Дзесяткі цікавых і змястоўных мерапрыемстваў падрыхтаваў для жыхароў і шматлікіх гасцей горада ХХІ Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2022».

У скарбонцы мерапрыемства «Партал часу “Міншчына: гісторыя і сучаснасць”», што разгорнецца на вуліцы Прытыцкага, творчая прэзентацыя выставы «Заўсёды з вамі. Міхаіл Фінберг», прысвечаная 75-годдзю з дня нараджэння народнага артыста Беларусі (кінатэатр «Радзіма»), а таксама маладзёжная крэатыўная прастора «ФэстМ», што прапішыцца пад дахам амфітэатра.

Згодна праграмы фестывалю беларускай песні і паэзіі, які будзе гаспадарыць у райцэнтры 11 і 12 чэрвеня, яго ўдзельнікам прапануюць выставу Маладзечанскай школы выцінанкі «Дрэва жыцця», паэтычныя чытанні паэтаў, членаў грамадскага аб’яднання Саюз пісьменнікаў Беларусі «Люблю цябе, мой родны край», выставу фотаздымкаў аўтараў праекта «Жывая спадчына», зробленых падчас здымак праграмы аб унікальных звычаях, што ўвайшлі ў спіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Па традыцыі Чысцінскі сельскі дом культуры прыме канцэрт джазава-эстраднай музыкі «Джазавы калейдаскоп», прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння народнага артыста Беларусі Міхаіла Фінберга, а малая зала Палаца культуры музычна-паэтычную гасцёўню «Паэтычная спадчына – нашчадкам запавет» з удзелам беларускіх паэтаў, дзеячаў культуры і мастацтва Беларусі, фіналістаў Рэспубліканскага паэтычнага конкурсу памяці лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь паэта Міколы Мятліцкага «Сваю душэўную спагаду святлом Айчыны запалі».

На працягу двух фестывальных дзён у Маладзечне будуць працаваць мабільны музей-экспазіцыя ўстановы Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны «Дарога памяці», выстава рэтра-аўтамабіляў, творчы арт-пляц удзельнікаў фестывалю лозапляцення «ДзіваФэст», а таксама «Горад майстроў» – экспазіцыя дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва.

Здзівіць кінатэатр «Радзіма», дзе будуць дэманстравацца мастацкія і дакументальныя фільмы як для дарослых, так і дзяцей, парадуе Маладзечанская цэнтральная раённая бібліятэка імя М.Багдановіча, пад дахам якой пройдзе сумесная творчая сустрэча паэтаў Саюза пісьменнікаў Беларусі і Саюза кампазітараў «Калі душа спявае».

Прыязджайце, прыходзьце, будзе цікава!

Подписывайтесь на наш Telegram-канал Минская правда|MLYN.by, чтобы не пропустить самые актуальные новости!