Меню

Тут была Дальва. Жыццё ў спаленай вёсцы так і не адрадзілася

Тут была Дальва. Жыццё ў спаленай вёсцы так і не адрадзілася
Фото: з архіва Уладзіміра ЦЕРАБУНА

Велічная постаць жанчыны-маці, да якой даверліва прытулілася, абхапіўшы яе сваімі ручкамі, бездапаможнае хлапчанё, а за спінаю — чорныя абгарэлыя бэлькі… На плітах Сцяны памяці словы: “Людзі, схіліце галовы перад памяццю жыхароў вёскі Дальва, нявінна загубленых 19 чэрвеня 1944 года”.

Дальву ўвесь час называлі сястрой Хатыні: злучаныя агульным лёсам вёскі аддзяляюць каля 20 кіламетраў. “Дальва — сястра Хатыні” — менавіта такую назву мела кніга Мікалая Гірыловіча, адзінага, каму пашчасціла выжыць у знішчанай разам з насельнікамі вёсцы. У Дальве, у агульнай магiле, знайшлі вечны спачын і родныя Мікалая Пятровіча: маці, бацька, дзядуля і тры малодшыя браты.

Восенню 1954-га, пасля службы ў арміі, Мікалай Гірыловіч прыехаў у родныя мясціны. Пайшоў да брацкай магілы пакланіцца памяці аднавяскоўцаў. А там адзін з драўляных крыжоў паваліўся, агароджа пакрывілася… Мясцовы сельсавет дапамог тады паставіць жалезную агароджу і бетоннае надмагілле, у 1963-м тут з’явіўся абеліск. Але да мемарыяльнага комплексу шлях быў яшчэ доўгі…

У 2002 годзе «Дальва» была ўключана ў Дзяржаўны спiс гiсторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублiкi Беларусь. Цяпер гэта фiлiял мемарыяльнага комплексу «Хатынь».
 

“Стварыць праект помніка ўзяліся студэнты Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Быў аб’яўлены конкурс. Пераможцам аказаўся трэцякурснік аддзялення скульптуры мастацкага факультэта Уладзімір Церабун. “Суровай і праўдзівай мовай напісаў ён дальвінскую трагедыю”, — зазначыў у сваёй кнізе Гірыловіч.

“Пакідаем як ёсць”

Мінула паўстагоддзя. Разам з аўтарам мемарыяла “Дальва” прыгадваем, як ён ствараў свой першы манументальны твор.

—  Памятаеце, як усё пачыналася?..

—  Летам, пасля заканчэння чацвёртага курса, я прыехаў у вёску Мятлічыцы (гэта амаль восем кіламетраў ад Дальвы). Мяне пасялілі да звычайных вяскоўцаў — пенсіянераў Антона Пятровіча і Настассі Міхайлаўны Акулічаў.

Комплекс узводзіўся пры падтрымцы і дапамозе кіраўніка саўгаса “Іскра” , на тэрыторыі якога помнік знаходзіцца і зараз. Дырэктарам гаспадаркі тады быў Уладзімір Буйневіч, ён на кожным этапе работ імкнуўся дапамагчы ўсім неабходным: тэхнікай, металам, цэментам…

З Мятлічыцаў у Дальву неабходна было вазіць цэмент, метал, дошкі, інструмент. І ў асноўным праз лес. Каня мне далі адразу, а воза — няма… Пайшоў шукаць па тэрыторыі саўгаса — і знайшоў пярэднюю вось з аглоблямі і дышлем, а пасля і заднюю. Людзі далі мне дошак, збрую — і я стаў сапраўдным гаспадаром з транспартам. Потым мужыкі прыходзілі да мяне пазычыць воз, каб прывезці сена. Я не адмаўляў. Воз стаяў пасярэдзіне двара і ўпрыгожваў наша паселішча.

Мне выдзелілі пуню. Там была праведзена электрычнасць і змайстраваны подыум, на якім і стваралася чатырохметровая скульптура з гліны. Подыум круціўся, было відаць кампазіцыю з усіх бакоў. Але замест металічнай трубы, прываранай да пласціны і замацаванай да  подыума, мы загналі драўляны кол. З цягам часу калок нахіліўся і круціць станок стала небяспечна — на ім было амаль дзве з паловай тоны гліны. Завяршаў я лепку інтуітыўна.

Неўзабаве прыехала камісія Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута. Узначальваў камісію народны мастак БССР Анатоль Анікейчык. Я быў здзіўлены, калі маэстра сказаў: “Нічога падпраўляць не трэба, пакідаем як ёсць”.

—  Новы этап — Сцяна памяці, 16 метраў у даўжыню.

—  Адлівалі яе секцыямі па тры метры. Устанавілі першую апалубку, пачалі заліваць бетонам. У другой палове формы бетон стаў распіраць дошкі… Прымаю рашэнне: бетон пераносім на месца падмурка другой секцыі, а апалубку збіраем нанова. Устанавілі ў сярэдзіну шмат брускоў-распорак. Прывезлі многа вазоў пяску і больш за палову апалубкі па перыметры засыпалі сырым пяском. Усё атрымалася выдатна.

19 чэрвеня 1944 года нацыстамі былі спалены жывымі 44 жыхары — з іх 29 дзяцей, 13 жанчын.

Гэта была апошняя з 628 беларускiх вогненных вёсак Вялiкай Айчыннай, якія паўтарылі трагічны лёс Хатыні. Пасля вайны жыццё тут так i не адрадзiлася.

Здараліся і недарэчнасці. На Сцяне памяці тэкст-зварот быў адліты з памылкай: было напісана “загублеННых” — дзве літары Н, а трэба — адна. Прайшоў час, выдзелілі грошы на рэстаўрацыю. Тады мы выразалі адну літару Н, а астатняе зварылі.

