Меню

У крыніцах шчасце. Як Сыракомлю аблічбуюць у Вікікрыніцах

У крыніцах шчасце. Як Сыракомлю аблічбуюць у Вікікрыніцах
Фото: Тимофей Чаплинский и из открытых источников

15 студзеня Вікіпэдыя святкавала 22-годдзе. Пра значнасць 300-моўнай інтэрнэт-энцыклапедыі ў спалучэнні з іншымі вікіпраектамі мы пагутарылі з яе удзельнікам Глебам Лявонцьевым.

Прыход Глеба да вікірэдагавання прыпаў на час заканчэння школы. Каранавірусная пандэмія прывяла да адмовы ад наведвання заняткаў. Але плёнам гэтых пропускаў стала запаўненне прагалаў у класічным і афіцыйным раздзелах беларускай Вікіпэдыі. Спачатку ён пісаў пераважна ў класічны раздзел, але праз адсутнасць багата якіх крыніцаў на «Беларускай палічцы» пачаў рабіць большы ўнёсак у іншы вікіпраект. Ужо студэнтам Глеб стаў выкарыстоўваць у асноўным Вікікрыніцы для размяшчэння знойдзеных анлайн і ў бібліятэках матэрыялаў. Больш вядомая Вікіпэдыя наадварот пераўтварылася ў дадатак. Прыцягальнасцю Вікікрыніц паслужыла магчымасць самому дадаваць творы адрозна ад існых інтэрнэт-бібліятэк.

Глеб
Глеб Лявонцьеў

Сярод апошніх размешчаных у Вікікрыніцах твораў Глеб назваў беларускі пераклад рамана «Апошні з магікан». Малады вікімэдыец адзначыў, што папаўняе гэта вольны збор крыніц праз набыццё мастацкай літаратуры, публіцыстыкі і зборнікаў гістарычных дакументаў, якія даступныя ў беларускіх кнігарнях за сімвалічную плату. Найбольшым даробкам ён лічыць размяшчэнне ў Вікікрыніцах класічных твораў Янкі Купалы, Якуба Коласа і Максіма Гарэцкага. Глеб Лявонцьеў падкрэсліў, што любіць чытаць у арыгінале без рэдакцыі, бо гэта адзнака эпохі. Таксама ў Вікікрыніцах магчыма раскідаць творы па зборніках і скарыстаць пакуль малалікія шаблоны для афармлення. Насуперак значнасці дадзены вікіпраект застаецца малавядомым нават сярод вікіпэдыстаў, бо налічвае ў Беларусі толькі 7 пастаянных удзельнікаў.

Вікікрыніцы — бібліятэка вольна распаўсюджаных тэкстаў.

У 2021 годзе маладзён паспеў узяць удзел у двух тэматычных месяцах, якія ладзілі ў Вікіпэдыі і Вікісховішчы. Да чарговых угодкаў Вікіпэдыі прайшоў тэматычны «Месяц беларускай літаратуры», што супала з зацікаўленасцямі Глеба, бо артыкулы пра беларускіх пісьменнікаў найбольш запатрабаваныя сярод школьнікаў. Найбольш плённа пісалася пра Вацлава Ластоўскага і яго творы. Улетку адбыўся конкурс «Вікі любіць Зямлю», у ходзе якога ён ствараў вікі-старонкі пра заказнікі Беларусі. Сярод іншага, Глеб заўважыў, што Вікікрыніцы могуць служыць крыніцамі саміх артыкулаў Вікіпэдыі пра літаратурныя творы. Таму падкрэсліў дарэчнасць складання спісу твораў і саміх пісьменнікаў для наступнага месяца беларускіх твораў.

