Generic selectors
Exact matches only
Search in title
Search in content

Музыка, танцы, спорт. У валожынцаў з’явіўся яшчэ адзін сучасны будынак для развіцця дашкольнікаў

Музыка, танцы, спорт. У валожынцаў з’явіўся яшчэ адзін сучасны будынак для развіцця дашкольнікаў
Фото: Воложинская районная газета «Працоўная слава»‎

21 лютага ў Валожыне ўрачыста адкрылі філіял дзіцячага яслі-сада. Ён размясціўся ў будынку ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама па вуліцы Партызанскай, дзе калісьці знаходзіўся сацыяльны прытулак.

З радаснай падзеяй першым прысутных павіншаваў кіраўнік раёна Яўген Круковіч:

— Сёння мы робім вельмі важную справу для маленькіх валожынцаў, — адзначыў старшыня райвыканкама. — Упэўнены, што памяшканні ў хуткім часе напоўняцца дзіцячым смехам і выхаванцы з задавальннем будуць прыходзіць сюды. Тут створаны неабходныя ўмовы для ўсеагульнага развіцця дзяцей. Але тым не менш, плануем яшчэ знайсці магчымасць, каб пераабсталяваць трэці паверх для дзвюх груп дашкольнікаў.

Новая мэбля, цацкі, з густам аформленыя памяшканні. Адчуваецца, усё зроблена для таго, каб дзеткам хацелася раніцай з вялікім жаданнем ісці ў дзіцячы садок. Для зручнасці арганізаваны асобныя спальныя памяшканні і гардэробны пакой для верхняга адзення.

Месцы для навучання дзяцей абсталяваны сучаснай мэбляй. Ёсць куток для заняткаў па пажарнай бяспецы і правілах дарожнага руху.

У музычнай зале выхаванцы змогуць не толькі спяваць, танцаваць, але і граць на інструментах, займацца фізкультурай.

У кабінеце псіхолага-дэфектолага будзе камфортна займацца развіццём мовы.

Для гульняў на свежым паветры для дзяцей абсталююць новыя пляцоўкі.

Для выхавацеляў таксама маецца інфармацыйны цэнтр. Іх штат, дарэчы, папоўніўся. Бо адкрыццё новых груп дазволіла стварыць новыя працоўныя месцы.

Даведка МЛЫН.BY. На пачатак навучальнага 2021 года ў ДУА «Дзіцячы сад № 3» налічвалася 136 дзяцей. Яны выхоўваліся ў 6 групах па 27-30 чалавек. А пасля адкрыцця новых памяшканняў груп стане ўжо 8 з колькасцю да 20 чалавек у кожнай.

Дадатковыя групы арганізаваны ў былым будынку сацыяльнага прытулку. На працягу 2021 года тут быў праведзены рамонт, на які выдаткавалі 40000 рублёў з абласнога і 206117,49 рубля з раённага бюджэтаў.