—  А што было самым складаным пры ўзвядзенні комплексу?

—  Устаноўка бэлек — як сімвала спаленай хаты і разбурэння. Патрабаваліся спецыялісты — ніякай самадзейнасці не дапускалася.

Калі тралер прывёз бэлькі і прыехаў кран для разгрузкі, вадзіцель нават не стаў расстаўляць “лапы”: вага бэлькі шэсць тон, а кран мог падняць толькі тры. Пачалі шукаць замену. Прыехаў пяцітоннік, і толькі той падняў бэлькі і даў магчымасць тралеру выехаць. На мантаж заказалі трынаццацітоннік. Усё ўстанавілі на апоры з бярвёнаў, якія я рабіў сам.

Дарэчы, некаторыя рэчы былі выкананы на мемарыяле без майго ўдзелу. Напрыклад, уздоўж вуліцы, дзе стаялі пяць хат (усяго ў вёсцы было 12 хат), была пасаджана алея з 44 бяроз (па колькасці загінулых жыхароў), якія выраслі і стварылі магутную алею-тунэль. Я лічу, лепш было б пасадзіць бэз — гэта  адпавядала б гісторыі і кампазіцыі спаленай вёскі.

Урачыстае адкрыццё мемарыяльнага комплексу “Дальва” адбылося 50 год таму — 15 ліпеня 1973 года.
Пачаўся адлік творчай біяграфіі заслужанага дзеяча мастацтваў Рэспублікі Беларусь скульптара Уладзіміра Церабуна — аўтара мемарыяла.

Пазней да мяне звярнулася мясцовае кіраўніцтва з просьбай  вылепіць нацюрморты і ўстанавіць іх на прыступках умоўных хат мемарыяла. Я зрабіў, але неўзабаве вандалы павыдзіралі нацюрморты дзеля нажывы. З цягам  часу кіраўніцтва мемарыяльнага комплексу “Хатынь” зноў знайшло сродкі аднавіць нацюрморты. Я вельмі грунтоўна падышоў да такой прапановы, распрацаваў нацюрморты кампазіцыйна больш складаныя. Сімвалічныя. Сям’я ў вёсцы пачынае будаўніцтва хаты (нацюрморты з цяслярскімі прыладамі), нараджаецца дзіця (лялька, буквар), аздабленне ў хаце (ткацтва, матавіла, клубкі), гасціннасць (збанок, серп, кветкі), святы і радасць жыцця (музычныя інструменты). Устанавілі іх у 2015 годзе. Работнікі лясніцтва адгукнуліся на маю прапанову, і па маіх чарцяжах яны зрабілі арэлі і азярод — гэта падкрэслівае атмасферу адзіноты і трагедыі.

—  Як прайшло ўрачыстае адкрыццё мемарыяла?

—  На высокім узроўні! Цэлы грузавік народу прыехала са Смаргоні. Былі госці з блакаднага Ленінграда, шмат ветэранаў і, безумоўна, Мікалай Пятровіч Гірыловіч. На жаль, яго ўжо няма сярод нас.

—  Сем месяцаў працы ў Дальве прынеслі вам вядомасць. У 1976 годзе вы атрымалі прэмію Ленінскага камсамола БССР…

—  Так, прэмію тады атрымалі ВІА “Песняры”, рэжысёр кінастудыі “Беларусьфільм” Віктар Дашук і я.   Удакладняю: якога ўзроўню трэба было дасягнуць, каб атрымаць прэмію. “Дальва” стала добрым трамплінам у мастацкае жыццё. У 1977 годзе мяне прынялі ў Саюз мастакоў.

—  50-гадовае дзецішча па-ранейшаму пад вашай пільнай увагай. Час ад часу бываеце ў “Дальве”, адсочваеце лёс комплексу?

—  Не проста адсочваю. Пасля таго як скульптурная кампазіцыя была адліта з бетону і прыведзена ў парадак, Аляксандр Крохалеў, мой куратар, прапанаваў пакрыць скульптуру расплаўленым цынкам. Падрыхтавалі неабходнае — кампрэсар, генератар, прыехаў спецыяліст, работа пачалася. Але нешта пайшло не так: бліснула — і пульверызатар згарэў. Зноў 78 кіламетраў у Мінск і назад. Вечарэла. Вырашылі работу рабіць на другі дзень. Скульптура была пакрыта тонкім слоем напыленага цынку, які надаў бетону прыгожы тон і трываласць.

Значна пазней былі выдзелены сродкі на рэстаўрацыю. Фігуру абліцавалі ліставой каванай меддзю —  медзь паўтарае бетонныя формы, а швы зварваюць, чаканяць. Гэта вельмі трывалы матэрыял — на дзесяцігоддзі, і фарбаваць не трэба. Медзь набірае паціну праз пэўны час і скульптура набывае знакавасць.

Трэба сказаць, што ў рэстаўрацыі на комплексе дапамагаў і дапамагае дырэктар МК “Хатынь” Артур Зэльскі. Вялікая ўдзячнасць яму за добразычлівасць і адказнасць. Я прыйшоў да высновы, што праца скульптара, у тым ліку і мая, патрэбна людзям. У гэтым кожны раз пераконваюся, калі бываю каля помніка спаленай Дальвы. Зімой і ў восенькі лістапад, вясной і летам сюды прыносяць кветкі. Тут збіраецца многа народу, і я бачу жывую памяць людзей. Адчуваю сапраўднае шчасце, што ўвасобіў яе, гэтую памяць, праз вобраз жанчыны-маці.

Тэкст: Галіна АНТОНАВА

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59