Музей Владислава Сырокомли
Музей Уладзіслава Сыракомлі

Асобна наш суразмоўца спыніўся на росце беларускіх Вікікрыніц. За апошнія два гады лік крыніц па-беларуску вырас з 3000, што было на ўзроўні мальтыйскай мовы, да 10 000, як у Нідэрландскіх Вікікрыніцах, што магчыма назваць сапраўднай перамогай беларускага раздзелу. Такі поспех тлумачыцца даданнем як арыгіналаў твораў, гэтак і беларускіх перакладаў. Сам Глеб пераважна перакладаў творы з польскай і рускай моваў. Гэтак у перакладзе з рускай узнік «Кароткі нарыс з’яўлення Беларускай Народнай Рэспублікі» Аляксандра Цвікевіча, а з украінскай — пераклад прамовы Сымона Пятлюры. Варта адзначыць, што расійскія вікімэдыйцы ахвотна перакладаюць паэзію Максіма Багадановіча, а польскія асвоілі пераклад брашуры «Што трэба ведаць кажнаму беларусу». Сёлета найбольш надзённым уяўляецца размяшчэнне твораў Уладзіслава Сыракомлі ў сувязі з яго 200-гадовым юбілеем. Дарэчы юбіляр быў са Смольгава, што цяпер у Любанскім раёне.

Сярод іншага, Глеб заўважыў, што ў Вікікрыніцах шмат артыкулаў пра пісьменьнікаў, чые творы там адсутнічаюць, бо аўтарскае права захоўваецца ў Беларусі 50 гадоў па смерці творцы. Прыкладам ёсць адразу два артыкулы пра Уладзіміра Дубоўку пра адсутнасці крыніцў. Але апынулася, што нам яшчэ пашчасціла, бо ў суседняй Літве аўтарскае права захоўваюць 70 гадоў, таму дагэтуль сярод вольных крыніцаў дагэтуль адсутнічаць творы Якуба Коласа, надрукаваныя ў Вільні. Засталося пачакаць да 2027 году. Выхадам служыць пошук крыніц ХІХ стагоддзя, як то тамоў дакументаў Вялікага Княства Літоўскага, выдадзеных у Расійскай імперыі. Надоечы Глеб выклаў паэму 1889 году «Сцяпан і Таццяна», а таксама вершы Яна Баршчэўскага «Дзеванька» і «Гарэліца».

Вікікрыніцы
Вікікрыніцы

Пад уплывам Вікіпэдыі наш суразмоўца заўважыў за сабой звычку штодзённа чытаць, хоць у школе мала цікавіўся літаратурай. У Вікікрыніцах дадалася эпізадычная супраца ў вычытванні старых тэкстаў. У іншым медыяпраекце пад назвай Вікісховішча стаў абнародаваць старыя здымкі міжваеннага і акупацыйнага часоў. Унікальнасць крыніц па-беларуску складаецца і ў падачы забытых іншамоўных крыніц. Гэтак ў вольным доступе магчыма пабачыць «Катэхізіс» у перакладзе Францішка Будзькі, які па-польску адсутнічае, хоць у арыгінале вытрымаў ажно 50 выданняў. Іншымі выключнымі працамі ўласна беларускага паходжання варта назваць 3-е выданне «Гісторыі беларускай літаратуры» Максіма Гарэцкага і манаграфію Францішка Аляхновіча пра тэатр.

Урэшце, ад захаплення ужо цяпер ёсць плён у навучанні мовазнаўству, бо размешчаныя ў Вікікрыніцах творы Глебу ўдаецца скарыстаць з даследчай мэтай. Сярод такіх твораў «Практычны расійска-беларускі слоўнік», да поўнага выкладання якога засталося каля 100 старонак. Прарывам варта таксама прызнаць размяшчэнне ў Вікікрыніцах «Евангелля» Вінцэнта Гадлеўскага і «Катэхізіса» Вацлава Ластоўскага для праваслаўных, бо дагэтуль поўны тэкст Бібліі па-беларуску адсутнічае ў грамадскім набытку. Пэўныя пісьменнікі наадварот самі імкнуцца размяшчаць уласныя кнігі ў Вікікрыніцах пад вольнай ліцэнзіяй. У сваю чаргу Глеб згадаў, што ў будучыні магчыма пашыраць тэкставыя дарожкі фільмаў па-беларуску.

Подписывайтесь на наш Telegram-канал Минская правда|MLYN.by, чтобы не пропустить самые актуальные новости!

Лента новостей
Загрузить ещё
Файлы cookie
Информационное агентство "Минская правда" использует на своём сайте анонимные данные, передаваемые с помощью файлов cookie.
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59