Generic selectors
Exact matches only
Search in title
Search in content

Банды на Міншчыне. Як стагоддзе таму пры падтрымцы Польшчы беларусаў рабавалі і забівалі

Банды на Міншчыне. Як стагоддзе таму пры падтрымцы Польшчы беларусаў рабавалі і забівалі
Фото: из открытых источников

Вытокі арганізаванага бандытызму ў той час фарміраваліся на тэрыторыі сучаснай Польшчы пад кіраўніцтвам былога камісара Часовага ўрада ў Пецярбургу контррэвалюцыянера Барыса Савінкава і атамана Булак-Балаховіча. Аперацыі праводзіліся з мэтай падрыву дзяржаўнага ладу, разбурэння народнай гаспадаркі.

А разгром Слуцкага паўстання ў снежні 1920 года толькі паспрыяў націску крымінальнай навалы ў Беларусі.

Зімой 1920-21 г.  адбыліся два ўзброеныя напады на пасёлак Вызна. Першы раз ворагі схапілі 10 прадстаўнікоў мясцовай грамадскай і праваахоўнай улады, шасцёра з якіх былі потым знойдзены сялянамі забітымі. Другі раз, ужо ў лютым, Вызну захапіла банда колькасцю каля 200 чалавек, у складзе якой бачылі і польскіх жаўнераў. За пяць гадзін яны разрабавалі некалькі дзясяткаў дамоў і пабілі звыш 50 жыхароў-яўрэяў.

Дагавор не выратаваў

Усе спадзяваліся, што гэтыя жудасці спыняцца пасля падпісання Рыжскага мірнага дагавора, згодна з якім бакі абавязваліся не ствараць і не падтрымліваць на сваіх тэрыторыях  арганізацыі ці вайсковыя групы, якія мелі задачу ўзброенай барацьбы супраць аднаго з бакоў.

Час паказаў, што дагавор выконваўся толькі беларускім бокам. Урад Польшчы працягваў падтрымліваць тэрарыстаў, што ўскладняла намаганні Чырвонай Арміі навесці парадак на мяжы.

Пасля ратыфікацыі мірнага дагавора становішча на памежнай тэрыторыі пагоршылася настолькі, што ў маі ў Слуцку ствараецца павятовая камісія па барацьбе з дэзерцірствам і бандытызмам пад началам старшыні стралковай дывізіі камісара Грыбава. Толькі і гэтых сіл не хапала.

…Вясновай раніцай сакратар Слуцкага павятовага выканкама атрымаў тэлеграму ад Урэцкага прафсаюза: «26 мая в 3 часа утра в Любань вступила большая банда с пулеметами. В настоящую минуту происходит настоящая расправа, издевательство, насилие. Часть населения спаслась. В Уречье положение отчаянное. Нужна экстренная помощь».

Польскі вайсковы пракурор палкоўнік Лісоўскі, які расследаваў скаргі на дзеянні балахоўцаў, апісваў баявую дзейнасць банды Балаховіча ў барацьбе «за свабоду Беларусі»: «...войска Балаховіча ўяўляе сабой банду разбойнікаў, якая перапраўляе нарабаванае золата. Каб заняць які-небудзь горад, пасылаецца банда, салдаты якой рабуюць і забіваюць. І толькі пасля шматлікіх пагромаў, праз два дні, прыязджае Балаховіч са сваім штабам. Пасля рабавання пачынаюцца п’янкі. ...Што тычыцца Балаховіча, ён дазваляе рабаваць, інакш яны адмовіліся б прасоўвацца наперад... Кожны афіцэр, які ўступае ў войска Балаховіча, аблівае сябе брудам, які нічым нельга змыць... »

Але Любань тым часам ужо гарэла з усіх бакоў, і дапамагчы ёй не паспелі: атрады Балаховіча сілай каля 100 штыкоў пры падтрымцы жыхароў навакольных вёсак, таксама ўзброеных вінтоўкамі, спалілі будынак Любанскага валаснога выканкама, расстралялі каля 50 чалавек, яшчэ столькі ж паранілі, разрабавалі шмат дамоў і мясцовую бальніцу, нагрузіўшы 10 падвод усялякага дабра, і ўцяклі ў невядомым кірунку.

