Магія беларускай мовы. Міжнародны дзень Роднай мовы адзначылі ў Купалаўскім тэатры
Прыгожая, пявучая, неверагодна паэтычная і меладычная – гэта ўсе эпітэты аб роднай беларускай мове. Сёння, 21 лютага, у Міжнародны дзень Роднай мовы, у зале Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы праходзіць мерапрыемства пад назвай «Дзень роднай мовы. Мелодыка маёй душы», якое арганізавана грамадскім аб’яднаннем «Беларускі саюз жанчын».
Урыўкі з лепшых твораў беларускай літаратуры гледачам прапанавалі людзі розных прафесій і статусаў, пасад і ўзростаў. Але аб’ядноўвае іх адно — шчырая любоў да роднай мовы. Словы прывітання адрасавала ўсім старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Вольга Шпілеўская:
— Пакуль жыве родная мова — жыве народ, жыве нацыя! Вялiкi дзякуй усiм тым, хто прыняу ўдзел у гэтым мерапрыемствы! I памятайце, Беларускi саюз жанчын заўседы разам з вамi!
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Алекшыцкай сярэдняй школы Бераставецкага раёна Галіна Румак пазнаёміла з творам свайго земляка, члена саюза пісьменнікаў СССР Івана Леткі.
Дырэктар Дома культуры пасёлка Энергетыкаў Аляксандр Станкевіч прачытаў урывак твора Ніла Гілевіча «Родныя дзеці».
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Рудзенскай сярэдняй школы Алена Чарнаус выступіла з урыўкам твора Уладзіміра Караткевіча «На Беларусi Бог жыве».
Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Веніямін прачытаў верш Максiма Багдановiча «Псалтыр», а таксама падарыў арганiзатарам мерапрыемства кнiгу Псалтыр.
Намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Луцкі дэкламаваў твор Пятро Глебкi «Пасылка». Творчасць гэтага аўтара нагадвае аб цане мірнага неба над нашай галавой, распавядае аб самых разнастайных гісторыях салдат і мірных людзей, якія паняволі апынуліся на фронце.
Пад бурныя авацыі залы на сцэну выйшла народная артыстка Рэспублікі Беларусь Марыя Захарэвіч, якая пранікнёна прачытала ўрывак з паэмы Генадзя Бураўкіна «Хатынскі снег».
Затым зал падтрымаў дружную і моцную сям’ю Мінько з Дзяржынска — бацькоў Сяргея і Кацярыну і іх дачушку Аленку.
Намеснік дырэктара Гомельскай абласной універсальнай бібліятэкі імя Леніна Таццяна Барабаншчыкава прачытала ўрывак са знаёмага ўсім твору Максіма Багдановіча «Зорка Венера».
Генеральны дырэктар інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА Ірына Акуловіч пазнаёміла зал са сваім любімым творам беларускага паэта Яугенii Янiшчыц «Ты паклiч мяне, пазавi».
Першы намеснiк Міністра культуры Рэспублікі Беларусь Валерый Грамада падзякаваў арганізатарам за ўвагу к роднай мове і прадэкламаваў урывак з паэмы Пятруся Броукі.
Каб адчуць меладычнасць беларускага гумару на сцэну запрасілі старшыню праўлення Другога нацыянальнага тэлеканала Марата Маркава. Марат Сяргеевіч выступіў з байкай Кандрата Крапiвы «Ганарысты парсюк».
Галоўны рэдактар выдавецкага дома «Беларусь сёння» Дзмітрый Жук дэкламаваў твор Максiма Багдановiча «Трыялет».
Напрыканцы мерапрыемства на сцэну падняўся старшыня Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Беларусь, галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Аляксандр Карлюкевіча, які выступіў з творам Пiмена Панчанкi «Наша краiна».
Цудоўны настрой гасцям стваралі аркестр Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы, салiст Аляксандр Кісялёў, артысты Вялікага тэатра Беларусі.