Арэнднае жыллё: як абзавесціся «квадратамі» ў малых гарадах Мінскай вобласці

Борисов
Фото: Пяціпавярхоўка ў Барысаве з арэндным жыллём. Фото Светлана Курейчик

За апошняе дзесяцігоддзе ў цэнтральным рэгіёне з’явілася дастаткова новых вытворчасцей рэспубліканскага значэння. У выніку эксперты пачалі казаць пра маятнікавую міграцыю са сталіцы ў бок не толькі Фаніпаля, але і па ўсіх іншых азімутах — маршрутах  гарадскіх электрычак. Тым часам такія зрухі патрабуюць забеспячэння жыллём новых работнікаў. Адным з рашэнняў дадзенага пытання выступае арэнднае жыллё, якому прысвяцілі цэлую главу ў абноўленым Жыллёвым кодэксе. Па кампетэнтны каментарый з гэтай нагоды мы звярнуліся да начальніка аддзела па жыллёвых пытаннях Мінскага аблвыканкама Настассі Сабірай.

Высветлілася, што на такое жыллё можа прэтэндаваць любы грамадзянін. Разам з тым у першую чаргу права на яго маюць маладыя спецыялісты, якія навучаліся на бюджэце, на час працоўных адносін, а таксама вайскоўцы. У гэты пералік трапляюць прызначаныя на пасаду работнікі ў выпадку неабходнасці пераезду ў іншае паселішча, навукоўцы, прафесары, занятыя па дагаворы аб падрыхтоўцы навуковага супрацоўніка найвышэйшай кваліфікацыі (аспіранты і дактаранты, трэнеры спартыўных устаноў і нацыянальных каманд). Не забылі і пра медыкаў, педагогаў і работнікаў культуры (пры заключэнні 5-гадовага кантракта). У другую чаргу ўключаны грамадзяне, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы размяшчаюць аб’явы пра наяўнасць арэнднага жылля на сваіх сайтах. Іншыя арганізацыі — у даступных для азнаямлення месцах. Цягам 15 дзён пасля размяшчэння аб’явы кожны можа напісаць заяву на прадастаўленне такога жылля. Пры гэтым Настасся Сабірай заўважыла, што незалежна ад чаргі  раней вайскоўцам прызначалася 10% незаселенага і зноў пабудаванага камунальнага арэнднага жылля. Яшчэ 30% — для асоб з першай чаргі. Асноўная ж частка падлягала арэндзе асобамі якраз з другой чаргі. З улікам даўжыні гэтай чаргі заявы ў ёй разглядаюцца зыходзячы з даты прыняцця. Пры адсутнасці заяў ад чаргавікоў на гэтае жыллё могуць прэтэндаваць нават іншагароднія.

60% арэнднага жылля прызначаецца тым, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

Даступнасць вызначаецца на месцы

Савет Міністраў Беларусі ўстанавіў арэндную плату за такое жыллё паводле наступнай формулы: 0,2 * базавая велічыня * плошча памяшкання * каэфіцыент. Пры гэтым каэфіцыент вызначаюць абласныя і Мінскі гарадскі выканкамы з улікам месцазнаходжання памяшканняў. У 2016 годзе Мінскі аблвыканкам адобрыў рашэнне №736, якім устаноўлены памер каэфіцыента адпаведна колькасці насельніцтва ў паселішчы. Ён складаў ад 0,1 для вёсак да 2000 жыхароў і дасягаў 0,8 у гарадах з больш як 90 тыс. чалавек. Таксама  каэфіцыент маглі панізіць на час працоўных адносін. Разам з тым, паводле 113-га артыкула Жыллёвага кодэкса Беларусі, арэндную кватэру было магчыма перавесці ў разрад сацыяльнага жылля, каб не плаціць за арэнду. Сярод іншых права на гэта мелі дзеці, што засталіся без апекі бацькоў, і дзеці-сіроты, а таксама непрацуючыя адзінокія інваліды І і ІІ груп. У любым выпадку аплата жыллёва-камунальных паслуг была абавязковая.

Каэфіцыент па паселішчах Мінскай вобласці

Насельніцтва (чал.)Каэфіцыент
Да 20000,1
2000-50000,3
5000-20 0000,4
20 000-50 0000,5
50 000-90 0000,7
Звыш 90 0000,8

Адказнасць найму

Настасся Сабірай падкрэсліла: «Сёння  прадастаўленне арэнднага жылля з’яўляецца адным з эфектыўных метадаў вырашэння жыллёвай праблемы, ён дазваляе хутка засяліцца сем’ям, якія пакуль не ў стане абзавесціся ўласнай кватэрай або домам, але не жадаюць пераплачваць за квадратныя метры прыватным уласнікам». Пры гэтым, каб не прагадаць з арэндным жыллём, варта ўлічваць пэўныя патрабаванні да яго найму. Іх вызначае пастанова Савета Міністраў Беларусі ад 31.12.2014 года №1297. Так, на зварот у выканкам для заключэння адпаведнага дагавора даецца 15 дзён ад даты апавяшчэння пра прадастаўленне арэнднага жылля. Тэрмін найму жылля можа складаць да пяці гадоў. Для працягу дагавора наймадаўца жылля робіць запыты наконт выканання абавязкаў наймальнікам. У прыватнасці, неналежным выкананнем лічыцца трохмесячная запазычанасць за арэнду і жыллёва-камунальныя паслугі. Таксама высвятляецца, ці прыцягваўся наймальнік да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне правіл карыстання памяшканнямі.

Сярод іншага, у 2020 годзе быў падпісаны Указ №121, якім прадугледжана магчымасць перавесці арэнднае жыллё ва ўласнасць, калі яно перададзена ў карыстанне да 1 красавіка 2014 года. Падставай для  пераводу, напрыклад,   служыць неадпаведнасць жылля ўстаноўленым для пражывання санітарным і тэхнічным патрабаванням. Што да самой чаргі,  Настасся Сабірай прызнала, што арэнднае жыллё карыстаецца вялікім попытам: «Пры размяшчэнні інфармацыі пра наяўнасць арэнднага жылля, як правіла, паступаюць у сярэднім па 10 заяў на адно жылое памяшканне».

Борисов

Як бачым, даступнасць пражывання ў малых паселішчах Мінскай вобласці вырашылі забяспечыць найперш праз паніжаны ў 8 разоў каэфіцыент арэнднай платы параўнальна з найбольшымі гарадамі. Разам з тым можна зрабіць выснову, што попытам арэнднае жыллё карыстаецца пераважна ў маладых спецыялістаў і чаргавікоў на паляпшэнне жыллёвых умоў з ліку гараджан.

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59