У Мінскім аблвыканкаме прайшла калегія па спорце

Дзеля карысці спартовай галіны мерапрыемства спалучылі з выбраннем старшыні Мінскага абласнога аддзялення Беларускай федэрацыі плавання. На сваёй пасадзе засталася Алена Казак. Адпаведна галоўнай тэмай калегіі з удзелам прадстаўніка Мінаблыканкама стала вырашэнне праблем падрыхтоўкі юных плыўцоў.
Пасля аказанага ёй даверу Алена Казак заўважыла:
— Не заўжды трэнеры маюць досвед працы. Кадравае пытанне самае важнае, каб кадры на месцах былі кваліфікаваныя. Дзяцей вучаць плаваць, каб тыя маглі асіліць 25 метраў. Гэта 24 гадзіны.
Як адзначыла Казак, у выніку праверкі па Мінскай вобласці выявілася, што большасць дзяцей не ўмее плаваць. Прапанова ўскласці частку навучальнай нагрузкі на трэнераў вучылішчаў выявілася складанай у ажыццяўленні. Прынамсі выезд такіх трэнераў у кожны раён быў бы занадта рэдкім, калі ладзіць камандзіроўкі на два тыдні.
Пасля звароту да прадстаўнікоў раёнаў найбольш вострае пытанне ўзняў трэнер Чэрвеньскай школы плавання Арсень Манькевіч:
— Працую менш за год. Аддзяленню плавання ў нас сем гадоў. У нашых дзяцей, якія прыйшлі з першага класа і цяпер пайшлі ў сёмы клас, змянілася пяць трэнераў. Хто трэніраваўся, той ведае, што, калі за такі час з пачатку змянілася столькі трэнераў, у цябе не будзе ніякай базы. Нічога не будзе, бо матывацыі няма ў трэнера і дзіцяці. Праблема Чэрвенскай школы ў тым, што трэнеры там не застаюцца і ад’язджаюць па адпрацоўцы.

Манькевіч пагадзіўся з прапановай Казак мець свайго трэнера. Разам з тым, ён падкрэсліў значнасць выездаў у вучылішчы. Іншая трэнерка, якая праводзіла вышэйзгаданую праверку, выявіла яшчэ большую заклапочанасць станам з уменнем плаваць:
— Я найперш ацэньвала гарызантальную і вертыкальную плывучасць. Мы нават не дайшлі да агульнай вынослівасці на вадзе ў дзяцей з дзевяці гадоў. Варта трэнерам прымаць адказнасць за ўменне спартоўца плаваць чатырма спосабамі. Зрабіце гэта, бо вы глядзіце ў вочы яго бацькам, а вы не можаце навучыць плаваць брасам.
Прадстаўнік Мінаблвыканкама — начальнік навучальна-спартовага аддзелу Мікалай Лубяны зрабіў сустрэчную прапанову сабраным трэнерам ладзіць спадарожнае навучанне спартоўцаў па прыездзе на спаборніцтвы. Адрыў жа трэнераў вышэйшага звяна ад працы на месцы цягам тыдняў для выезду ў раёны быў акрэслены, як праблематычны для тых вучняў, якія ўжо ёсць у вучылішчах. Урэшце, яшчэ адной прапановай было накіраванне саміх трэнераў з раёнаў на семінары для павышэння кваліфікацыі.