Меню

Танчыць, на гармоніку грае, бацькам дапамагае. Вясковы юнак аб тым, што дала яму «Берагіня»

Ковальчук
Фото: автора

Шаснаццацігадовы Аляксей Кавальчук жыве ў невялічкай вёсачцы Унтальянка, што ў Барысаўскім раёне. Звычайным вясковым юнаком назваць яго складана. Такія хлопцы сёння рэдкасць. У школе — выдатнік, а ў вольны час грае на гармоніку, вывучае народныя танцы і спевы. Прычым аўтэнтычныя, характэрныя для яго мястэчка. Гэтаму навучыўся ў заслужаным аматарскім калектыве Беларусі фальклорным гурце «Берагіня» пры сваёй школе. У гурце займаецца з дзіцячага садка. Разам з тым, ён галоўны памочнік сваіх бацькоў — можа і карову даіць, і дровы секчы, і за плугам ісці. Сустрэліся з юнаком і даведаліся, як атрымліваецца ўсюды паспяваць. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта «Мінская праўда».

Кавальчук

Аляксей вучыцца за некалькі кіламетраў ад дома — у Мётчанскай сярэдняй школе Барысаўскага раёна. Сёння тут, як і ва ўсіх навучальных установах прайшло Свята апошняга званка, пасля якога адбыўся вялікі канцэрт «Берагіні». Танчылі ўсе, у прамым сэнсе. Лёша граў на гармоніку ў складзе ансамбля. Сярод гледачоў і яго матуля. Кажа, што ніводнага канцэрта сына не прапусціла.

Кавальчук

— Увогуле, стараюся наведваць усе знакавыя падзеі сваіх сыноў, а іх у мяне тры, — кажа Ларыса Кавальчук. — Аляксей самы малодшы і самы таленавіты. Старэшыя таксама спрабавалі займацца ў гурце «Берагіня», але не пайшло. А вось малодшаму спадабалася.

Кавальчук

Гурт «Берагіня» — першы ў нашай краіне вопыт сістэмнага выхавання сельскіх школьнікаў сродкамі традыцыйнай культуры.

Матуля юнака дзеліцца, што «Берагіня» сур’ёзна паўплывала на яго развіццё і стаўленне як асобы.

Кавальчук

— Ён упэўнены у сабе, умее выступаць перад аудыторыяй. Можа з наскоку напець мядоцкія матывы і з лёгкасцю сплясаць, да прыкладу, полечку, кракавяк альбо падэспань, — здзіўляе Ларыса. — А яшчэ прыхожа чытае на памяць беларускія народныя казкі. Не так даўно ездзіў на рэспубліканскі конкурс у Мінск. Узяў тры дыпломы 1 ступені! Уяўляеце?! Вясковы школьнік, а ўсіх абышоў.

Кавальчук
Кавальчук

Жанчына дадае, што вельмі ўдзячна настаўнікам і кіраўнікам «Берагіні» — Антаніне Абрамовіч і Мікалаю Козенка. Апошні, дарэчы, спецыяльна прыязджае ў Мётчу ажно з Мінску. Там ён працуе выкладчыкам ва ўніверсітэце культуры. І сапраўдны, за больш чым чвэрць стагоддзя свайго існавання «Берагіня» ўжо стала сімвалам вяртання дзяцей і моладзі да сваіх вытокаў не толькі ў раёне, вобласці, але і ў краіне.

Берагіня

— Нашым дзецям вельмі пашанцавала з такімі выдатнымі настаўнікамі, — падзялілася сваімі думкамі матуля Аляксея. — Гэта апантаныя сваёй справай людзі, якія маюць свой стыль выкладання, свае перакананні. За гэты час праз іх рукі і сэрцы прайшлі ўжо цэлыя пакаленні дзяцей і моладзі. А Антаніна Анатольеўна да таго ж і класны кіраўнік майго Лёшы. Настаўнік ад Бога!

Замест майнкрафт — «Падэспань»

Увогуле, Лёша не адзіны такі хлопчык у Мётчанскай школе. Тут выхавалі цэлае пакаленне, ахопленных самабытнай культурай, дзяцей. Унікальнасць «Берагіні» ў тым, што гурт скіраваны найперш на мясцовыя традыцыі і на тое, каб дзеці адчувалі сябе ў фальклорным асяродку абсалютна натуральна. На завучаныя яго формы можна ў нейкі момант і забыцца. А калі дзіця авалодала, да прыкладу, народнай манерай вуснага расповеду, дык яно, нават і пра нешта забыўшыся, натуральна і лёгка працягне тэму.

