- 19.01.2023
- 10:33
- ( обновлено: 19.01.2023 17:49 )
- 667
Унікальнае набажэнства штомесяц ладзяць у Заслаўі. У чым яго асаблівасць

Затоены пад назвай станцыі «Беларусь» на чыгуначнай лініі Мінск — Маладзечна стаіць старадаўні горад Заслаўе. А між былых валоў Заслаўскага замчышча месціцца адзіны ў Мінскім раёне сабор Перамянення Гасподняга. Непаўторны ён тым набажэнствам, якое тут ладзяць штомесяц. Пра ўнікальную для раёна боскую літургію мы распыталі ў настаяцеля храма протаіерэя Мікалая Мазгова.
Айцец Мікалай паведаміў, што ў 2013 годзе па блаславенні мітрапаліта Філарэта ў Заслаўскім саборы ўпершыню зладзілі набажэнства па-беларуску. Яго правялі ў Дзень памяці прападобнай Еўфрасінні Полацкай. У 2014 годзе набажэнства мела месца некалькі разоў. А з 2015 года боская літургія на роднай мове стала рэгулярнай. Яе прызначылі на апошнюю суботу кожнага месяца. Айцец Мікалай і быў пачынальнікам гэтай традыцыі ў саборы.

У наступныя гады набажэнствы па-беларуску сталі прыцягваць паломнікаў з суседніх прыходаў Мінскага раёна, самой сталіцы і Маладзечна. Гэта можна патлумачыць тым, што літургіі таксама праводзяць на святы памяці беларускіх святых у Заслаўскім саборы. Урэшце, па просьбах прыхаджан святары служаць па-беларуску яшчэ часцей. З 2018 года айцу Мікалаю дапамагае іерэй Вячаслаў. Пагатоў, кожны з наступных мітрапалітаў — і Павел, і Веньямін — ухвалілі рэгулярнасць такой службы.
Варта адзначыць, што адрозна ад звычайнага раскладу наступная служба на роднай мове ў Заслаўі адбудзецца ўжо на гэтым тыдні, то-бок у 3-ю суботу месяца, 21 студзеня, і пачнецца а 8:30. Такія раннія гадзіны могуць выклікаць пытанні ў паломнікаў, але толькі ў навічкоў.
Зручнасці паломнікаў служаць адразу чатыры ранішнія цягнікі.
А 7-й гадзіне з Мінска на станцыю «Беларусь» па чарзе выпраўляюцца два цягнікі гарадскіх ліній і адзін — рэгіянальных, якія паспяваюць якраз да пачатку набажэнства. З Маладзечна ў гэты час ідзе цягнік рэгіянальных ліній, падарожжа на якім таксама займае каля 40 хвілін.

Застаецца пажадаць прыхаджанам і паломнікам шчаслівых службаў на роднай мове.
Подписывайтесь на наш Telegram-канал Минская правда|MLYN.by, чтобы не пропустить самые актуальные новости!