Як маркаўчане «Луку» вадзілі. У Маладзечанскім раёне адрадзілі старажытны абрад, які абяцае жаніцьбу

Аграгарадок Маркава Маладзечанскага раёна толькі на першы погляд здаецца звычайным: 700 жыхароў, ёсць амбулаторыя, школа, дзіцячы садок, вузел паштовай сувязі, бібліятэка, дом культуры… Аднак у апошнія некалькі год населены пункт карыстаецца асаблівай увагай турыстаў. Акурат на Вялікдзень сюды прыязджаюць машыны з Маладзечна, Вілейкі, Валожына, Мінска… Людзей багата, і кожнаму хочацца стаць сведкай старажытнага мясцовага абрада — велікоднага карагода «Лука». Які, дарэчы, у пазамінулым годзе атрымаў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці!


Убачыць на свае вочы надзвычайны абрад вырашылі і карэспандэнты «МП» — сёння, 16 красавіка, мы накіроўваемся ў Маркава.
Велікодная служба скончылася, і каля царквы Святой Жываначальнай Троіцы ужо пачынае збірацца народ. Тут і маладыя, і старыя, і дзеці, прычым не толькі мясцовыя. Як высветлілася, многія школьнікі спецыяльна прыехала ў Маркава на свята: каб яйкамі пабіцца, ды «Луку» павадзіць.


Нарэшце, пачынаецца самае цікавае. Жыхары аграгарадка, узяўшыся за рукі, пачынаюць ладзіць карагод. Толькі гэта не звычайны рух па крузе — жанчыны, мужчыны і падлеткі водзяць карагод адмысловым чынам. Па праўдзе кажучы, зразумець гэтую траекторыю я так і не змагла, але выглядала ўсё насамрэч магічна…


Жывы ланцуг павольна рухаецца, і на ўсю акругу гучыць песня «Лука» ў выкананні народна-фальклорнага ансамбля «Маркаўчанка». Падпяваюць мясцовым зорачкам і жыхары аграгарадка. У цэнтры карагода заўважаем сярэдняга ўзросту мужчыну — навошта ён там? Аказалася, менавіта дзеля гэтага «гардапышнага малойчыка» маркаўчане і сабраліся сёння. Ён ужо даўно засядзеўся ў жаніхах, а знайсці сваю адзіную і любімую ніяк не можа. Вось вяскоўцы і «рэкламуюць» яго перад дзяўчатамі, стымулююць да жаніцьбы! А халасцяк у падзяку павінен пачаставаць спевакоў гарэлкай, цукеркамі ды іншымі прысмакамі. Зробіць усё правільна — лічы, вырашыў сваю «сардэчную» праблему.


Маркаўчане запэўніваць: абрад насамрэч дапамагае! Праўда, не ўсім. Вяскоўцы расказваюць, як аднаму «бабылю» Арсеню Асіповічу, ужо нябожчыку, песні спявалі і карагоды вадзілі ажно шэсць разоў! І ўсё роўна мужчына не ажаніўся!

Нам, на жаль, не ўдалося знайсці тых, хто праверыў на сябе дзеянне «Лукі». Аднак і абраду ўжо не адзін дзясятак год. Хаця дакладнай даты яго з’яўлення ніхто не памятае.



— Мяркуючы па ўзросту той жанчыны, якая першая вадзіла «Луку», Соф’і Сарачынскай, абраду ўжо 100 гадоў дакладна. А можа і болей, — кажа загадчык Маркаўскага сельскага дома культуры Вольга Капіца. — Першапачаткова «Велікодны карагод «Лука» вадзілі каля рэчкі Гадзея. Там ёсць звіліна, ці па-іншаму «лука». І само ўрочышча каля ракі таксама называлі лукі. Пазней абрад праводзілі ў цэнтры вёскі — у тых выпадках, калі збіралася вельмі шмат людзей. Калі ж народу праходзіла мала, «Луку» вадзілі на паперці царквы. Сёлета мы выбралі месца па-за царквой.

Пацікавілася ў Вольгі: няўжо спрадвеку так павялося, што маркаўчане не маглі знайсці сваё каханне — і дзеля таго, каб жаніць халасцякоў, быў прыдуманы цэлы абрад?
— Вяскоўцы клапаціліся пра прадаўжэнне роду. Бо калі няма ў сям’і дзяцей, калі хлапец не жаніўся — не будзе, каму працаваць. І таму кожны год выбіраўся адзін чалавек, якому і прысвячаўся абрад. У Маркаве такіх называлі бабылямі. Пакуль водзіцца карагод, спяваецца песня, апошні куплет якой і прысвечаны нашаму жаніху. Сёння гэта 46-гадовы Сярожа Яблонскі: бацькі мараць ажаніць яго, каб паспець яшчэ паняньчыць унукаў.




А вось сам халасцяк хоча сям’ю і дзяцей?
— Канешне, час ужо даўно прыйшоў, аднак пакуль не шанцуе, — са шкадаваннем у голасе кажа Сяргей Яблонскі. — Працую дыспетчарам у Маладзечанскім райаграсервісе, зарплата добрая. Хоць зараз гатовы жаніцца, толькі б добрая дзяўчына спаткалася. Ведаю, што некаторым «Лука» дапамагаў змяніць сямейны статус. Можа, і мне дапаможа!


Як адзначыла Вольга Капіца, велікодны карагода «Лука» ужо стаў брэндам Маркава.
— І так хочацца, каб ён і далей існаваў, каб традыцыі продкаў працягвалі нашыя дзеці. Да таго ж, калі ў вёскі ёсць свая фішка», забыццё ёй не пагражае.