Вельмі хутка тэрыторыя, занятая варожымі элементамі, стала пашырацца. Камісар Грыбаў паведамляў старшыні павятовага палітбюро КП(б)Б у Слуцку: «По имеющимся в штабе бригады данным разведки в районе деревень Милковичи, Махновичи, Долгое и Дубровина все пункты в 10-16 верстах южнее и юго-восточнее м. Сторобино находятся в руках 4 крупных бандитских организаций, именующихся отрядами Балаховича и имеющих намерение напасть на Сторобин — Вызна и Слуцк».

Слуцк застыў у трывожным чаканні, на мастах выставілі варту, узмацнілі патрулі на ўскраінах. У ноч на 2 чэрвеня атрад з 40-50 чалавек у вёсцы Вялешня непадалёк ад Капыля забіў старшыню валаснога выканкама, схапіў пячатку, важныя дакументы і ўцёк. А Старобін пацярпеў на наступную ноч: балахоўцы захапілі валвыканкам і гаспадарылі там па поўнай.

Трэба адзначыць, што бандытызм у Беларусі, акрамя антысавецкага характару, меў выразны антысеміцкі настрой. Аб гэтым сведчыць пратакол агульнага сходу яўрэяў Пагоста, што адбыўся 1 чэрвеня 1921 года: «Как стало известно, бандиты повсеместно  нападают на мирное беззащитное еврейское население, убивают жителей, грабят и насилуют. За такие гнусные злодеяния бандиты остаются безнаказанными по случаю поддержки некоторого несознательного белорусского крестьянства, которое еще не чувствует, насколько вреден бандитизм, т. к. бандиты мешают заниматься мирным трудом, разрушают созданное, увеличивают страдания в будущем. А потому мы, собравшиеся, единогласно ставим перед собой задачу: бороться всеми способами против банд, помогая во всем властям. Одновременно возбудить ходатайство перед местным уездвоенкоматом о выдаче нам винтовок с патронами по числу людей (и один пулемет), нами уже соорганизованных в количестве 92 человек…»

Пад маласвядомым беларускім сялянствам меліся на ўвазе заможныя сяляне і родзічы былых паўстанцаў, контррэвалюцыянераў. Менавіта яны актыўна ўдзельнічалі  ў налётах на населеныя пункты, помсцячы савецкай уладзе за камітэты беднаты, харчразвёрстку і іншае.

Смерць у Конга

Трэба адзначыць, што ў красавіку 1921 года наркаматамі замежных спраў РСФСР і Украіны  былі накіраваны ў Польшчу ноты пратэсту ў сувязі з парушэннем мірнага дагавора. На гэта Украіне адказалі, што Пятлюра і іншыя атаманы знайшлі прытулак у Польшчы. У адрас РСФСР паступіў адказ ад Яўстафія Сапегі, дзе значылася, што Польшча не парушала ўмовы дагавора.

Як стала вядома, Савінкаў атрымаў ад польскага генштаба 25 млн марак, якія патраціў на барацьбу з беларускім сялянствам і законнай уладай.

Яўстафій Сапега — польскі дзяржаўны дзеяч, князь, міністр замежных спраў Польшчы (1920-1921), кансерватыўны палітык, дэпутат сейма.

Лёс пакараў Яўстафія Сапегу за прыкрыццё тэрарыстычнай дзейнасці Польшчы і за іншыя справы. У 1939 годзе ён быў асуджаны і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Ад расстрэлу яго ўратавала толькі знаёмства з Чэрчылем. Але ў Еўропе Сапегу ўжо не было прытулку, ён памёр у далёкім Конга…

Шмат часу спатрэбілася беларусам, расіянам і ўкраінцам, каб прымусіць Польшчу спыніць захопніцтва і бандытызм. Але толькі разам нашы народы дасягнулі поспеху.

Тэкст: Вольга Русаковіч

Фота: з адкрытых крыніц

Рекомендуем