Усёбачнае вока і літаратурны салон. Шпацыр па Валожыне

Надмагільны помнік Хаіму Валожынеру
Фото: Надмагільны помнік Хаіму Валожынеру. Фото Дарьи Костюкевич

«МП» надарылася завітаць у горад, больш вядомы сярод замежных падарожнікаў, чым уласна мясцовых. Менавіта з Валожына ў ХІХ стагоддзі сярод яўрэйскай дыяспары пашырыўся больш дасканалы спосаб вывучэння Торы. У архітэктурным плане ўсеагульная ўвага мае быць прыкавана да тутэйшых будынкаў эпохі класіцызму. Гэткіх камяніц у нас крытычна  мала, засталося больш прыкладаў савецкага неакласіцызму.

Мурал з гербам Валожына
Мурал з гербам Валожына
Воложин туризм

Шпацыр па Валожыне аблягчаецца для вандроўнікаў высокай канцэнтрацыяй  славутасцей у ваколіцах галоўнай плошчы горада, дзе колісь знаходзіўся рынак. Адразу пры ёй — разынка таго самага класічнага дойлідства — касцёл Святога Юзафа. Яго велічнасць прымушае  ўявіць, што трапілі ў Афіны. Аднак золкае паветра беларускай вясны хутка вяртае да пошуку адказаў на пытанне, якім чынам гэткі ўзор старажытнагрэчаскай свецкай культуры хрысціяне пераасэнсавалі ў выглядзе храма. На сцяне касцёла знаходзім згадку, што яго ўзвядзенне пачалося ў 1803 годзе, калі ўласнікам Валожына быў граф Юзаф Тышкевіч. Але дабудаваць бажніцу ўдалося ўжо яго сыну Міхалу ў 1816 годзе.

Воложин туризм
Воложин туризм
Воложин туризм

Юзафу і касцёл, і палацы

Варта таксама адзначыць, што будаўніцтва вялося не на пустым месцы. Злева ад мураванага касцёла, дзе цяпер знаходзіцца скульптура Яна Паўла ІІ, яшчэ з 1500 года стаяў драўляны храм. Найбольшую ж колькасць пытанняў у падарожнікаў выклікае выява Усёбачнага вока на франтоне. Гэта акурат супадае з прыходам вольных муляраў (масонаў) у Беларусь напрыканцы XVIII стагоддзя. З улікам міжканфесійнасці дадзенага руху будзе дарэчы прыгадаць, што адпаведная выява прысутнічае і ва ўнутраным убранстве праваслаўнай царквы Валожына, таксама пабудаванай у ХІХ стагоддзі. Увогуле ж сімвал Усёбачнага вока ў трохвугольніку пачалі выкарыстоўваць у іканапісе яшчэ  ў XVI стагоддзі, у эпоху Адраджэння, для абазначэння Святой Троіцы.

Воложин туризм
Воложин туризм

Сярод іншага, прыцягвае ўвагу манументальная званіца справа ад касцёла, якая ўтварае адзіны ансамбль з храмам, там тры бронзавыя званы ўнутры арак. Яшчэ далей справа па вуліцы можна заўважыць адразу тры свецкія будынкі, якія Юзаф Тышкевіч узвёў у 1806 годзе.

Воложин туризм

Жоўты гасцявы палац сёння  належыць аддзелу ўнутраных спраў і даступны для наведвання. За агароджай вайсковай часці — уласна палац Тышкевічаў. Органам улады належыць і былы будынак аранжарэі насупраць.

Воложин туризм

Пры ешыбоце абсталююць сувенірную краму

У выніку нам заставалася павярнуць свае позіркі на 180 градусаў. А менавіта — на Валожынскі раённы цэнтр культуры, той самы прыклад савецкага неакласіцызму. Тут у ХІХ стагоддзі стаяў дом рабіна Хаіма Іцкавіча Валожынера. Гэты самы будынак служыць адпраўной кропкай для далейшага пошуку заснаванага ім ешыбота, што знаходзіцца ў дворыку за раённым цэнтрам культуры. Намаганнямі гэтага  рабіна ў 1803 годзе  была створана школа, дзе выкладалася  вучэнне віленскага гаона Эліяху бен Шлома Залмана. З Валожына яго вучэнне пашырылася сярод яўрэйскага насельніцтва Расійскай імперыі.

З гэтай навучальнай установы выйшлі заснавальнік рэлігійнага сіянізму Самуіл Магілевер і адраджальнік сучаснай яўрэйскай мовы Эліэзер Бэн-Егуда Перэльман. Як паведаміла навуковы супрацоўнік  Валожынскага краязнаўчага музея, у будынку адначасова займалася да 100 чалавек. У перыяд свайго росквіту Валожынскі ешыбот налічваў звыш 400 вучняў з дзясяткаў губерняў Расійскай імперыі. Прыцягальнасць аб’екта для турызму складана пераацаніць, дадзеная школа стала прататыпам большасці літвакоўскіх ешыботаў свету. Прыкладам, адна з галоўных сінагог Нью-Йорка называецца «Валожынскай». Таму распрацавалі праект кансервацыі аварыйнага будынка, каб у бліжэйшыя гады заняцца яго рэстаўрацыяй. Пры гэтым ужо вырашана ператварыць  бліжэйшы будынак у сувенірную краму.

