Generic selectors
Exact matches only
Search in title
Search in content

Маштабныя святы і сырны гастрафэст. Чым будзе здзіўляць культурная сталіца Беларусі ў 2023 годзе

Маштабныя святы і сырны гастрафэст. Чым будзе здзіўляць культурная сталіца Беларусі ў 2023 годзе
Фото: Светлана Курейчик

Цяпер ужо афіцыйна: тытул культурнай сталіцы Беларусі ў 2023 годзе атрымаў Слуцк!

На гэтае ганаровае званне прэтэндавалі таксама Баранавічы, Мазыр, Свіслач, Бялынічы і Шчучын, аднак адзін з самых прыгожых і старажытных гарадоў краіны (Слуцк упершыню згадваецца ў 1116 годзе) не пакінуў канкурэнтам шанцаў. Хай не крыўдзяцца жыхары астатніх населеных пунктаў, але гэта, лічым, справядліва. Слуцк — у лідарах па колькасці помнікаў культуры, гісторыі, архітэктуры, вядомых брэндаў і знакамітых ураджэнцаў, па адметных  традыцыях. Горад ва ўсіх сэнсах унікальны, і гэтаму маецца як мінімум 7 доказаў.

Гонар беларускага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — Слуцкія паясы.

Іх выраблялі з шаўковых, залатых, сярэбраных нітак на ткацкай мануфактуры ў XVIII-XIX стагоддзях.

У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай адраджэння тэхналогій і традыцый вытворчасці Слуцкіх паясоў і развіцця вытворчасці нацыянальнай сувенірнай прадукцыі «Слуцкія паясы» на 2012-2015 гады ў Слуцку праведзена мадэрнізацыя фабрыкі мастацкіх вырабаў, адноўлена ўнікальная тэхналогія ткацтва, наладжана вытворчасць копій славутых твораў мастацтва, створаны музей гісторыі Слуцкіх паясоў.

А наведвальнікі вытворча-культурнага комплексу РУП “Слуцкія паясы” могуць не толькі ўбачыць аналагі паясоў і набыць сувеніры, але і паназіраць, як яны ствараюцца.

Магнацкі тэатр у Слуцку — адзін з першых прафесійных тэатраў Беларусі.

Ён з’явіўся па ініцыятыве князя Гераніма Радзівіла ў 1751 годзе. Балетная трупа была падрыхтавана з ліку дзяцей мяшчан у Слуцкай балетнай школе, заснаванай у 1756 годзе. Спектаклі суправаджала капэла музыкантаў высокай кваліфікацыі.

Слуцк — кніжны горад.

У XV стагоддзі пры Троіцкім манастыры вяліся летапісы, існавалі школа перапісчыкаў кніг, бібліятэка, іканапісная майстэрня. Слуцкае Евангелле 1581 года, уласнаручна напісанае слуцкім князем Юрыем Алелькавічам, з’яўляецца нацыянальнай духоўнай святыняй нашага народа, зараз знаходзіцца ва ўласнасці Беларускай праваслаўнай царквы.

Слуцкую княгіню Анастасію Алелькавіч называюць жанчынай-легендай, «Жаннай д’Арк Белай Русі».

Яна ўзначальвала абарону горада ад крымскіх татараў у XVI стагоддзі. Мужнасць і адвага жанчыны ўвекавечаны ў народных паданнях, легендах, створаны мастацкі фільм “Анастасія Слуцкая”, балет «Анастасія».

У 2016-м з нагоды 900-годдзя Слуцка ў гістарычнай частцы горада ўзведзены помнік Анастасіі Слуцкай.

Слуцк — цэнтр праваслаўя Беларусі.

Ідэал набожнасці і велізарнай духоўнай шчодрасці княгіня Софія, апошняя з роду Алелькавічаў. Дзякуючы ёй Слуцк заставаўся адзіным горадам Паўночна-Заходняга краю, які выстаяў перад уніяцтвам. Імя Софіі Слуцкай занесена ў праваслаўныя святцы як імя святой. У 2000 годзе ў горадзе ўстаноўлены помнік княгіні.

