Ці дзеляцца агульныя падвалы. У Мар’інай Горцы просяць асобных памяшканняў

марьина горка
Фото: из открытых источников

Жыхарка дома № 9 па вуліцы Якуба Коласа ў Мар’інай Горцы звярнулася ў рэдакцыю «МП» у сувязі з рашэннем «Жылцепласэрвіса» пераабсталяваць падвал пад інтэрнат згодна з тэхнічным пашпартам. Яшчэ да 17 сакавіка прадпрыемства збіралася прымусова вызваліць занятае жыхарамі памяшканне. З гэтай нагоды мы найперш звярнуліся да яго дырэктара Дзмітрыя Клімашэўскага.

Дом № 9 па вуліцы Якуба Коласа
Дом № 9 па вуліцы Якуба Коласа

Кіраўнік прадпрыемства адзначыў, што мае выканаць заданне Пухавіцкага раённага выканаўчага камітэта аб прывядзенні стану падвала ў адпаведнасць з тэхнічным пашпартам. Разам з тым, узнікае пытанне як мэтазгоднасці, гэтак і надзённасці адпаведнага дакумента ад 21 студзеня 1997 года. Справа ў тым, што з таго часу ў Беларусі змянілася два Жыллёвыя кодэксы. Паводле 50-га артыкула дзейнага Кодэкса 2012 года, жылое памяшканне ў падвале «не можа з’яўляцца прадметам дагавора найму жылога памяшкання». Згодна з 26-м артыкулам Кодэкса праўда і тое, што грамадзянам і арганізацыям забараняецца майстраванне памяшканняў у падвалах.

Тады паўстае яшчэ больш надзённае пытанне, якім чынам магчыма скарыстаць сваю агульную маёмасць без парушэнняў заканадаўства. Дзмітрый Клімашэўскі даў на яго адказ жыхарцы Таццяне Несцяровіч 4 студзеня са спасылкай на Закон «Аб сумесным домаўладанні». У 7-м артыкуле Закона прадугледжваецца карыстанне такой маёмасцю без перашкоды іншым удзельнікам домаўладання. Прыкладам, падвал магчыма прымяніць для размяшчэння веласіпедаў жыхароў. Іншыя ствараюць агульную трэнажорную залу. Таксама ў 150-м артыкуле Жыллёвага кодэкса згадвалася, што 2/3 удзельнікаў домаўладання могуць на сходзе ўхваліць рашэнне аб адчужэнні часткі агульнай маёмасці.

Дзмітрый Клімашэўскі
Дзмітрый Клімашэўскі

Выглядае, што закон будзе часткова і на баку жыхароў дома, і на баку «Жылцепласэрвіса». Урэшце, крыніцай самой спрэчкі хутчэй служыць апора на састарэлыя тэхнічныя нормы, чым адсутнасць рацыі як такой у абодвух поглядаў на тое, чый падвал. І гэта пры тым, што Жыллёвы кодэкс Рэспублікі Беларусь ёсць у адкрытым доступе па-беларуску і па-руску на Нацыянальным прававым партале Беларусі. Таму не дзіва, што існы ўзровень правасвядомасці можа давесці і да судовага разбору. Хоць ёсць яшчэ спадзеў на папярэдні разгляд скаргі «Жыллёва-камунальнай гаспадаркай Мінскай вобласці».

Мы пастараемся сачыць за далейшым разгортваннем падзей у гэтай справе. Прынамсі пытанне застаецца надзённым для значнай часткі шматпавярховых дамоў, пабудаваных паводле старых нормаў, часта без кладовак у кожнай асобнай кватэры. Тагачасныя ўмовы прывялі да выкарыстання падвалаў у якасці сховішча прыпасаў закрытак і снадзіва з пакватэрнай разбіўкай прасторы на асобныя памяшканні. Разам з тым, за чвэрць стагоддзя многія функцыі тых памяшканняў перанялі на сябе больш прасторныя халадзільнікі з маразілкай і гаражы, а дзесьці і балконы. Як бы там ні склаліся стасункі з «Жылцепласэрвісам», жыхары чатырох пад’ездаў 60-кватэрнага дома маглі б у будучыні стварыць першае ў Мар’інай Горцы таварыства ўласнікаў жылля. Гэты, насамрэч, працаёмкі працэс дазволіў бы без непаразуменняў са староннімі ўстановамі вырашаць значную частку пытанняў абыходжання з супольнай маёмасцю домаўладання.

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59