Як на Случчыне на Троіцу «куст» вадзілі

Старажытны славянскі абрад «Ваджэнне куста» адрадзілі ў Слуцкім раёне. Тут на свята Троіцы па вуліцах вескі Гарадзішча водзяць маладую дзяўчыну ў нарадзе з ветак і лісточкаў. Вядома ж з музыкай, песнямі і танцамі. Навошта гэта робяць, даведалася карэспандэнт «МП».
— Напэўна, самае вядомае летняе свята — Купалле. Яго на Случчыне адзначаюць ярка і цікава даўно. Але нам, працаўнікам культуры, заўсёды хочацца знаходзіць нешта новае. А што такое новае? Гэта ж добра забытае старое! Таму вырашылі аднавіць абрад, які праводзілі на свята Троіцы нашы продкі яшчэ многа стагоддзяў таму, — расказаў пра «Ваджэнне куста» кіраўнік ансамбля народная песні «Светач» Дзмітрый Рыбак.

Ідэя адраджэння менавіта гэтага рытуала з’явілася не проста з галавы. Калісьці пра цікавы абрад з летняга цыклу славянскіх святаў расказвала пажылая мясцовая жыхарка: апісала вопратку ўдзельнікаў, успомніла, што і як рабілі, якія словы гаварылі. Усё падрабязна запісала адна з работніц культуры. Гэтыя запісы многа гадоў ляжалі, што называецца, «у стале». Пакуль пра іх не ўспомніў Дзмітрый Рыбак. Разам з калегамі артыст узяўся аднаўляць «Ваджэнне куста», узяўшы за аснову ўспаміны бабулі-старажылы.

— Спачатку жыхары Гарадзішча сустракалі няўпэўнена, з асцярогай. Чаму ходзяць? Чаго хочуць? Цяпер жа, на пяты год правядзення абраду, многія нас ужо чакаюць, — прызнаецца Дзмітрый Рыбак.

Вось на вуліцы з’яўляецца і той самы «куст» — маладая і прыгожая дзяўчына, вопратка якой шчодра аздоблена бярозавымі галінкамі і лісточкамі, на галаве — вялікі вянок. Яна — сімвал урадлівасці, дабрабыту, шчасця і здароўя. Аднаго позірку дастаткова, каб зразумець, чаму «куст» менавіта водзяць: паспрабуй пахадзі сам у такім вялікім адзенні!

— А нічога, я яшчэ і танчыць здолею! — смяецца «куст».

Да шэсця далучаюцца музыканты, і «Ваджэнне куста» пачынаецца. Гучна спяваюць песні не толькі для весялосці, але і каб працэсію было чуваць здалек. Традыцыйна заходзіць куст будзе не на кожны падворак, а толькі туды, куды запросяць. Для гэтага трэба проста адчыніць браму.


— Галоўнае ў абрадзе — каб усё рабілася ад чыстага сэрца. Таму калі чалавек не гатовы нас запрасіць да сябе, мы самі не пойдзем, — тлумачаць удзельнікі абраду. — Але бывае, што хтосьці забывае вароты адчыніць. Вось у тым годзе на нас нават пакрыўдзіліся, што мы не завіталі ў госці.
А вось і першая адчыненая брама. Гаспадыня чакае «куст» яшчэ на вуліцы, каб выпадкова не прайшоў міма.

— Віншуем з Троіцай! Кажуць, дзе «куст» ходзіць, там і дабро, і жыта родзіць! — вітаюць гаспадыню ўдзельнікі абраду. — Там, дзе куст на падворку прысядзе, там абавязкова будзе багацце і дабрабыт. Куды пасадзім нашу прыгажуню?

Тут жа вясковая жыхарка падстаўляе лаву для «куста» і разам з артыстамі кідаецца ў пляс. Пасля жанчыну шчодра адорваюць добрымі пажаданнямі, уручаюць у руку бярозавую галінку. А гаспадыня ў падзяку дае гасцям прысмакі і рубель-другі грошай.

— Лічу, што такія абрады важна аднаўляць. І верыць у іх. Бо кожнаму чалавеку патрэбны шчасце, здароўе і дабрабыт. А калі табе іх шчыра жадаюць, то яны абавязкова будуць у хаце! — дзеліцца ўражаннямі гаспадыня двара Валянціна Сыцько.

А «куст» адпраўляецца далей па весцы. Доўга ісці не даводзіцца: праз пару дамоў зноў адчыненая брама.

— З самая раніцы вас чакала! Дзецям строга наказала не зачыняць вароты! — сустракае гасцей жыхарка Гарадзішча Ніна Булгак.
Хадзіць па вуліцах «куст» будзе яшчэ доўга, не менш за 2-3 гадзіны. Трэба ж нікога не абдзяліць увагай! А пасля «Ваджэння» усіх жыхароў вёскі будуць чакаць на вялікім канцэрце народнай музыкі. Каб свята ў гэты дзень працягвалася як мага даўжэй.


Рекомендуем