Што, дарэчы, і дэманстравалі сёння на канцэрце ўдзельнікі фальклорнага гурта «Берагіня». Выступілі ўсе групы дзяцей. Вы бы бачылі, як яны спяваюць, гуляюць у народныя гульні, расказваюць казкі! А як музыкі граюць — на цымбалах, на барабане, на гармоніку, на дудачцы! Любая музычная школа можа пазайздросціць!

Кавальчук

— Спачатку мы як сляпыя былі, — узгадвае настаўнiца беларускай мовы i лiтаратуры, музычны кiраўнiк узорнага фальклорнага гурта «Берагiня» Антаніна Абрамовіч. — Жылі ў асяродку носьбітаў традыцыйнай культуры і… шукалі сцэнарыі ў кніжках. Потым зразумелі, што трэба паглядзець вакол сябе, што ўсё найбольш каштоўнае знаходзіцца побач. Так, з прыходам у школу вядомага фалькларыста і этнахарэографа Мікалая Козенкі ў 1996 годзе быў створаны танцавальны гурт «Берагiня». Мікалай Аляксеевіч вырашыў апрабаваць на базе нашай школы сваю праграму «Традыцыйная культура і дзеці». І ведаеце — атрымалася. Мікалай Аляксеевіч прапанаваў навучаць дзяцей народнаму побытаваму танцу. У пачатковых класах праходзілі ўрокі рытмікі. Паралельна вялася работа па даследаванню традыцыйнай народнай культуры Мядоцкага краю. Гэта рабілі і настаўнікі, і старшакласнікі. У 2000 годзе наша навучальная ўстанова была прызнана лепшай вясковай беларускамоўнай школай Беларусi. Наступнай знамянальнай датай стала прысваенне калектыву звання «Заслужаны». Дарэчы, гэта званне сёлета пацвердзілі.

Кавальчук
Кавальчук

Гурт Мётчанскай школы знатныя навукоўцы Беларусі называюць эксклюзівам у межах Еўропы. Такое ганаровае званне пацверджана не толькі вялікай працай па даследаванню традыцыйнай культуры свайго краю, але і ўдзелам «Берагіні» ў шматлікіх фестывалях фальклорнага мастацтва, у тым ліку міжнародных. За дваццаць сем год зроблена шмат. Дзякуючы дзейнасці Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь узорнага фальклорнага гурту «Берагіня», Мядоцкі край стаў вядомы не толькі ў Беларусі, але і ў блізкім і далёкім замежжы. Творчыя напрацоўкі калектыву ляглі ў аснову мастацка-адукацыйных праграм, якія выкарыстоўваюцца ў вобласці і ўваходзяць у склад нацыянальных адукацыйна-культуралагічных праектаў.

Кавальчук

Спадчына бабулі Аўгінні

Ёсць меркаванне, што традыцыі працягваюць жыццё ў дзецях. Асабліва вясковых. Таму спрыяе сельскае асяроддзе — калыска народнай культуры. А яе праваднікі — вясковыя бабулі і дзядулі, якія перадаюць з вуснаў у вусны казку ці легенду, абрад ці паданне, песню альбо танец. Выдатны таму прыклад — мётчанскiя дзецi,  бясспрэчныя лiдары сярод школьнiкаў Барысаўшчыны па веданню традыцыйнай культуры. Мясцовым танцам яны вучацца не з кнiг, а праз «вусны шлях»: «з нагi ў нагу», «з голасу ў голас».

— Пачалі сваю працу з паходаў да бабулі Аўгінні Грук, 1914 года нараджэння, у вёску Селішча, што за шэсць кіламетраў ад Мётчы, — узгадвае Антаніна Абрамовіч. — Яна спявала песні, расказвала нам казкі, вучыла нашых дзяцей танцаваць… Дзякуючы ёй нам удалося сабраць унікальны фальклорны матэрыял, які стаў асновай не толькі рэпертуару нашага калектыву, але і школьнага кнігазбору.

Кавальчук
Кавальчук

Дзеці разам з бацькамi i з дапамогай настаўнiкаў пачалі вучыцца вышываць i ткаць паясы, шыць свае арыгiнальныя касцюмы для танцаў. Заняткi народнай творчасцю надзвычай зблiзiлi дзяцей, бацькоў i настаўнiкаў, i сталi цудоўным выхаваўчым сродкам.

— Выхаванне праз народную творчасць вельмi эфектыўнае, — адзначае Антанiна Абрамовiч. — Тут кожнае дзiця можа знайсцi магчымасць для самавыяўлення, тут не iснуе адбору згодна з прыроднымi задаткамi.

Ды і сама настаўніца авалодала некалькімі музычнымі інструментамі. Іграе на гармоніку, акарыне, дудцы, баяне, цымбалах. Цудоўна спявае.