«Гай, што быў цёмны, зазеляніўся»

…Але тая светлая будучыня, хоць і блізкая ды прадвызначаная, але ж будучыня.

Пры вяртанні на плошчу Свабоды мы звярнулі ўвагу на будынак Валожынскай раённай бібліятэкі, пры якой дзейнічае літаратурнае аб’яднанне «Рунь». Не кожны райцэнтр Беларусі мае суполку Саюза пісьменнікаў. А тут табе цэлая пісьменніцкая грамада, дзясяткі творцаў з усіх куткоў Валожынскага раёна. 6 чэрвеня 1981 года яе заснавалі паэты Віктар Шніп і Валянціна Гіруць-Русакевіч. Кожныя тры-чатыры гады «Рунь» выдае зборнікі вершаў. Падарожнікі ж абавязкова  звернуць увагу на асобнае памяшканне для правядзення вечарын мясцовых паэтаў. Такога кшталту літаратурныя салоны мог сабе дазволіць у ХІХ стагоддзі хіба што суседні Ракаў. У ХХІ стагоддзі эстафету па праву прыняў Валожын.

Драўляная царква Канстанціна і Алены
Драўляная царква Канстанціна і Алены
Жывапісны абраз у царкве Канстанціна і Алены
Жывапісны абраз у царкве Канстанціна і Алены

Мы ж не спыніліся на шпацыры па перыметры галоўнай плошчы горада і выправіліся далей па Савецкай вуліцы да сіняй драўлянай царквы Канстанціна і Алены. Якое ж было маё здзіўленне, калі ўбачыў проста цераз дарогу ад царквы дом, а на мемарыяльнай шыльдзе значылася, што тут нарадзіўся паэт Стары Улас. Той самы Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі, які пісаў не толькі вершы, але і вершаваныя апавяданні,  апрацоўваў народныя паданні. Сярод іншага, яго пяру належыць паэма «Год беларуса» 1909 года, якую «Наша Ніва» выдала ў 1910-м. Што і казаць, літаратурнае жыццё Старога Уласа бруіла, яго творы ўключылі ў «Анталогію беларускай паэзіі» 1961 года. То бок паэт зрабіў неацэнны ўнёсак у мастацкую спадчыну краіны.

Карцінная галерэя ў царкве

Ад літаратурных алімпаў мая крыху затуманеная  ад уражанняў галава нарэшце павярнулася направа ад дарогі. Тут напаткаў жывапісны эпізод, якога зусім не чакаеш ад праваслаўнай царквы-мураўёўкі. Сама святыня 1866 года здолела захаваць большую частку свайго іканастаса ад часу заснавання, насуперак усім выпрабаванням працягвае дзейнічаць. Адзінае, што змянілася, — паменела блакіту ў выніку замены  дашчатых сцен унутры. Таксама мы заўважылі прыкметы амаль рэнесанснага жывапісу ў выглядзе абразоў ХХ стагоддзя. Найбольшую ўвагу прыцягнула ікона 1912 года справа ад алтара, на якой Ісус моліцца ў аліўкавым гаі.

На карціне, а інакш назваць гэта складана, пераасэнсаваны вобраз німба, ён зроблены  ў выглядзе крыніцы святла — шара з размытымі краямі. Сам твар Ісуса падаецца значна больш жыццёвым за царкоўны канон, быццам малявалі з жывога чалавека. Такое ж уражанне засталося ад некалькіх іншых абразоў, выкананых у падобным стылі. Дзеля адных гэтых твораў жывапісу царкву варта наведваць таксама звычайным  падарожнікам, замежным аматарам выяўленчага мастацтва.

Яўрэйскія могілкі існуюць з XVI стагоддзя
Яўрэйскія могілкі існуюць з XVI стагоддзя
Воложин туризм

Апошнім пунктам у нашай праграме сталі яўрэйскія могілкі, якія існуюць у Валожыне з XVI стагоддзя. У свой час тут устанавілі агароджу, што спыніла разбурэнне надмагілляў. Таксама ўзвялі некалькі манументаў, у тым ліку ахвярам Халакосту з мясцовага гета. А вось надмагілле таго самага Хаіма Валожынера… Па ўсім відаць, інфраструктура для замежнага турызму падводзіцца да ўзроўню, на якім ужо існуе сэрвіс для мясцовых падарожнікаў. Разам з тым і для росту ўнутранага турызму застаюцца нішы накшталт літаратурных салонаў у найлепшых традыцыях ХІХ стагоддзя. Пагатоў, у райцэнтры існуе музычная школа, што дае магчымасць павысіць шматжанравасць такіх мерапрыемстваў і іх прыцягальнасць для масавага адпачынку.

Воложин туризм
Воложин туризм
Воложин туризм
Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59