Сям’я наша была некалі вялікая, бо жылі з бацькамі. А зараз — муж, я і два сыны, — сумна распавядае Марыя Бярнардаўна.
Абодва сыны зараз жывуць і працуюць у Мінску, але часта бываюць у гасцях, муж — шафёрам у Стаўбцоўскім доме-інтэрнаце, а сама яна ўжо на пенсіі, займаецца гаспадаркай.
— Была я адразу малаказборшчыкам, ад насельніцтва прымала малако. Потым скончыла курсы, стала тэхнікам-асемянатарам і працавала на ферме ў Пятрылавічах, — працягвае жанчына. — Дабірацца было цяжка, тры кіламетры адсюль да фермы. Ну, здала на правы ды ездзіла на «уазіку» на работу і з работы. Я год толькі на пенсіі папрацавала.
Сумаваць Марыі Бярнардаўне не выпадае. Спраў па гаспадарцы заўсёды хапае, праўда, як прызнаецца жанчына, за апошні час іх паменшала:
— Гаспадарку трымаем невялікую. Яшчэ год таму кароўка была — цяпер ужо збылі. Трохі сілы не тыя, і не кожны раз хлопцам атрымліваецца дапамагчы нам. У кожнага свая работа. А я тут займаюся кветкамі, люблю расліны. Летам — клумбы, агарод, зімой — вазоны. Тэлевізар, тэлефон — як і ва ўсіх.
Сям’я Ярашынскіх сама забяспечвае сябе ўсім неабходным. Муж Віктар, як едзе на працу, купляе ў горадзе прадукты і рэчы па жончыным спісе. Сыны часта наведваюць, ды сама Марыя Бярнардаўна можа ў любы момант паехаць у Стоўбцы ці Івянец.
Але ж не здаваўся б гэты хутар такім казачным, калі б не таямнічы лес навокал і шумлівае возера. Ёсць тут нават веласцежка, па якой жанчына любіць шпацыраваць. Кажа, заседзішся ў хаце, а тут вось якая прырода прыгожая. Летам, канешне, весялей, калі сваякі з унукамі прыязджаюць. Сваіх жа ў Марыі і Віктара пакуль няма.
У чым сям’я Ярашынскіх упэўнена на сто працэнтаў, дык гэта ў тым, што ні ў які горад не пераедуць. Марыя Бярнардаўна сцвярджае, што жыць на хутары зусім не страшна:
— Ну а каго баяцца? Людзей ці звяроў? Звяры проста так не пакрыўдзяць, а людзям мы прывыклі верыць. Яшчэ не было такога ў нас, каб штосьці здарылася. Вядома, жыць тут падабаецца. Я як пабуду ў Мінску з раніцы да вечара, мне вельмі цяжка, хочацца дадому. Тут дыхаецца лягчэй.
А як навокал?
Літвенскі сельсавет, у склад якога ўваходзіць хутар Пятрова, невялікі па колькасці насельніцтва — 1,4 тысячы чалавек на 41 населены пункт. Але адзін з самых вялікіх па тэрыторыі. Летам народу становіцца значна больш, прыязджаюць дачнікі. Дзеці берагуць спадчыну сваіх бацькоў і продкаў. Ды і заўсёды ёсць попыт на зямельныя ўчасткі: сем-восем у год дакладна прадаецца пад будаўніцтва жылых дамоў. Некаторыя гараджане, выйшаўшы на пенсію, пакідаюць кватэры сваім дзецям, а самі перабіраюцца ў вёску.
Тут добрыя транспартныя сувязі са сталіцай, ходзяць рэгулярныя маршруты. Пра сельскіх жыхароў памятаюць: прадукты прывозяць, дарогі чысцяць, медыцынскую дапамогу дастаўляюць (маюцца на ўвазе перасоўныя медыцынскія комплексы).
Старыя безгаспадарныя дамы працягваюць зносіць. У мінулым годзе з 14 пустуючых дамоў пяць знеслі, тры прадалі (за адну базавую велічыню). Бываюць і такія выпадкі, калі на адзін дом маецца два пакупнікі — тады праводзіцца аўкцыён.
Што ні кажы, працоўныя рукі ўсё роўна Літвенскаму сельсавету патрэбны. Нядаўна тут аб’ядналі дзве гаспадаркі, людзі адчулі магчымасць зарабіць, пачалі ўладкоўвацца на працу. А вось з культурнай дзейнасцю крыху больш складана, але некаторыя мерапрыемствы праводзяцца. З вясны пачынаецца падрыхтоўка да традыцыйнага свята вёскі, на працягу года выступаюць розныя калектывы, ушаноўваюцца жыхары за ўнёсак на карысць родных мясцін.