Ад Крутагор’я да Дзяржынска – 880 гадоў гісторыі горада ў дакументах і фотаздымках
У гэтым годзе дзяржынцы адзначаюць 880-гадовы юбілей свайго горада. Гісторыя Дзяржынска вельмі багатая, яна пачынаецца аж з XII стагоддзя, праўда, тады ён называўся Крутагор’ем. У XIII стагоддзі горад меў ужо іншую назву – Койданава. Аб падзеях сярэдзіны XIII ст., звязаных з Койданавам, расказваецца ў “Хроніцы Быхаўца”, у “Хроніцы Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага”. Койданава ўпамінаецца і ў іншых дакументальных даведніках.
А назву мястэчку, па народных паданнях, дала бітва, у якой татарская армія пад камандаваннем хана Кайдана (Койдана) была разбіта каля Крутагор’я. З той пары яно і стала называцца Койданавам. Аднак, не ўсе гісторыкі звязваюць імя татарскага хана с назвай Койданава.
З другой паловы XVI стагоддзя Койданава становіцца вядомым гандлёвым цэнтрам. Тут штогод праводзіліся два, а пазней чатыры кірмашы. Асаблівай вядомасцю вызначаліся конскія кірмашы, на якія здалёк прыязджалі купцы. У 1588 г. у Койданаве было 160 двароў і каля 1000 жыхароў, а ў 1647 г. – 220 двароў і 1500 жыхароў. Трэцюю частку койданаўцаў састаўлялі рамеснікі: кавалі, шаўцы, слесары, краўцы, ганчары і іншыя. У мястэчку дзейнічалі мытня, млыны, школа, шпіталь.
У 50-60-я гады XVII стагоддзя настаў, бадай што, самы трагічны перыяд у гісторыі Койданава. Яно апынулася ў эпіцэнтры вайны паміж Расіяй і аб’яднанымі сіламі Вялікага княства Літоўскага і Польшчы. На працягу некалькіх гадоў Койданава неаднаразова дашчэнту руйнавалася. І ўсё ж яно выжыла. Людзі вярталіся на родныя месцы і адбыдоўвалі свае дамы. У 1670 годзе ў Койданаве было ўжо 148 двароў.
У 1871 г. пачаўся рух цягнікоў па Маскоўска-Брэсцкай чыгунцы, якая прайшла праз Койданава.
У 1908 г. у Койданаве было адкрыта трохкласнае вучылішча, якое ў 1913 г. было пераўтворана ў вышэйшую пачатковую школу. У гэтай школе ў 1912-1913 гг. вучыўся вядомы беларускі байкапісец і драматург Кандрат Крапіва. На рубяжы XX ст. у Койданаве было 15 прамысловых прадпрыемстваў.
На працягу 1917-1921 гг. у Койданаве шмат разоў мянялася ўлада. Тут давялося пакіраваць і камісарам Часовага ўрада, і бальшавіцкім рэўкомам, і кайзераўскім ваякам, і жаўнерам Пілсудскага. А ў 1920 г. тут некалькі дзён праіснавала нават “Койданаўская Самастойная рэспубліка”.
3 мая 1932 г. мястэчка Койданава было перайменавана ў горад, а сваю сучасную назву горад атрымаў 29 чэрвеня 1932 г.

28 чэрвеня 1941 г. г. Дзяржынск быў акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 21 кастрычніка 1941 г. нацысты стварылі ў горадзе гетта і расстралямі каля двух тысяч яўрэяў. У горадзе пачало дзейнічаць антыфашысцкае падполле.
Але нягледзячы на шматлікія выпрабаванні, якія выпалі на долю Койданава ў мінулым, яго жыхары не дазволілі гораду памерці. Ён жыве, расце і квітнее, а ў апошні час стаў яшчэ прыгагэйшым.
У фондах Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў (БДАКФФД) захоўваецца шмат цікавых фотаздымкаў і кадраў кінахронікі, якія расказваюць пра мінулае нашага горада. Вялікую каштоўнасць маюць дарэвалюцыйныя фота з відамі Рэфарматарскага касцёла (Кальвінскага збора) і царквы ў Койданаве. Не меньшую цікавасць выклікаюць здымкі 1920-х-1930-х гадоў, на якіх можна ўбачыць членаў койданаўскай пажарнай дружыны, удзельнікаў пасяджэння польскага нацянальнага сельсавета, від разбуранага і спаленага белапалякамі мястэчка Койданава, віды Койданаўскага Народнага дома і чыгуначнай станцыі Койданава ў 1935-1938 гг.

Вельмі цікавыя здымкі адлюстроўваюць і палітычнае жыццё той эпохі. З іх дапамогай мы становімся сведкамі аповеду вучня 5-га класа Дзяржынскай школы Вані Гулеўскага аб тым, як ён затрымаў дыверсанта (здымак 1938 г.), можам пабываць на сходзе механізатараў Дзяржынскай машынна-трактарнай станцыі (МТС) у сувязі з паведамленнем пракуратуры СССР па справе Л.П. Берыі (здымак 1953 г.). На даваенным фотоздымку мы бачым групу дзяцей іспанскіх антыфашыстаў, сярод якіх сын Далорэс Ібаруры Рубэн у гасцях у піянераў г. Дзяржынска.
На фота 1941-1944 гг. зняты савецкія ваеннапалонныя, расстраляныя ў канцлагеры Койданава.

Сярод фотадакументаў шмат цікавых здымкаў, зробленых на прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемствах горада ў розныя гады іх існавання: маторарамонтным, малочным, механічным заводах, заводзе “Аграмаш”, швейнай фабрыцы, аб’яднанні “Сельгастэніка” і інш. Мноства здымкаў з відамі вуліц, плошчаў, будынкаў горада.
Нямала ў архіве і іншых цікавых фотадакументаў: выступленне народнага хору Дзяржынскай раённай бальніцы, падрыхтоўка хірургаў райбальніцы У.С. Гладкага і І.М. Залуцкага да аперацыі, народны ансамбль цымбалістаў Дзаржынскага гарадскога Дома культуры, фота знакамітых людзей горада – І.С. Шмеі, В.А. Падвінскай, І.І. Лысака, А.П. Каржовай і іншых.


Захоўваюцца ў фондах архіва і кінадакументы аб г. Дзяржынску і яго жыхырах. Гэта кінафільмы і кіначасопісы, асобныя сюжэты якіх прысвечаны раённаму радыёвузлу горада, Дзяржынскай МТС, настаўніцы дзяржынскай школы А.П. Каржовай, кавалеру ордэнаў Славы трох ступеняў І.І. Шмеі, чыгуначнай станцыі Койданава, дзіцячаму саду № 6, юнай мастачцы Аксане Празецкай.

Ёсць кінафотадакументы і аб сучасным дні г. Дзяржынска. Некалі і яны стануць мінулым і наш прафесійны абавязак, як архівістаў, зберагчы іх для будучых пакаленняў.


Падрыхтавала вядучы архівіст аддзела дзяржаўнага ўліку і навукова-даведачнага апарату БДАКФФД Алена Канстанцінаўна Паляшчук.