Адразу 4 пералікі паселішчаў увядуць для правядзення абавязковых аўкцыёнаў на ўчасткі

7 снежня 2022 года Мінскі абласны выканаўчы камітэт ухваліў Рашэнне № 1091 «Аб вызначэнні пералікаў населеных пунктаў», якое з новага года заменіць адпаведнае Рашэнне ад 24 красавіка 2009 г. № 418. У новым Рашэнні застаюцца 2 пералікі з папярэдняга: 1) пералік паселішчаў, дзе зямельныя ўчасткі для асабнякоў даюць па выніках аўкцыёнаў, а грамадзянам, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, без іх правядзення; 2) пералік паселішчаў і іншых зямель, дзе ўчасткі даюць юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам для нерухомасці пад вытворчасць і аказанне паслуг толькі па выніках аўкцыёнаў.
Дадаткова ўводзяцца яшчэ 4 пералікі: 1) пералік паселішчаў, дзе плата за ўчасткі і іх арэнду ўносіцца паводле рынкавай вартасці; 2) пералік зямель, дзе ўчасткі для падсобнай гаспадаркі даюць грамадзянам па выніках аўкцыёнаў; 3) пералік зямель, дзе ўчасткі для супольнага садаводства даюць па выніках аўкцыёнаў; 4) пералік сельскіх паселішчаў, дзе немагчыма наданне ўчасткаў памерам ад 1/4 да аднаго гектара для асабняка і кватэры ў блочным доме.
З новага года аўкцыёны пашыраць на рынкавую арэнду, падсобныя гаспадаркі, садовыя таварыствы і буйныя ўчасткі
У першым з новых пералікаў варта адзначыць 2 супрацьлеглыя падыходы ў шэрагу раёнаў. Гэтак у Дзяржынскім, Лагойскім, Мінскім і Смалявіцкім раёнах у пералік улучылі ўсе паселішчы. Відаць, тут не абышлося без уплыву набліжанасці да 2-мільённай сталіцы. Тым часам, на поўдні вобласці ў Клецкім і Салігорскім раёнах у пералік патрапілі толькі раённыя цэнтры. Заўважым, што сёлета Клецкі раён апынуўся найбольш удалым паводле продажу пустуючых дамоў за адну базавую велічыню. Вынікам служыць пашырэнне падатковай базы зямельнага падатку, які папаўняе бюджэт мясцовага самакіравання. Відаць, паспяховы досвед вырашылі пераняць у Салігорску.
У другі пералік з 4-х новых патрапілі большасць паселішчаў у Дзяржынскім, Лагойскім, Маладзечанскім, Мядзельскім і Смалявіцкім раёнах, а таксама ўсе населеныя пункты Мінскага раёна. У большасці іншых раёнаў Мінскай вобласці вырашылі абысціся без абавязковых аўкцыёнаў для падсобных гаспадарак. Пералік датычна супольнага садаводства закрануў наогул толькі шэраг сельсаветаў Лагойскага, Пухавіцкага і Смалявіцкага раёнаў. Апошні пералік і зусім змяшчаў толькі большасць вёсак Маладзечанскага раёна і ўсе паселішчы Мінскага. З аднаго боку, новыя пералікі сведчаць пра тое, што ў наступным годзе адбудзецца ўвядзенне рэгулявання на дадатковыя спосабы землекарыстання паводле прызначэння. З іншага, склад новых пералікаў хутчэй адлюстроўвае наяўны рынкавы попыт на зямлю, чым намер мясцовага самакіравання накласці дадатковыя ўмовы на набыццё права стаць землекарыстальнікам.
Подписывайтесь на наш Telegram-канал Минская правда|MLYN.by, чтобы не пропустить самые актуальные новости!
Рекомендуем

