Якое месца Беларусi ў Атласе дыябету

Кожны дзясяты дарослы ў свеце жыве з цукровым дыябетам. Да 2030 году лік хворых павялічыцца з 537 млн да 643 млн. Такія звесткі ў сваім Атласе дыябету за 2022 год прыводзіць Міжнародны саюз дыябету. Пагатоў, ужо цяпер хвароба забірае па жыцці чалавека кожныя 5 секунд. Па кампетэнтны каментарый наконт становішча ў нашых краях мы звярнуліся да эндакрынолага Мінскай абласной клінічнай бальніцы Вольгі Залескай.

Найперш Залеская паведаміла, што ў Мінскай вобласці налічвалася 54 144 пацыенты з цукровым дыябетам. Гэта складае менш як 4 % ад насельніцтва вобласці, што магчыма палічыць за поспех айчыннай медыцыны. Аднак сама Вольга Залеская крытычна заўважыла: «Гэта не поспех, гэта дрэнны паказчык, бо дрэнна выяўляем». І сапраўды Атлас дыябету цвердзіць, што ў Еўропе кожны трэці дарослы з дыябетам жыве без дыягназу хваробы. Пры гэтым 95 % хворых у Мiнскай вобласцi мелі дыябет другога тыпу, а на інсулінатэрапіі знаходзілася 20 % пацыентаў. Дзеля карысці нашых чытачоў лекарка таксама падзялілася 10 асноўнымі парадамі для харчавання дыябетыкаў. Залеская адзначыла, што пры дыябеце патрабуецца пераход да харчавання кожныя тры гадзіны з трыма асноўнымі прыёмамі ежы і двума перакусамі. Пры гэтым мае прайсці яшчэ тры гадзіны ад апошняга прыёму ежы да адыходу да сну. Для перакусаў яна параіла выкарыстоўваюць агародніну і тварог. Падчас асноўных прыёмаў ежы доктарка заклікала аддаваць перавагу адварным стравам са свежых маласытных прадуктаў, багатых на клятчатку.
Паказнік | Увесь свет | Еўропа |
Захваральнасць (чал.) | 537 млн (кожны 10-ы) | 61 млн (кожны 11-ы) |
Смяротнасць за год (чал.) | 6,7 млн | 1,1 млн |
Сярод іншага, часам варта прыбягаць да спажывання бялковага жытняга хлеба з вотруб’ем. Аснову ж спажывання вугляводаў маюць складаць аўсяныя, грачаныя, пярловыя і пшоныя крупы, бо гэта складаныя вугляводы. Найлепшым пітвом служыць звычайная пітная вада аб’ёмам каля 1,5 літры на дзень, а суп мае быць з агародніны і змяшчаць толькі крыху бульбы. Таксама Залеская звярнула ўвагу на тое, што найбольш бяспечнымі крыніцамі жывёльных бялкоў пры дыябеце служаць кураціна і рыба. Найлепшымі ж сябрамі ў харчаванні назвала прастаквашу і свежы кефір, а таксама тварог і дыетычны сыр. Што да агародніны, то найбольшай каштоўнасцю валодаюць салатнае лісце і агуркі, капуста і кабачкі, баклажаны і таматы, а таксама балгарскі перац з зелянінай.
Подписывайтесь на наш Telegram-канал Минская правда|MLYN.by, чтобы не пропустить самые актуальные новости!
Рекомендуем



