Гадзіннік сіняўскага яўрэя на 80 гадоў стаў рэліквіяй сям’і з Клецкага раёна

У вёсцы Сіняўка Клецкага раёна перад вайной жыло 700 яўрэеў, з якіх 105 — былі школьнікамі. Пасля акупацыі мястэчка, летам 1941 года, немцы, рэалізуючы нацысцкую праграму знішчэння мірнага насельніцтва, арганізавалі тут гета і стварылі юдэнрат, які быў агароджаны калючым дротам. Амаль 300 сіняўскіх яўрэеў забілі ў чэрвені 1942 года. Апошніх знішчылі ў жніўні 1943-ага на ўскраіне вёскі Нарэшавічы.
Гісторыю пра гадзіннік мне ў дзяцінстве расказаў дзед Іван, а яму пра падарунак яўрэя калісьці распавядала яго маці Ганна.
У вёсцы Сіняўка перад вайной амаль у кожнай трэцяй хаце жылі яўрэі. У жніўні 1943-га ўсім ім далі наказ выйсці з дамоў. Некаторыя паспелі ўзяць з сабой самае каштоўнае. На дарозе паставілі два кулямёты, і пад іх прыцэлам немцы гналі калону людзей па Пінскім тракце ўніз, да месца расстрэлу. Мясцовыя жанчыны і дзеці стаялі ўздоўж дарогі і з жахам глядзелі на ўсё, што адбывалася. Яўрэі падбягалі да вяскоўцаў і аддавалі ім свае каштоўнасці. Сведкам тых страшных падзей была і маці дзеда Івана — мая прабабка Ганна. Да яе падбег адзін высокі, худы, чарнявы, вельмі спуджаны мужчына, які трымаў у руках нешта закручанае ў дзяружку. У суматосе ўпіхнуў ёй гэты скрутак і папрасіў зберагчы, паабяцаў, што абавязкова вернецца і забярэ. Прабабка спалохана схапіла тое, што даверыў ёй захаваць незнаёмец. Сэрца выскоквала з грудзей. Не чуючы пад сабой ног, яна мінула мястэчка і дабегла да сваёй хаты. Усю дарогу не пакідалі думкі: «Што там? Нейкая цвёрдая скрынка. А ў ёй? Няўжо дзіцятка?». Дома яна зняла дзяружку і ўбачыла, што ў скрутку ляжаў насценны гадзіннік. Прыгожы, з бліскучым цыферблатам, круглым маятнікам і спецыяльным ключыкам, каб заводзіць. Нягледзячы на прыгажосць рэчы, не адважылася павесіць яе, схавала ў куфар.


На наступны дзень людзі казалі, што тых палонных завялі ў Нарэшавічы. На ўскрайку лесу іх садзілі на зямлю па дзесяць чалавек, прымушалі распранацца і далей гналі да расстрэльнай ямы. Яе загадзя прымусілі выкапаць саміх яўрэяў, зманіўшы, што тая стане для іх бомбасховішчам. Затым людзей паставілі ўздоўж катлавана і пачалі знішчальную аперацыю. І раненых, і тых, хто загінуў адразу — усіх немцы засыпалі ў агульнай магіле. Вяскоўцы, што жылі непадалёку, гаварылі: зямля, дзе ляжалі забітыя яўрэі, «ходырам хадзіла» яшчэ суткі і чуліся стогны.
Мая прабабка зразумела, што гаспадар за гадзіннікам не вернецца. Прайшоў час, пасля ўсіх жахаў вайны Ганна ўсё ж такі асмелілася дастаць таемную рэч з куфара. «Падарунак» яўрэя прымацавалі да сцяны, прыладзілі прыгожы маятнік і накруцілі ключыкам спружыны. Дзядуля ўспамінаў, як яны, дзеці, радаваліся, калі гадзіннік ўпершыню прабіў чатыры разы. З таго часу рэч стала сямейнай рэліквіяй.
Звяраючы час па прыгожым цыферблаце, спраўлялася з нялёгкім пасляваенным ладам мая прабабка, нарадзіла і выгадавала чатырох сыноў. А калі Іван жаніўся на Ганне, яны пабудавалі новую хату і першым занеслі туды той самы гадзіннік. Зʼявіліся на свет іх дзеці: мой бацька Лёня, дзядзькі Іван і Вова. Яны добра ведалі гісторыю рэліквіі, але заводзіў гадзіннік толькі дзед.
Пасля яго смерці (а гадзіннік яму адлічыў 80 гадоў) мы з татам выконваем наказ: кожны панядзелак у нашым доме пачынаецца з таго, што трэба навесці ўжо даўно стаўшы нашым швейцарскі насценны «Gustav Becker».

Куляшы збіраюцца на Радаўніцу ў нас. Маці накрывае стол у тым пакоі, дзе вісіць легендарная рэч, успамінаюць памерлых і абавязкова расстралянага палоннага.
З таго часу, як прабабка Ганна ўпершыню завяла гадзіннік, прайшло 80 гадоў, а ён ні разу не спыніўся, не быў у рамонце. Мы беражом падарунак сіняўскага яўрэя і спадзяёмся, што сваім магутным боем ён адгоніць беды, хваробы і «націкае» нам шчаслівае, доўгае і мірнае жыццё.
Тэкст: Аляксей Кулеш
Рекомендуем