Пакланіцца іконе з часцінкай яе мошчаў ідуць вернікі ў Сафійскі жаночы манастыр. Сюды ў 2015 годзе з мінскага Свята-Духавага сабора была перанесена на вечнае захоўванне нятленная ступня святой праведнай Софіі Слуцкай.

У горадзе знаходзіцца адна з найстарэйшых навучальных устаноў Беларусі — школа, заснаваная Янушам Радзівілам у 1617 годзе.

Кальвінісцкая навучальная ўстанова ў XVII стагоддзі атрымала вядомасць і прызнанне далёка за межамі Беларусі як “слуцкія Афіны”. У 1829--1838 гадах быў узведзены цагляны будынак установы, які захаваўся да нашых дзён. У 1868 годзе школа атрымала статус дзяржаўнай мужчынскай гімназіі. Сёння гэта гімназія №1 г. Слуцка.

У горадзе працуе краязнаўчы музей, размешчаны ў будынку ХVIIІ ст.

Будынак мае статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. У 2020 годзе быў завершаны капітальны рамонт музея. Зараз там займаюцца стварэннем новай экспазіцыі. Ужо аформлены чатыры залы. Работы плануецца завяршыць у 2022 годзе.

Начальнік галоўнага ўпраўлення культуры Мінскага аблвыканкама Ала Шахоцька:

— Чаму менавіта Слуцк заваяваў гэты тытул? Горад цалкам адпавядае тым крытэрыям, якімі кіравалася адборачная камісія. І адзін з іх —  развітая сацыяльная інфраструктура, арганізацыя культурных мерапрыемстваў. У гэтым плане горад мае вельмі багаты вопыт. У 2005 годзе Слуцк прымаў рэспубліканскі фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі”. Таксама тут праводзяцца абласныя мерапрыемствы. Гэта конкурс “Беларуская лялька”, абласное свята рамёстваў “Слуцкія паясы”.

Таксама камісія ўлічвала сістэмнасць работы па захаванню гісторыка-культурных каштоўнасцей. Слуцк --  горад старажытны, яму больш за 900 гадоў, таму аб’ектаў, якія маюць статус гісторыка-культурнай каштоўнасці, тут дастаткова. Прычым большасць з іх знаходзяцца ў добрым стане. Акрамя таго, Слуцк — горад з найбагацейшымі культурнымі традыцыямі.

І апошні крытэрый, якім кіравалася камісія, — тое новае, што Слуцк прадставіць. Гэта традыцыі, якія ўжо закладзены. Аднак мы будзем рабіць іх больш маштабнымі. Усе рэгіянальныя фестывалі набудуць абласны і рэспубліканскі ўзровень. Акрамя культурных мерапрыемстваў, у горада ёсць праект брэндавага культурна-гастранамічнага сырнага фэсту. Тут маецца на ўвазе Слуцкі сыраробны завод, яшчэ адзін брэнд Беларусі. Зараз мы працуем над рэалізацыяй усіх мерапрыемстваў, у найбліжэйшы час зацвердзім іх і будзем рыхтавацца да таго, каб з 1 студзеня 2023 года прадставіць жыхарам і гасцям не толькі Мінскай вобласці, але і ўсёй Беларусі культурнае багацце Слуцка.

Калі ж казаць увогуле пра Мінскую вобласць, мяркуем, што наданне Слуцку т культурнай сталіцы дазволіць нам рэалізаваць адзін з турыстычных праектаў. Нашы гарады Барысаў, Маладзечна, Слуцк, Нясвіж — гэта своеасаблівае “залатое культурнае кальцо Міншчыны”, якое, упэўнена, будзе цікавае турыстам і ў культурным, і ў гістарычным плане.

Подписывайтесь на наш Telegram-канал Минская правда|MLYN.by, чтобы не пропустить самые актуальные новости!