Хата бацькоў не прададзена дзякуючы Прэзідэнту — саліст «Драздоў» пра тое, за што трэба ісці на выбары
Беларускі народ не толькі вучыцца на сваіх памылках, але і імкнецца не паўтарыць іх. Наша краіна заўсёды захоўвала і будзе захоўваць каштоўнасці, за якія бабулі і дзядулі аддалі свае жыцці. Выбары 2025 года — гэта магчымасць не толькі прадоўжыць лепшае з мінулага, але і паказаць усяму свету згуртаванасць краіны. Свой выбар зробіць кожны: ад рабочых да міністраў, ад прадаўцоў да спевакоў. Дарэчы, апошнія таксама актыўна галасуюць. Стэлефанаваліся з салістам гурта «Дразды» Віталем Карпанавым і даведаліся, што ён думае пра электаральную кампанію 2025 года.
— Як у мяне будуць праходзіць выбары? Зараз адыгралі тур “Хата бацькоў”, які перарос у другі “Маё дзяцінства” (назвы альбомаў), і за гэтыя два гады з хлопцамі далі больш за 500 канцэртаў. Толькі ў мінулым годзе было 267 выступленняў, 25 з якіх — дабрачынныя (для дзяцей, пажылых і іншых). Ездзім па вёсачках, аграгарадках, раённых цэнтрах.
Мы такім чынам выказваем сваё слова, як трэба цаніць тое, што маем. Мы павінны даражыць, што жывём пад мірным небам, маем магчымасць збірацца на культурныя мерапрыемствы, спяваць песні, планаваць заўтрашні дзень. Таму перад выбарамі, 24 студзеня, будзе канцэрт у Лашанах.
Яго назвалі “Марафон адзінства”. Выступаць будзем у невялікай вёсачцы пад Мінскам. Асноўная дзея разгорнецца на “Мінск-арэне”, там будзе наш прадстаўнік — барабаншчык. Мы ж запланавалі сустрэчу з жыхарамі вёсачкі Лашаны дзе зал усяго на 120 чалавек, але едзем да кожнага беларуса.
У планах гурта — адыграць канцэрт, у суботу зрабіць невялікі перапыначак, а ў нядзелю, пасля наведвання службы ў храме, Віталь Карпанаў з блізкімі пойдзе на выбары. Гэта не толькі традыцыя, але і магчымасць паказаць дзецям правільныя каштоўнасці:
— У мяне два сыны. Адзін займаецца футболам. Дзякуючы кіраўніку краіны, у беларускіх дзяцей ёсць магчымасць займацца спортам і іншымі многімі карыснымі справамі. Выбары — гэта пра тое, каб у нашым грамадстве панавалі традыцыйныя каштоўнасці — і тут усё зразумела.
А вось на пытанне “Якім, па меркаванні Віталя, павінен быць лідар краіны?” саліст “Драздоў” адказаў не задумваючыся:
— Любы кіраўнік павінен быць з воляй, бо ў яго шмат клопатаў. Пачынаючы ад простага: каб былі добрыя ўзаемаадносіны, усім было камфортна і ўтульна, кожнаму з задавальненнем працавалася з дастойным заробкам.
Пабываўшы ў розных гарадах Беларусі, Віталь адзначае:
— Самае галоўнае, што ў нас усяго ў дастатку. Калі хочаш зарабіць, то магчымасці для гэтага ёсць. Хочаш спяваць і атрымліваць за гэта грошы — калі ласка. Хочаш быць тынкоўшчыкам — калі ласка. Таму кіраўнік павінен быць такім, каб усё паўсюль працавала. Сёння, гледзячы на некаторых суседзяў, мы разумеем, што не жадаем, каб было так, як у іх. Хата бацькоў не прададзена, і яна належыць кожнаму з нас — у гэтым вялікая заслуга Прэзідэнта.
А на пытанне “Чаму кожны беларус павінен ісці на выбары?” Віталь Карпанаў паразважаў:
— Мы ўсе часам не цэнім тое, што маем, і як кажуць: “плачам тады, калі губляем”. Нам хочацца, каб заробак быў вышэй і каб усё валілася з нябёсаў, але не заўсёды заўважаем, наколькі за апошнія гады наша краіна стала лепей. Вось гэта трэба разумець і толькі ўжо за гэта ісці на выбары, каб аддаць свой голас за стабільнасць, спакой, традыцыйныя каштоўнасці. Важна памятаць пра каштоўнасці, якія нам пакінулі продкі. За намі — будучыня рэспублікі.
Вялікі дзякуй і “Мінская праўдзе”, якая заўсёды на перадавых пазіцыях у навінах. Заўсёды актуальныя тэмы закранаюцца. У кожнай публікацыі — адчуванне патрыятычнага настрою краіны. Толькі ўперад — і ні кроку назад.