Меню

Уводзіцца сістэма зваротаў. Дзе і як з новага года дапамогуць вырашаць праблемы, што хвалююць грамадзян

Уводзіцца сістэма зваротаў. Дзе і як з новага года дапамогуць вырашаць праблемы, што хвалююць грамадзян

2 студзеня ўступаюць у сілу папраўкі ў Закон Беларусі «Аб зваротах грамадзян і юрыдычных асоб», зацверджаныя 28 чэрвеня. Змяненні закранулі 14 з 31 артыкула закона. Пра гэта расказала начальнік упраўлення па рабоце са зваротамі грамадзян Мінаблвыканкама Аксана Таранда.

Будзе ўсё праз сайт

— Галоўнае змяненне закранула 25-ы артыкул. З 2012 года існавала магчымасць накіраваць электронны зварот на сайт кожнай дзяржаўнай установы, у тым ліку праз электронную пошту. А з 2023 года трэба будзе звяртацца праз сістэму ўліку і апрацоўкі зваротаў (СУАЗ) на дзвюхмоўным партале, які вядзе Цэнтр лiчбавага развiцця Мінсувязі Беларусі. На зварот адкажуць праз асабісты кабінет на гэтым жа партале. Калі хтосьці папросіць менавіта аб пісьмовым адказе, яго накіруюць поштай на пазначаны адрас. Так арганізуюць работу са зваротамі грамадзян Саветы дэпутатаў і выканаўчыя камітэты ўсіх узроўняў, бальніцы і школы, а таксама іншыя дзяржаўныя ўстановы, — патлумачыла Аксана Таранда. — Вышэйазначаная папраўка ўведзена ў выніку росту долі электронных зваротаў, якая стала перавышаць палову ад агульнага іх ліку, пададзенага за год. Пры гэтым значным недахопам у большасці выпадкаў была адсутнасць адрасу, што давала падставу прызнаць зварот ананімным без права атрымання адказу. На партале такая сітуацыя ўзнікнуць не можа, бо існуе пералік абавязковых палёў для запаўнення пры адпраўцы паведамлення.

Аксана Таранда

Што дазволілі, а што адмянілі

Паводле новага артыкула 25-1, пры масавым звароце звыш 10 асоб адказ будзе размешчаны на сайце дзяржаўнай установы і ў выпадку яго пісьмовага накіравання. Таксама выканкамы і іншыя дзяржаўныя ўстановы перастануць весці кнігу заўваг і прапаноў. Аднак пастанова ўрада Беларусі 2005 года №285 прадугледжвае, што адпаведныя кнігі працягнуць весці індывідуальныя прадпрымальнікі і ўстановы гандлю, грамадскага харчавання, бытавога абслугоўвання, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя і аздараўлення, прыёманарыхтоўкі сыравіны, перавозкі, рамонту аўтамабіляў, прыдарожных паслуг, фінансавай дзейнасці і страхавання, сувязі, культуры, юрыдычных і рыелтарскіх паслуг.

З гэтага пераліку выключылі садовыя таварыствы і гаражныя кааператывы. Трэба сказаць, што даволі часта адзначаліся выпадкі нявыдачы кніг скарг і прапаноў у садовых таварыствах, што з’яўлялася парушэннем артыкула 10.10 Кодэкса Беларусі аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Сярод іншага ў 6-м артыкуле прадугледзелі магчымасць адмовы ў асабістым прыёме пры наяўнасці папярэдняга пісьмовага адказу на зварот. Пры гэтым у 7-м артыкуле азначаны дазволены парадак відэа- і гуказапісу на прыёме ў службоўца. Разам з тым уведзена права рабіць выпіску з дакумента, які тычыцца разглядаемай справы, і рабіць яго фотаздымак.

Лік ідзе ўжо на тысячы

Варта звярнуць увагу на тое, што ў сістэме зваротаў дзейнічае даведка, у тым ліку тлумачальная старонка «Падача звароту фізічнай асобай». На ёй сярод 23 палёў у якасці абавязковых вызначылі 12: катэгорыя заяўніка, выбар арганізацыі, выгляд звароту, прозвішча, імя, статус фізічнай асобы (грамадзянства), рэгіён (вобласць), раён, населены пункт, дом, паштовы індэкс і змест звароту. Большасць гэтых звестак папярэдне падаецца пры рэгістрацыі ў сістэме зваротаў. Для пацвярджэння рэгістрацыі на сотавы тэлефон дасылаецца паведамленне з кодам.

Таксама прадугледжваецца магчымасць прымацаваць да звароту файл і пазначыць неабходную інфармацыю: тэма звароту, імя па бацьку, ідэнтыфікацыйны нумар (у пашпарце), сацыяльная катэгорыя грамадзяніна, электронная пошта, вуліца, кватэра, кантактны тэлефон, заўвагі і кароткі змест звароту. З улікам прадуманасці інтэрфейсу сістэмы зваротаў застаецца спадзявацца на трываласць серверных магутнасцей, на якія цяпер ляжа апрацоўка запытаў.

Прынамсі, на пачатак Калядаў у СУАЗ паспелі зарэгістраваць 7029 арганізацый і 2176 карыстальнікаў, а таксама 31 зварот.

Подписывайтесь на наш Telegram-канал Минская правда|MLYN.by, чтобы не пропустить самые актуальные новости!

Лента новостей
Загрузить ещё
Информационное агентство «Минская правда»
ул. Б. Хмельницкого, д. 10А Минск Республика Беларусь 220013
Phone: +375 (44) 551-02-59 Phone: +375 (17) 311-16-59