Сёння ўсе тыя навыкі, якія атрымалі ад бабкі Аўгінні і іншых носьбітаў народнай культуры, дзеці дэманструюць на сцэне і ў жыцці. Лёгка, нязмушана, быццам гэтыя песні чулі з калыскі, а карагоды вадзілі з дзяцінства. І галасы ж у мётчанскіх рабят! Здаецца, такімі толькі і спяваць народныя песні, так гучна, бадзёра.

Кавальчук

Кіраўніцтва школы ганарыцца сваім калектывам. І стараецца падтрымліваць ва ўсіх іх справах.

— У нашай школе 119 вучняў, — удакладняе дырэктар Ягор Мандрык. — Дзеці з вялікім задавальненнем займаюцца ў «Берагіне». Гэта ўсебаковае развіццё. І не толькі духоўна, а і фізічна. З тымі нагрузкамі, з якімі яны сутыкаюцца танцуючы, не кожны спартсмен вытрымае. Плюс, у сельскіх дзяцей няма магчымасцей наведваць установы дадатковай адукацыі не выязджаючы са сваёй мясцовасці. А ў нашых ёсць! Прыемна адзначыць, што наш калектыў любяць і запрашаюць на мерапрыемствы, як у раёне, вобласці, Мінску, так і ў іншых абласных цэнтрах.

Ягор Мандрык

«Такія дзеці здатныя да ўсяго!»

Нехта скажа: навошта цягнуць у XXI стагоддзе гэтыя скокі, спевы, касцюмы «дзеравенскія»? На пытанне ці ёсць насамрэч праблема пераемнасці традыцыйнай беларускай культуры, яе захавання і трансляцыі — Мікола Козенка сказаў:

— Праблема была і ёсць, проста сёння стаіць найбольш востра. Справа ў тым, што носьбітаў традыцыйнай культуры калісьці было намнога больш. Цяпер, не сакрэт, што колькасць жыхароў сельскіх населеных пунктаў скарачаецца, а ўзрост носьбітаў, якія яшчэ жывыя, вельмі сталы. Але, рэгулярна бываючы ў камандзіроўках па рэспубліцы, бачу, што ўжо з’явіліся больш маладыя носьбіты, хто змог пераняць гэтую культуру. А працу трэба пачынаць з дзіцячага садка, школы.

Этнахарэограф дадае, што дзеці, якія займаюцца ў «Берагіне» і пастаянна вывучаюць традыцыйную культуру — больш здатныя да ўсяго:

— Назіраю за нашымі выхаванцамі ўжо шмат гадоў. Яны ўмеюць і вышываць, і з саломкі плесці, могуць танцаваць, спяваць… І не важна, якія здольнасці закладзены ў кожнага вучня. На практыцы кожны чалавек з такога класа — асоба. Ён можа расправіць плечы і з гонарам паказаць, што ўмее, сказаць, што ён беларус. Да таго ж у такіх фальклорных калектывах фарміруюцца і здаровыя гендэрныя адносіны. Хлопчык не саромеецца ўзяць дзяўчынку за руку, прыгожа павесці яе, патанцаваць, праспяваць. Дзеці не цураюцца хадзіць да бабуль, дзядуль, у экспедыцыі. І абавязкова пешшу. Вось і рашайце, як выхоўваць.

Пасля выступлення Аляксей са сваёй матуляй запрасілі нас у госці. Адказвацца не сталі, гаспадыня зацікавіла:

— Пазнаёміцеся з нашай карміліцай — Калінай (Аўт. — гэта мянушка іх каровы). Яна ў нас пародзістая. Такую рэдка дзе сустрэнеш.

Ковальчук

Дарэчы, карову пасуць каля дома. Яна, як толькі ўбачыла гаспадыню з сынам, адразу пайшла насустрач. Лёша па-гаспадарску паправіў прывязь і адразу пайшоў за вадой для жывёлы. На вуліцы плюс 27 градусаў. Мама з гонарам дадала — расце сапраўдны мужчына. І паказала на вялікую кучу дроў за хатай:

Ковальчук

— Гэта яго праца на лета. Старэйшыя сыны ўжо разляцеліся. У кожнага свая сям’я. Муж прыходзіць з працы позна. Стамляецца моцна. Лёша яго першы памочнік. Дарэчы, у школе вучыцца застаўся год. Будзе паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Марыць стаць праграмістам, нават на заняткі дадатковыя ў Барысаў ездзіць на аўтобусе, — яшчэ больш азадачыла нас Ларыса.

Ковальчук
Ковальчук
Ковальчук
Гаспадарка сям’і Кавальчук

Хлопчык сапраўды таленавіты ва ўсім. Упэўнены, у яго абавязкова ўсё атрымаецца!

Ковальчук
Ковальчук
Лента новостей
Загрузить ещё
Файлы cookie
Информационное агентство "Минская правда" использует на своём сайте анонимные данные, передаваемые с помощью файлов cookie.
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59